29 сакавiка 2024, Пятніца, 3:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Нехта звальняецца, нехта з’язджае ў іншую краіну»

17
«Нехта звальняецца, нехта з’язджае ў іншую краіну»

Што адбываецца ў «Штадлер Менск».

Праз санкцыі і адмову працаваць з Беларуссю ў айчынных кампаній, у тым ліку прадстаўніцтва міжнародных карпарацый, пачаліся праблемы. У лютым стала вядома, што «Штадлер Менск» адпраўляе ў прастой бязмала 60 работнікаў, піша сайт zerkalo.io. Цяпер маштабы скарачэння актыўнасці на вытворчасці ў Фаніпалі куды больш сур'ёзныя, паведамляюць работнікі.

Работнікі: Нехта звальняецца, а нехта з'язджае працаваць у іншую краіну

У лютым стала вядома, што «Штадлер Менск» адпраўляе амаль шэсцьдзесят чалавек у прастой да верасня. Так і адбылося, гэтую інфармацыю нам пацвердзілі некалькі супрацоўнікаў кампаніі. Паралельна ў калектыве зніжаецца колькасць работнікаў: частка ў прастоі, нехта звальняецца ці не прадаўжае кантракт, а некаторыя з'язджаюць працаваць у прадстаўніцтвы кампаніі ў іншых краінах.

- Як і было абвешчана галоўным уладальнікам Stadler, у нас скарачаюць штат. Большасць сядзіць на 2/3 акладу. Некаторыя працаўнікі, ацаніўшы сітуацыю, самі не прадаўжаюць кантракт. Частка калектыву едзе за мяжу: адны ў камандзіроўку, а хтосьці ўладкоўвацца на працу там, каб працаваць выдалена, - распавёў работнік Валерый.

Некаторыя супрацоўнікі едуць у філіялы Stadler у іншых краінах. Валерый - адзін з іх. Ён кажа, што ягоная спецыялізацыя дазваляе працаваць выдалена, таму ён пагадзіўся прадоўжыць працаваць у кампаніі, але не ў Беларусі.

- Краіну, куды еду, назваць не магу. Але едуць у розныя падраздзяленні па ўсёй Еўропе. Умовы ва ўсіх таксама розныя - хтосьці задаволены, хтосьці не, - каментуе ён.

На пытанне, чаму мужчына наважыў пакінуць дом і з'ехаць, каб працаваць у гэтай кампаніі за мяжой, а не шукаць новую працу тут, Валерый адказаў коратка, але ёміста: «Яны скралі краіну і выбары. Яны скралі ў мяне працу. Яны не пакідаюць мне і маім дзецям будучыні тут. Хаця спіхнуць усё на санкцыі».

Некалькі чалавек з прадпрыемства, з якімі мы звязаліся, сказалі, што ўжо не працуюць на заводзе. Адзін з іх удакладніў, што сышоў сам - ацаніўшы сітуацыю на прадпрыемстве, не стаў прадаўжаць кантракт.

- Асабіста я не чуў пра прымусовыя звальненні. Як такога скарачэння няма, і я вельмі сумняваюся, што яно будзе. У агульным разуменні - гэта не ў стылістыцы «Штадлера», - сказаў нам яшчэ адзін супрацоўнік кампаніі Віктар.

З ягоных слоў, так як многія працуюць згодна з гадавымі кантрактамі, то, хутчэй за ўсё, гэтыя дамовы проста не падаўжаюцца, плюс «досыць шмат людзей сыходзяць самі». Галоўная прычына - нявызначанасць і праблемы з новымі замовамі. Некаторых ягоных калег, гаворыць, адправілі або плануюць найбліжэйшым часам перавесці ў іншыя падраздзяленні.

- Кіраўніцтва спрабуе максімальна выратаваць сітуацыю. Хто падыходзіць з мінімальнымі патрабаваннямі (веданне мовы, добрая спецыяльнасць), тых перакідваюць на іншыя падраздзяленні «Штадлера» ў Польшчы, Чэхіі, Швайцарыі, ЗША. Ведаю, што тым, хто нядаўна пераязджаў у ЗША, надалі вялікую падтрымку, - распавядае Віктар.

- Частку людзей, хто выявіў такое жаданне, адпраўляюць працаваць у Вугоршчыну праз звальненне і падпісанне кантракту там на 1-3 гады. З таго, што я ведаю, выказалі жаданне прыкладна 25 чалавек. Яны з'едуць у ліпені-жніўні, - распавядае іншы працаўнік Сямён. - Астатнія [у цэху] пакуль працуюць без зменаў мінімум да жніўня. З красавіка паднялі заробак усім работнікам на 10%. На зборачнай вытворчасці ўсё не так добра, праз санкцыі новых кантрактаў не прадбачыцца, таму там ёсць адток людзей. Яны дарабляюць, што засталося, і сыходзяць на 2/3 акладу да заканчэння кантракта. Але, як нам сказалі, у іх ёсць магчымасць ехаць працаваць у Польшчу ці ў Амерыку.

Кіраўніцтва пацвярджае скарачэнні і пераезд часткі працаўнікоў

У кіраўніцтве Stadler у канцы лютага паведамлялі, што да таго моманту былі скарочаныя амаль 300 працоўных месцаў з прыкладна 1500 супрацоўнікаў. Гэта было звязанае з больш нізкай загрузкай, удакладніўшы, што «існая вытворчая магутнасць завода ў Беларусі складае менш за 10% ад агульнай магутнасці групы». Тады ж у кампаніі папярэджвалі, што могуць перанесці вытворчасці з Беларусі ў Еўразвяз. Пераезд часткі супрацоўнікаў у іншыя краіны ўключаны ў кароткатэрміновы план дзеянняў.

«Цяпер у Беларусі апрацоўваецца менш за 2% партфеля заказаў на суму блізу 17,9 млрд швайцарскіх франкаў (амаль 17,8 млрд даляраў)», — гаворыцца ў лютаўскім паведамленні кіраўніцтва кампаніі.

На прадпрыемстве чакаюць, што з 4 чэрвеня пачнуць дзейнічаць санкцыі ў дачыненні да электронных кампанентаў.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках