18 жнiўня 2022, Чацвер, 19:19
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-канцлера Нямеччыны Шродэра пазбавяць офіса і супрацоўнікаў у Бундэстагу

10
Экс-канцлера Нямеччыны Шродэра пазбавяць офіса і супрацоўнікаў у Бундэстагу

Урадавая кааліцыя дамовілася аб захадах у дачыненні да прарасейскага палітыка.

Кіроўная кааліцыя ў бундэстагу дасягнула дамоўленасці ў дачыненні да былога федэральнага канцлера Нямеччыны Герхарда Шродэра (Gerhard Schröder), які зазнае рэзкую крытыку праз блізкасць да расейскага кіраўніцтва. Забеспячэнне былых кіраўнікоў федэральных урадаў «у будучыні больш не будзе выдавацца паводле статусу», а арыентавацца на прадаўжэнне выканання абавязацельстваў, заявілі ў сераду, 18 траўня, чальцы бюджэтнага камітэта бундэстага Дэніс Родэ (Dennis Rohde, СДПГ), Свен-Крысціян Кіндлер (Sven Christian Kinder, «зялёныя») і Ота Фрыке (Otto Fricke, СвДП), паведамляе dw.com.

Яны патлумачылі, што Шродэр больш не выконвае ніякіх абавязкаў у якасці экс-канцлера, тым самым няма падстаў для выдзялення яму супрацоўнікаў і офіса. Таму бюро былога кіраўніка ўраду ў бундэстагу будзе закрытае, але экс-палітык будзе па-ранейшаму атрымліваць пенсію і ахову. Гэтае палажэнне павінна быць афіцыйна прынятае на пасяджэнні бюджэтнага камітэта, а змены ў федэральны бюджэт будуць унесеныя на карэкціровачнай сесіі, якая пачнецца 19 траўня.

Аб дасягнутай дамоўленасці раней паведамілі газета Bild і выданне Der Spiegel. Як адзначае Bild, гэты захад абгрунтоўваецца тым, што Шродэр цяпер не выкарыстоўвае належныя яму шэсць кабінетаў у бундэстагу і не займае сем супрацоўнікаў, прадстаўленых яму ў якасці былога кіраўніка федэральнага ўрада, паказваецца далей.

Пры гэтым, паводле інфармацыі Bild, не плануецца пазбаўленне экс-канцлера пенсіі і аховы супрацоўнікамі Федэральнай службы крымінальнай паліцыі. Der Spiegel са спасылкай на наяўны ў яго распараджэнні праект дакумента адзначае, што супрацоўнікі Шродэра пасля прыняцця пастановы будуць выконваць «іншыя задачы» за межамі офіса экс-канцлера. Як паказвае выданне, дамоўленасць дасягнутая кіроўнай кааліцыяй пасля доўгіх дыскусій.

Шродэра пазбавяць значнай часткі паступленняў з дзяржбюджэту

Тым самым былы палітык, які ўважаецца за галоўнага нямецкага набліжанага прэзідэнта РФ Уладзіміра Пуціна, будзе пазбаўлены значнай часткі належнага яму забеспячэння з бюджэтных сродкаў. У апошні час выдаткі Шродэра на персанал складалі амаль 400 тысяч еўраў на год. Паводле інфармацыі дзелавога выдання Handelsblatt, у 2021 годзе ў бюро Шродэра працавалі пяць супрацоўнікаў, кіраўнік офіса атрымліваў прыкладна 10400 еўра за месяц. У 2017 годзе з бюджэту на заробак супрацоўнікам Шродэра было выплачана амаль 561 тысяча еўраў.

У Нямеччыне Герхарда Шродэра рашуча крытыкуюць за блізкасць да Крамля і дзейнасць у расейскіх дзяржканцэрнах. Крытыка значна ўзмацнілася пасля пачатку вайны ва Украіне. Некалькі тыдняў таму некалькі супрацоўнікаў ягонага офіса звольніліся ў знак пратэсту супраць ягонай пазіцыі ў дачыненні да Расеі. Экс-канцлерам і былым прэзідэнтам ФРГ пажыццёва падаюць персанальнае бюро ў Берліне з некалькімі супрацоўнікамі, а таксама службовы аўтамабіль і кіроўцу. Усе гэтыя выдаткі фінансуюцца з дзяржбюджэту.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».