20 красавiка 2024, Субота, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ірына Шушкевіч расказала пра апошнія дні мужа і абставіны развітання

16
Ірына Шушкевіч расказала пра апошнія дні мужа і абставіны развітання
СТАНІСЛАЎ ШУШКЕВІЧ
ФОТА: CHARTER97.ORG

21 траўня ў Чырвоным касцёле пройдзе памінальная імша па першаму кіраўніку незалежнай Беларусі.

Праз два тыдні пасля смерці Станіслава Шушкевіча «Радыё Свабода» папрасіла ягоную жонку Ірыну прыгадаць апошнія дні першага кіраўніка незалежнай Беларусі і абставіны, звязаныя з ягоным пахаваннем.

Апошнія два гады, з пачатку каранавіруса, Станіслаў Шушкевіч правёў у самаізаляцыі ў кватэры і пакідаў яе толькі з медыцынскіх патрэбаў.

У адным з апошніх інтэрв'ю ён казаў, што праходзіць штодзень тры тысячы крокаў па кватэры, а раней хадзіў па дзесяць тысяч. Распыталі Ірыну Шушкевіч, ці не было тут памылкі - магчыма, мелася на ўвазе вуліца, а не кватэра.

«Так, ён хадзіў па кватэры, - пацвердзіла Ірына. - Ён вылічыў, колькі крокаў было ад аднаго гаўбца, у вялікім пакоі, да другога, у кабінеце. І вось ён выходзіў ад балкона да балкона. Ён любіў, каб быў вынік. Яму сказалі медыкі, што трэба тры кіламетры праходзіць, для сэрца. І вось ён хадзіў. Потым праблемы з'явіліся з нагамі… На жаль, атрымлівалася так, што калі ён клаўся — галава менш балела, і з нагамі было лепей, ён не адчуваў болю. А для сэрца, наадварот, трэба было хадзіць. І ён хадзіў. У гэтым плане ў яго была жалезная воля. Я прасіла жыць, не пакідаць мяне адну. Дзеля гэтага трэба было рухацца, і ён рухаўся. Ён малайчына быў».

Нягледзячы на стан здароўя, Шушкевіч сачыў за палітычнымі навінамі, шмат чытаў.

«Пасля таго, як яму зрабілі аперацыю па выдаленні катаракты, ён бачыў увогуле цудоўна, ну так, як малады. Таму ён стаў больш чытаць на кампутары, там можна было зрабіць шрыфт усякай велічыні».

Са слоў жонкі, апошнім часам Шушкевіч успамінаў вершы — Блока, Лермантава, Някрасава. «Быкава чытаў, але вось не магу ўспомніць, што канкрэтна, бо чытаў на кампутары, а не ў папяровым варыянце» (Ірына ўдакладніла, што маецца на ўвазе Васіль Быкаў, хаця, з яе слоў, Шушкевіч любіў і расейскага пісьменніка Дзмітрыя Быкава).

«Ён яшчэ спрабаваў сваю кніжку «Маё жыццё: катастрофа і ўваскрашэнне СССР» крыху рэдагаваць. Спачатку казаў, што можа варта нешта памяняць, але потым - «не, усё нармальна», і кінуў гэтую справу».

Як кажа Ірына Шушкевіч, у апошнія дні муж спрабаваў пісаць: «Ён перажываў, што стаў горш пісаць, ён нават прасіў мяне дапамагчы, я падкладала дошчачку, але ў яго ўжо атрымлівалася толькі друкаванымі літарамі, яму гэта не спадабалася».

«Я акрыяла духам, думала, усё будзе добра»

Нягледзячы на самаізаляцыю, Станіслаў Шушкевіч перахварэў на каранавірусы, што і паўплывала на пагаршэнне здароўя.

«Гэта былі наступствы ковіда, - кажа Ірына Шушкевіч. - У яго было шмат хранічных хвароб, яны ўсе абвастрыліся. Ён двойчы быў у рэанімацыі. Потым, пасля другой рэанімацыі, мне падалося, што яму стала лепш. Перад другой рэанімацыяй я яго паіла какавай дзіцячай, потым ёсць такая для спартоўцаў бялковая экспанента. Я разумела, што ён сыходзіць, тады яго забралі ў рэанімацыю. Пасля рэанімацыі ён стаў есці і цвёрдую ежу. Я дамовілася з рэаніматолагам, ён прыходзіў, сказаў, што ў яго мышцы нядрэнныя, яны памятаюць рухі і яго можна паставіць на ногі».

Ірына Шушкевіч набыла спецыяльны медыцынскі ложак і паставіла яго ў вялікім пакоі:

«Ён гэты ложак чамусьці называў «тэхнічным». - Я казала, што гэта не тэхнічны, гэта медыцынскі. А ён хацеў на звычайным. Але на звычайным немагчыма было б даглядаць. Раней ён ляжаў на звычайным, і было вельмі цяжка даглядаць. Таму набылі такі ложак, у цэнтры вялікага пакоя паставілі. Яму здалося, што ён яшчэ не дома, і што яму трэба дадому. Але потым ён убачыў, што дома. Думаю, проста яму было дрэнна, а дома ж заўсёды лепей. Яму хацелася, каб было лепш. Я яму кажу: «Паглядзі, ты ж дома»! - «А, ну так, дома»!

З хоспіса паабяцалі прыходзіць тры разы на тыдзень, каб рабіць неабходныя для ляжачых хворых працэдуры, аднак Ірына Шушкевіч, з яе слоў, і сама магла іх рабіць, бо раней даглядала ляжачую маці.

«Я акрыяла духам і думала, што ўсё будзе добра, - кажа Ірына. - Але 3-га траўня ён паснедаў і адмовіўся ад ежы. Потым у яго балеў жывот, я выклікала «хуткую», яны прыехалі і зрабілі ўкол но-шпы. Мне нешта не спадабалася, я патэлефанавала, мне патлумачылі, як паднімаць ціск. Я спрабавала, але бачыла, што ціск усё больш падае, ён задыхаецца. Я зноў выклікала «хуткую». Гэтая «хуткая» прыехала ўжо з кіслародам, з нейкімі яшчэ чамаданамі. Яны сказалі, што наўрад ці будзе добры вынік».

На маё пытанне, ці быў Станіслаў Шушкевіч у апошнія гадзіны жыцця ў прытомнасці, Ірына адказала, што пакуль яна была ў пакоі - так. «Але потым мяне папрасілі выйсці для гэтых рэанімацыйных мерапрыемстваў».

Працэдуры доўжыліся блізу гадзіны, а 23.35 лекары канстатавалі смерць.

Чаму доўга не абвяшчалі аб месцы пахавання

Ірына Шушкевіч кажа, што тэма апошняга развітання і пахавання ў сям'і абмяркоўвалася.

«Мы з ім размаўлялі пра гэта. Калі прасіў, калі будуць хаваць на Усходніх, там ёсць алея навукоўцаў (ён быў чальцом-карэспандэнтам Акадэміі навук)».

Можна меркаваць, што Шушкевіч разлічваў на вечны спакой там, дзе і павінен быў ляжаць па ягоных заслугах перад Беларуссю. Месца на Усходніх могілках, дзе хаваюць акадэмікаў - гэта так званая «ганаровая алея», а рэальна – тая пляцоўка па левы бок ад цэнтральнага ўваходу, дзе не толькі выдатныя навукоўцы, але і дзеячы літаратуры, мастацтва - Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Стэфанія Станюта, Уладзімір Мулявін. Раней тут хавалі таксама высокапастаўленых камуністычных кіраўнікоў, цяпер - набліжаных да Лукашэнкі чыноўнікаў ці нават іх жонак. Тут пахаваны Мікалай Дземянцей і Вячаслаў Кебіч.

Безумоўна, менавіта тут мусіла быць і месца вечнага спачыну першага кіраўніка незалежнай Беларусі. Ва ўсякім разе, улада, калі яна хаця б у мінімальнай ступені паважае краіну, якой кіруе, абавязаная была прапанаваць сям'і Шушкевіча гэтае месца.

Адміністрацыя Усходніх могілак адказала, што выканае ўсякі загад, які прыме вышэйшае начальства. Фармальна, дазвол на пахаванне на Усходніх могілках дае кіраўнік Менгарвыканкама, але было зразумела, што ў гэтым выпадку вызначаць будзе Лукашэнка.

«Звязваліся і з адміністрацыяй прэзідэнта, і з Менгарвыканкамам, – успамінае Ірына Шушкевіч. - Усе чакалі пастановы (гэтым і тлумачылася, што некалькі дзён месца пахавання не абвяшчалася), але месца на Усходніх могілках нам не далі. Так атрымалася, што ў канцы мінулага года памерла мая родная сястра, там было месца побач, там яго і пахавалі. Але выявілася, што гэта не вельмі далёка ад яго сястры, блізка да яго маці, непадалёк ад маіх бацькоў».

«Любіў ён больш за ўсіх беларусаў»

Ірына Шушкевіч кажа, што адразу пасля смерці Станіслава Шушкевіча дактары з «лечкамісіі» самі выклікалі міліцыю, былі зробленыя неабходныя фармальныя працэдуры. Раніцай Ірына Шушкевіч паехала ў лечкамісію па даведку аб смерці. Крыху пазней ёй патэлефанавалі з лечкамісіі і сказалі, што могуць даць памінальную залу. Але без транспарту: «Вы павінны самі прывесці цела і адвезці».

«Паколькі мы абмяркоўвалі гэта, ён казаў, што ў Акадэміі не варта выстаўляць, бо АН пазбавіла яго выплат, - кажа Ірына. - Усе атрымлівалі, а ён - не.

Ад дзяржавы чакаць нічога не даводзілася, мы з ім вызначылі, што будзе памінальная зала на Альшэўскага, іх там дзве, адна меншая, другая большая. Мы вызначылі, што большая. І я сказала таму, хто патэлефанаваў з лечкамісіі, што мы будзем на Альшэўскага. «А, ну калі ласка».

Аднак потым Ірына Шушкевіч прыгадала, што жонку Аляксандра Казуліна адпявалі ў Чырвоным касцёле: «І мы туды заехалі. Нам адказалі - так, вядома. Але потым паведамілі, што паколькі ў свой час ён перадаў Катэдру вернікам (і між іншым, калі нам здаралася праходзіць каля Катэдры, вернікі часта дзякавалі яму), вызначылі, што будуць у Катэдры адпяваць. Мы нават не толькі не думалі, нават уявіць сабе такога не маглі».

Ірына Шушкевіч бачыць сімвалізм у тым, што адпяванне адбылося ў Катэдры на плошчы Свабоды. Яна выказвае падзяку і каталіцкім святарам, і ўсім, хто прыйшоў развітацца са Станіславам Шушкевічам, усхвалявана ўспамінае выступ Тадэвуша Кандрусевіча:

«Я не думаю, што якое-небудзь дзяржаўнае пахаванне прайшло б лепш, чым тое, што адбылося ў Катэдры. Я вельмі ўдзячная каталіцкай царкве, усім людзям, якіх я ведаю і якіх не ведаю, якія з такой павагай паставіліся да памяці майго мужа. Ён паважаў усе нацыі - расейцаў, украінцаў, малдаван, усіх, але любіў ён больш за ўсіх беларусаў. Гэта не нацыяналізм, а гэта быў патрыятызм».

Са слоў Ірыны Шушкевіч, яна застаецца ў Беларусі.

«Я нікуды не хачу адсюль з'язджаць. І ён нікуды не хацеў адсюль. Ён меркаваў, што мусіць быць у сябе на Радзіме, што б не здарылася з Радзімай. Жадаю сказаць, што ён сапраўды зрабіў усё: ён пабудаваў дом, ён пасадзіў дрэва, у яго дачка і сын. І што самае галоўнае: ён быў вельмі надзейным. Мы з ім цалкам давяралі адзін аднаму. Таму мне вельмі цяжка цяпер. Вельмі ён спяшаўся паўсюль, усё паспяваў зрабіць. На жаль, ён і сышоў занадта хутка. Лепш бы павольней».

На пытанне, ці выказаў ёй нехта з прадстаўнікоў дзяржаўных органаў спачуванне ў сувязі са смерцю мужа, Ірына Шушкевіч адказала адным словам: «Не».

***

21 траўня а 19 гадзіне ў «Чырвоным касцёле» адбудзецца памінальная імша па Станіславу Шушкевічу.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках