25 красавiка 2024, Чацвер, 2:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі прыдумалі, як атрымліваць больш грошай ад ІП

15
У Беларусі прыдумалі, як атрымліваць больш грошай ад ІП

Што жадаюць змяніць гэтым разам.

Год для беларускіх ІП пачаўся з непрыемных змен. Ім павялічылі стаўкі адзінага падатку ў 2-4 разы, па многіх тыпах дзейнасці забаранілі працаваць паводле спрошчанай сістэмы падаткаабкладання. Але выглядае, што на гэтым дзяржава наважыла не спыняцца. У першым чытанні законапраекта «Аб змяненні законаў у пытаннях дзяржаўнага сацыяльнага страхавання» дэпутаты адобрылі змяненні, якія ў тым ліку датычацца скасавання льгот у адлічэннях у ФСАН. «Наша Ніва» разбіралася, хто і колькі будзе плаціць.

Каго закране скасаванне льгот?

Цяпер у Беларусі існуе пэўная катэгорыя ІП, якая карыстаецца льготамі ў выплаце ўзносаў у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва.

Да такіх прадпрымальнікаў належаць:

- асобы, якія знаходзяцца ў працоўных, а таксама звязаных з імі дачыненнях - гэта значыць ІП, якія паралельна працуюць на іншай працы (прычым велічыня стаўкі значэння не мае);

- пенсіянеры;

- студэнты сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і ВНУ, якія атрымліваюць адукацыю на дзённай форме навучання;

- атрымальнікі дапамогі ў доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў;

- уласнікі маёмасці (удзельнікі, сябры, заснавальнікі) юрыдычных асоб, якія выконваюць функцыі кіраўнікоў гэтых юрыдычных асоб.

Новая рэдакцыя закона прадугледжвае скасаванне льгот у дачыненні да вышэйпералічаных асоб. Іншымі словамі, калі змены набудуць моц, то адлічэнні ў ФСАН будуць плаціць усе індывідуальныя прадпрымальнікі.

Колькі трэба плаціць?

Памер узносаў у ФСАН складае 35% ад мінімальнага заробку (29% пенсійнага страхаванне, 6% — сацыяльнага). Мінімальная сума за 2021 год склала 1705 рублёў.

На красавік гэтага года мінімальны заробак быў роўны 480,96 рубля - адпаведна, за гэты месяц ІП павінен будзе заплаціць 168,33 рубля. Канчатковая сума за год невядомая, бо мінімальны заробак расце, але нават калі яна застанецца на гэтым узроўні, то за 2022 год кожны ІП павінен будзе аддаць больш за 2000 рублёў у ФСАН.

Выплата ўзносаў вядзецца на працягу года, але не пазней за 1 сакавіка наступнага года.

Зыходзячы з апублікаванай інфармацыі, законапраект не прадугледжвае адмены магчымасці не аплачваць узносы за той перыяд, калі ІП не ажыццяўляла дзейнасць. Такая магчымасць у іх з'явілася толькі ў 2018 годзе. У перыяд з 2014 да 2018 года ІП былі абавязаныя плаціць унёскі незалежна ад таго, ажыццяўляюць яны дзейнасць, ці не.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках