19 красавiка 2024, Пятніца, 3:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

А ў адказ – цішыня

6
А ў адказ – цішыня

Саміт АДКБ паказаў, што ў Крамля з хаўруснікаў застаўся толькі Лукашэнка.

Сустрэча лідараў краін АДКБ зафіксавала сур'ёзны правал замежнай палітыкі Расеі. Фактычна, Масква засталася без хаўруснікаў. Дакладней, з адзіным хаўруснікам - Менскам, піша для «Радыё Свабода» палітолаг Валер Карбалевіч.

Амаль тры месяцы ідзе вайна Расеі супраць Украіны. Падзея, якая выклікала міжнародны землятрус. На яе адрэагавалі ў ААН, розных міжнародных арганізацыях (спартовых і інш.). І толькі АДКБ - вайскова-палітычны саюз, створаны РФ, - маўчала. Лукашэнка гарачыўся, маўляў, Украіна першай напала на Беларусь і Расею, таму, паводле статута АДКБ, іншыя сябры арганізацыі мусілі б прыйсці на дапамогу «ахвярам». Ён публічна заклікаў хаўруснікаў сабрацца і сур'ёзна паразмаўляць. І сапраўды, доўгае маўчанне АДКБ рабілася занадта гучным і заўважным.

Магчыма, гэтае маўчанне працягнулася б яшчэ даволі доўга, калі б не падаспеў юбілей стварэння гэтай арганізацыі - 30 гадоў. Тут хочаш не хочаш, а свята абавязвала выканаць патрэбны рытуал, сабрацца, прыняць нейкую заяву.

І раптам выявілася, што сам фармат гэтага мерапрыемства выклікаў рознагалоссі. Як яго назваць? На сайце АДКБ мерапрыемства названае «сустрэчай лідараў дзяржаў-членаў АДКБ, прысвечанай юбілею». А ўрачыстая сустрэча не прадугледжвае нейкага афіцыйнага парадку дня, прыняцця адпаведных пастаноў. На афіцыйным сайце Лукашэнкі мерапрыемства названае «самітам АДКБ». А дакумент, які быў прыняты пасля сустрэчы, названы заявай «Савета калектыўнай бяспекі АДКБ». Такім чынам, пытанне, што гэта было, так і засталося адкрытым.

Вельмі паказальнымі былі выступы лідараў дзяржаў - удзельніц АДКБ. Пуцін распавядаў аб вераломным Захадзе, ЗША, «нацысцкай» Украіне. І асцярожна адзначыў «важнасць самай цеснай каардынацыі паміж удзельнікамі АДКБ у сферы замежнай палітыкі, узгодненых дзеянняў у ААН і на іншых шматбаковых пляцоўках».

А Лукашэнка, услед за Пуціным, мала таго, што імкнуўся пераканаць кіраўнікоў АДКБ, што арганізацыя павінна супрацьстаяць NATO, ператварыцца ў антызахад, дык яшчэ і перайшоў проста да папрокаў на адрас хаўруснікаў:

«Аднак ці можна сёння сцвярджаць, што мы ў нашай арганізацыі разам і ўсе гэтак жа звязаныя сувяззю салідарнасці і падтрымкі? Як паказваюць апошнія падзеі, з нашага пункту гледжання (можа, я памыляюся), здаецца, не... На фоне самага жорсткага, ашалелага санкцыйнага прэсінгу з боку кансалідаванага Захаду пастулаты адзінства і салідарнасці спрацоўваюць далёка не заўсёды. Гэта бачна, на жаль, з галасавання ў міжнародных арганізацыях. З маўклівай згоды нашых партнёраў Беларусь і Расея насуперак усім законам міжнароднага жыцця на капрыз Захаду шальмуюцца і выключаюцца з міжнародных арганізацый».

І што ж адказалі лідары Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана, Арменіі? З пункту гледжання пажаданняў Пуціна і Лукашэнкі - нічога. А у адказ - цішыня. Яны не заўважылі вераломнага NATO, «нацысцкай» Украіны, казалі пра сваё. Аб патэнцыйнай пагрозе з боку Афганістана. Лідар Арменіі Пашынян, як заўсёды, узгадаў свой канфлікт з Азербайджанам. І ў выніковай заяве нічога не гаворыцца нават аб палітычнай падтрымцы Расеі і Беларусі ў супрацьстаянні Украіне і Захаду.

І гэтае маўчанне вельмі красамоўнае. Здаецца, гэта сур'ёзны правал замежнай палітыкі Расеі. Фактычна, яна засталася без хаўруснікаў. Дакладней, з адзіным хаўруснікам.

І пасля вайны Расеі з Грузіяй у 2008 годзе, і пасля захопу Расейскай Федэрацыяй Крыма і Данбаса ў 2014-м пазіцыя АДКБ была хоць і асцярожная, аднак даволі заўважна прарасейская. Цяпер сітуацыя іншая. Члены АДКБ не рушылі ўслед за Беларуссю. І таму ёсць шэраг прычын.

Найперш Пуцін перад нападам на Украіну заявіў, што не прызнае вынікаў распаду СССР, тых межаў, якія былі зафіксаваныя ў 1991 годзе. І абвяшчае сваё гістарычнае, маральнае, а значыць, і палітычнае права на перагляд таго, што ён неаднаразова называў «геапалітычнай катастрофай». Прэзідэнт Расеі мяркуе, што надышоў час аднавіць справядлівасць, вярнуць расейскія землі на гістарычную радзіму. Таму кіраўнікі іншых постсавецкіх дзяржаваў баяцца паўтарыць лёс Украіны.

Акрамя таго, беспрэцэдэнтна рашучыя і жорсткія заходнія санкцыі супраць Расеі мелі два наступствы. З аднаго боку, постсавецкія краіны не жадаюць сварыцца з Захадам, які прадэманстраваў сілу. Нікому не хочацца патрапіць пад санкцыі.

А з іншага боку, санкцыі моцна аслабляюць Расею. Яна не можа быць паўнацэнным апекуном, спонсарам і гарантам бяспекі для краін АДКБ. Яго членам трэба шукаць іншыя варыянты.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках