28 сакавiка 2024, Чацвер, 23:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Літоўскі суд накіраваў Гарбачову пазоў праз штурм тэлевежы ў Вільні ў 1991 годзе

10
Літоўскі суд накіраваў Гарбачову пазоў праз штурм тэлевежы ў Вільні ў 1991 годзе

Адказчык павінен быць праінфармаваны аб справе і падаць свае заўвагі.

На мінулым тыдні Віленскі ўчастковы суд накіраваў у МЗС Расеі дакументы грамадзянскага пазову паводле справы аб падзеях 13 студзеня 1991 года ў дачыненні да былога прэзідэнта СССР Міхаіла Гарбачова.

«Дакументы накіраваныя ў МЗС Расеі ў адпаведнасці з Гаажскай міжнароднай канвенцыяй. Адзін экзэмпляр просяць перадаць Гарбачову», — заявіў у панядзелак BNS прэс-сакратар суда Аўрымас Жукаўскас, піша Delfi. У Віленскі суд пададзены грамадзянскі пазоў ад імя чатырох сваякоў загінулых падчас студзеньскіх падзеяў – Відаса Мацюлявічуса, Альгімантаса-Пятраса Кавалюкаса, Віргініюса Друскіса, Апалінараса-Ёзаса Павілайціса – аб адказнасці Гарбачова за студзеньскія падзеі 1991 года.

Пасля таго, як пазоўнікі выканалі прадпісанне суда аб перакладзе дакументаў на расейскую мову для адказчыка, суд прыняў пазоў і пастанову накіраваць дакументы Гарбачову. Адказчык павінен быць праінфармаваны аб справе і падаць свае заўвагі. Судовае паседжанне яшчэ не прызначанае. Грамадзянскі пазоў быў пададзены ад імя блізкіх шасці загінулых. Мэтай гэтага пазову з'яўляецца прыцягненне Гарбачова да адказнасці за забойствы 13 студзеня як асобы, якая займала вышэйшую пасаду ў СССР. Пазоўнікі сцвярджаюць, што прадставілі суду довады таго, што тагачасны прэзідэнт СССР Гарбачоў, будучы вярхоўным галоўнакамандуючым Узброенымі Сіламі СССР з 11 да 13 студзеня 1991 года камандаваў войскам, але не распачаў захадаў, каб прадухіліць агрэсію, і гэта не спыніла ўчыненне міжнароднага злачынства. Пры спробе захопу савецкімі вайсковымі часткамі і спецпадраздзяленнямі Віленскай тэлевежы і будынка Літоўскага радыё і ТБ у ноч на 13 студзеня 1991 года загінулі 14 чалавек, больш за тысячу бяззбройных людзей пацярпелі. Савецкая ўлада паспрабавала ваеннай сілай зрынуць законную ўладу ў Літве, якая 11 сакавіка 1990 года абвясціла аб незалежнасці ад СССР. Праз злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы ў справе аб падзеях 13 студзеня 1991 года было асуджана 67 былых савецкіх жаўнераў і афіцэраў. Сярод іх і тагачасны міністр абароны Дзмітрый Язаў. Большасць была асуджаная завочна, бо Расея і Беларусь адмовілі Літве ў іх выдачы. Гарбачова беспаспяхова спрабавалі апытаць паводле справы як сведку. Згодна з публічнай інфармацыяй, былы прэзідэнт СССР, 91-гадовы Гарбачоў, пражывае ў доме ў Падмаскоўі.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках