26 красавiка 2024, Пятніца, 0:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Казахстане ў тры разы выраслі кошты грузаперавозак з Еўразвязу

4
У Казахстане ў тры разы выраслі кошты грузаперавозак з Еўразвязу

Дэпутаты вінавацяць ва ўсім транспартныя кампаніі з Беларусі і Расеі.

Пасля прыняцця ЕЗ пятага пакета санкцый, які закрануў беларускіх і расейскіх грузаперавознікаў, транспартныя фірмы з Беларусі і Расеі перанеслі свой бізнэс у Казахстан і забіраюць у казахстанскіх кампаній бланкі дазволаў на дастаўку грузаў, паведамляе КазТАГ.

Праблему ўзняў на паседжанні казахстанскага парламента дэпутат мажыліса Максат Раманкулаў.

– Сёння ўсе грузы ў Расею, Беларусь і Казахстан мы можам даставіць толькі аўтамашынамі з казахстанскімі нумарамі, у сувязі з гэтым расейскія і беларускія кампаніі рэгіструюцца ў Казахстане, атрымліваюць казахстанскія нумары на велікагрузы, выбіраюць бланкі дазволаў, так званыя «дазволы», і бесперашкодна заязджаюць у Еўропу і выязджаюць адтуль пад сцягам Казахстана. Нястача замежных бланкаў дазволаў выклікала рэзкі скачок коштаў гэтых паслугаў. Калі ў 2021 годзе кошт фрахту аднаго аўтатранспарту для перавозкі грузаў складаў 5-6 тысячаў еўраў, то цяпер кошты выраслі да 10–15 тысячаў еўраў. Усе гэтыя выдаткі ў канчатковым рахунку кладуцца на спажыўца, – адзначыў ён.

Паводле інфармацыі дэпутата, бланкі часта выдаюцца асобным буйным лагістычным кампаніям, у тым ліку расейскім і беларускім, якія маюць рэгістрацыю ў Казахстане, пры гэтым ёсць факты перапродажу бланкаў дазволаў іншым аўтаперавознікам.

– Буйныя расейскія і беларускія аўтаперавознікі, якія перанеслі сваю дзейнасць у Казахстан, ствараюць канкурэнцыю і выціскаюць з рынку нашы прадпрыемствы, тым самым зніжаючы прыбыткі мясцовых кампаній і насельніцтва, паколькі на іх велікагрузах працуюць у асноўным грамадзяне Расеі і Беларусі, – заявіў Раманкулаў.

На ягоную думку, для развязання праблемы неабходна тэрмінова распрацаваць захады рэгулявання ў дачыненні да замежных кампаній, якія працуюць у сферы паслуг на тэрыторыі Казахстана з улікам абароны нацыянальных эканамічных інтарэсаў краіны, на перыяд дзеяння міжнародных санкцый.

Нагадаем, 15 красавіка Беларусь увяла забарону на перамяшчэнне праз мытную мяжу Еўразійскага эканамічнага звязу ў Беларусь аўтамабіляў (і цягачоў), зарэгістраваных у Еўрапейскім звязе. Яна пачала дзейнічаць 16 красавіка.

Да гэтага, з 9 красавіка, Еўразвяз забараніў аўтамабільныя грузаперавозкі, у тым ліку транзітныя, для беларускіх і расейскіх кампаній. Абмежаванні былі прынятыя «ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і датычнасцю Беларусі да расейскай агрэсіі супраць Украіны». Выключэнне зрабілі для перавозкі пошты і грузаў для гуманітарных мэтаў.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках