19 жнiўня 2022, Пятніца, 2:32
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

ЕЗ падаў план поўнай адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў

8
ЕЗ падаў план поўнай адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў

Якія дзеянні ён прадугледжвае.

18 траўня Еўрапейская камісія прыняла план адмовы ад расейскіх энэргарэсурсаў пад назвай REPowerEU. Ён прадугледжвае адмову ад расейскіх энэргарэсурсаў, у тым ліку газу. План сёння прадставіла старшыня Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен, гаворыцца на сайце ЕК, паведамляеliga.net.

«Пуцінская вайна моцна парушыла сусветныя энэргетычныя рынкі. Яна паказвае, з аднаго боку, як мы моцна залежым ад выкапнёвых рэсурсаў, але і якія мы ўразлівыя, калі спадзяёмся на энэргарэсурсы з Расеі. І таму мы павінны як мага хутчэй пазбавіцца ад залежнасці ад расейскіх выкапнёвых энэргарэсурсаў», - сказала яна.

Старшыня ЕК адзначыла, што Еўразвяз ужо пазбаўляецца расейскага вугалю. З яе слоў, летась 40 адсоткаў імпартаванага газу было з Расеі. У красавіку 2022 года гэтая доля склала 26%, таму ЕЗ рухаецца ў правільным кірунку.

План прадугледжвае дыверсіфікацыю крыніц, узмацненне энэргазберажэння і пераход на экалагічна чыстую энэргію. На гэта выдзеляць бязмала 300 млрд еўраў - прыблізна 72 млрд еўраў у выглядзе грантаў і 225 млрд еўраў у выглядзе крэдытаў.

REPowerEU прадугледжвае некалькі кірункаў:

- паскарэнне працэдур выдачы дазволаў на аднаўляльныя крыніцы энэргіі і звязаную з імі інфраструктуру;

- абавязковую ўстаноўку сонечных панэляў на дахах новых камерцыйных і грамадскіх будынкаў - да 2025 года і на дахах новых жылых будынкаў - да 2029 года;

- супольныя закупы энэргарэсурсаў, што забяспечыць імпарт энэргіі без канкурэнцыі паміж дзяржавамі - чальцамі ЕЗ;

- павышэнне мэтавага паказчыка энэргаэфектыўнасці ЕЗ на 2030 год з 9 адсоткаў да 13 адсоткаў;

- павелічэнне мэты па долі аднаўляльных крыніц энэргіі ў ЕЗ з 40% да 45% да 2030 года.

Каб стаць незалежным ад імпарту расейскіх энэргарэсурсаў, Еўразвязу давядзецца ў найбліжэйшыя гады скараціць спажыванне энэргіі на 13%.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».