25 красавiка 2024, Чацвер, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апублікаваны спіс самых бедных раёнаў Беларусі

16
Апублікаваны спіс самых бедных раёнаў Беларусі

У якіх кутках краіны людзі жывуць бядней ад усіх і што мы пра іх ведаем?

Наступствы Чарнобыля, адсутнасць паўнавартасных гарадоў і слабая прамысловасць: у якіх кутках краіны людзі жывуць найбядней ад усіх і што мы пра іх ведаем?

Самай беднай вобласцю краіны з'яўляецца Магілёўская. Сярэдні заробак тут, паводле апошніх звестак, складае 1 259 рублёў (сума да выплаты некаторых падаткаў). Менавіта на Магілёўшчыне знаходзіцца большасць пунктаў антырэйтынгу, складзенага сайтам belmarket.by.

Аднак узначальвае спіс самых бедных у заробку раёнаў прадстаўнік іншай вобласці - Віцебскай.

5 раёнаў з самымі нізкімі заробкамі:

Шаркаўшчынскі раён Віцебскай вобласці - сярэдні заробак 916 рублёў.

У Шаркаўшчынскім раёне няма паўнавартаснага горада. Раённы цэнтр тут - гэта гарадскі пасёлак Шаркаўшчына з насельніцтвам 6,2 тысячы чалавек. Размешчаны пасёлак на рацэ Дзясна.

Раён спецыялізуецца на сельскай гаспадарцы, у ім практычна няма прамысловасці. З нямногіх прампрадпрыемстваў можна назваць «Шаркаўшчынскі кансервавы завод», які выпускаесадова-ягадныя віны.

Шаркаўшчынскі раён можа быць знаёмы чытачам тым, што часткова на яго тэрыторыі размешчаны гідралагічны заказнік - балота “Ельня”. Таксама ў вёсцы Германавічы знаходзіцца найпрыгажэйшы касцёл 18 стагоддзя.

Кармянскі раён Гомельскай вобласці - сярэдні заробак 962 рублі.

Тут таксама адміністрацыйным цэнтрам з'яўляецца не горад, а гарадскі пасёлак - Карма. Па раёне працякае рака Сож.

Кармянскі раён пацярпеў праз аварыю на ЧАЭС. У выніку адсялення з заражаных тэрыторый колькасць насельніцтва істотна скарацілася.

Прамысловымі прадпрыемствамі рэгіён таксама небагаты. З заводаў і фабрык варта згадаць філіял №2 фабрыкі "Рэчыцкі тэкстыль", "Кармянскі льнозавод" і паліграфічнае ўнітарнае прадпрыемства "Полікалор", якое друкуе газеты, нататнікі і г.д.

Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці – сярэдні заробак 984 рублі.

Гэты раён знаходзіцца за 13 кіламетраў ад мяжы з Расеяй, яго цэнтрам з'яўляецца некалі слаўны горад Мсціслаў.

Цяпер раён мае сельскагаспадарчую арыентацыю, прамысловасць развітая слаба. У горадзе працуе малочны завод "Мсціслаўскі" ў якасці філіяла ААТ "Бабушкина крынка", а таксама льнозавод "Мсціслаўлён".

Некалі Мсціслаў быў значным сярэднявечным горадам (заснаваны ў 1135 годзе), цэнтрам удзельнага Мсціслаўскага княства, пазней - важным цэнтрам у складзе Смаленскага княства. У горадзе захаваліся касцёлы 17 і 18 стагоддзяў, на Замкавай гары ёсць музей-раскопак, дзе можна ўбачыць фрагмент старажытнага Мсціслаўля.

Чавускі раён Магілёўскай вобласці - сярэдні заробак 995 рублёў

Рэгіён, як і ўсе тут пералічаныя, з’яўляецца аграрным. З прамысловых аб'ектаў у ім размяшчаецца Чавускі завод жалезабетонных вырабаў, прыватны кабельны завод "Пошук-1", а таксама вытворчы ўчастак ААТ "Бабушкина крынка".

Слаўгарадскі раён Магілёўскай вобласці - сярэдні заробак 1002 рублёў.

Адносіцца да раёнаў, якія найбольш пацярпелі ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

У горадзе Слаўгарадзе пражывае 7 900 жыхароў. Прамысловасць развітая слаба. Тут размешчаны вытворчыя цэхі прадпрыемстваў "Чырвоны харчавік" і "Бабушкина крынка".

Першапачаткова горад называўся Прапойск, пераназваны ў 1945 годзе.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках