19 красавiка 2024, Пятніца, 14:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Галоўнае з даклада Пентагона наконт НЛА

50
Галоўнае з даклада Пентагона наконт НЛА

Ёсць новыя відэа.

У аўторак, 17 траўня, амерыканскія вайсковыя службоўцы расказалі пра працу, якую праводзіць Міністэрства абароны ЗША для расследавання выпадкаў выяўлення амерыканскімі вайскоўцамі НЛА, піша «Новое время».

Патэнцыйнае існаванне НЛА бянтэжыла людзей цягам дзесяцігоддзяў, аднак нямногія навукоўцы сур'ёзна вывучалі гэтыя аб'екты. У грамадстве ўжо даўно склалася ўражанне пра гэты кірунак як пра псеўданавуку. Так вывучэнне НЛА заставалася па-за пільнай увагай вельмі доўгі час.

Да нядаўніх часоў.

Летась Пентагон зрабіў першы крок і выпусціў сваю першую справаздачу пра неапазнаныя лётныя аб'екты, якія былі зафіксаваныя на тэрыторыі ЗША ў перыяд з 2004 да 2021 года. Тады чыноўнікі прызналі існаванне НЛА і расказалі пра спробы Мінабароны ЗША вывучыць іх.

Нядаўна Пентагон правёў першае адчыненае слуханне, прысвечанае НЛА, за апошнія 50 гадоў. На ім ваенныя чыноўнікі не толькі расказалі, што менавіта яны робяць для даследавання НЛА, але і паказалі новыя відэа з неапазнанымі лётнымі аб'ектамі. Скот Брэй, намеснік дырэктара выведкі ВМФ, заявіў, што спроба зразумець, чым жа з'яўляюцца гэтыя аб'екты, стала адной з найважнейшых задачаў для амерыканскіх вайскоўцаў і навукоўцаў.

Міністэрства абароны стварыла Групу сінхранізацыі ідэнтыфікацыі і кіравання паветранымі аб'ектамі (AOIMSG), якая займаецца зборам і апрацоўкай справаздачаў пра патэнцыйныя выяўленні НЛА. Андрэ Карсан, які ўзначаліў падкамітэт Палаты прадстаўнікоў у барацьбе з тэрарызмам, контрвыведкай і контрраспаўсюджваннем, дзе і праводзіліся слуханні, расказаў, што пілоты часта баяліся паведамляць пра падобныя інцыдэнты праз стыгматызацыю гэтай тэмы – праз гэта яны маглі стаць аб'ектамі для насмешак з боку калегаў. «НЛА невытлумачальныя, гэта праўда, аднак яны рэальныя. Нам трэба вывучыць іх, каб зменшыць пагрозу, якую яны могуць уяўляць», – расказаў ён.

Цяпер у вайскоўцаў назапасілася больш за 400 паведамленняў пра патэнцыйныя сустрэчы з НЛА. Некаторыя з іх былі памылковымі – да прыкладу, аднойчы на відэа трапіў незразумелы мігатлівы трохкутны аб'ект. Далейшае расследаванне паказала, што гэта былі беспілотнікі, а іх трохкутны выгляд патлумачылі тым, што выява праходзіла праз акуляры начнога бачання, а таксама была запісаная на люстраную камеру.

Аднак таксама Брэй паказаў відэа незразумелага сферычнага аб'екта, які пранёсся над кабінай самалёта на вялізнай хуткасці (настолькі вялізнай, што Брэю давялося некалькі разоў пераматаць і паказаць відэа пакадрава, каб аб'ект можна было ўбачыць). "Я не магу растлумачыць, што ён з сябе ўяўляе", – сказаў ён. На відэа, якое было прымацаванае вышэй, гэты момант можна ўбачыць, пачынаючы з адзнакі 43:18.

Чыноўнік заявіў, што цяпер у Мінабароны недастаткова "высакаякасных звестак і справаздачаў", чаму ім складана ідэнтыфікаваць падобныя аб'екты. Аднак ён спадзяецца, што ў будучыні гэтая сітуацыя зменіцца, і мы здолеем запісаць больш дакладныя відэа і фотадоказы. Тады Пентагон плануе звярнуцца да навукоўцаў, каб тыя дапамаглі зразумець, чым менавіта з'яўляюцца НЛА.

За апошнія некалькі месяцаў Група атрымала нашмат больш паведамленняў пра НЛА, чым звычайна, паколькі вайскоўцы стварылі новыя працэдуры для падобных установаў. Цяпер у пілотаў ВМС і ВПС ЗША ёсць пакрокавая інструкцыя, каб яны маглі аператыўна паведаміць пра падазроны аб'ект.

Рональд Моўлтры, высокапастаўлены супрацоўнік выведкі Пентагона, які курыруе працу групы, заявіў, што галоўная мэта – ліквідаваць стыгматызацыю сярод вайскоўцаў.

Аднак пакуль што большая частка гэтай працы засакрэчаная. Чыноўнікі тлумачаць гэта тым, што НЛА можа быць справай рук іншых дзяржаваў і іх эксперыментальных тэхналогій, а таму цяпер Мінабароны ЗША не гатовае расказваць пра кожны асобны выпадак выяўлення НЛА публічна.

Прадстаўнікі Пентагона асобна адзначылі, што ЗША плануе і далей вывучыць не толькі неапазнаныя лётныя аб'екты, але і любыя іншыя патэнцыйна небяспечныя тэхналогіі накшталт гіпергукавой зброі і, пры неабходнасці, дзяліцца "карыснай інфармацыяй" з Украінай, якая абараняецца ад расейскага ўварвання.

Даклад ваенных чыноўнікаў не праліў святла, чым менавіта з'яўляюцца НЛА – цяпер у нас ёсць толькі некалькі здагадак, якія варта праверыць у найбліжэйшай будучыні. Пасля публічнага слухання адбылося закрытае паседжанне, на якім, верагодна, было прапанавана больш пэўнай інфармацыі.

Усё больш навукоўцаў настойваюць, што амерыканскі ўрад павінен падаць шырэйшы доступ да звестак для навукоўцаў, каб яны маглі праводзіць даследаванні і падаваць іх вынікі шырокай публіцы. Да прыкладу, NASA на сваім сайце адзначае, што цяпер не вядзе ніякіх працаў у вывучэнні НЛА.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках