29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбывалася ў СІЗА з удавой Андрэя Зэльцара?

26
Што адбывалася ў СІЗА з удавой Андрэя Зэльцара?
МАРЫЯ УСПЕНСКАЯ

Аповед сукамерніцы.

Выданне «Наша Ніва» паразмаўляла з жанчынай, якая ўтрымлівалася ў СІЗА на Валадарскага гэтай зімой. Яна сцвярджае, што некалькі тыдняў правяла ў адной камеры з Марыяй Успенскай, удавой айцішніка Андрэя Зэльцара, забітага ва ўласнай кватэры пры перастрэлцы з супрацоўнікамі КДБ 28 верасня 2021 года. Вось яе ўспаміны пра Марыю.

Жанчына (яе асабістыя звесткі вядомыя журналістам) распавядае:

«Калі я патрапіла ў адну камеру з Марыяй, то пачувалася не надта добра, мне было вельмі цяжка псіхалагічна. Маша вельмі мяне падтрымлівала першыя часы. Спачатку яна здалася мне вельмі шчырым чалавекам.

Пра гісторыю з перастрэлкай Маша не гаварыла. Гэта цікавіла ўсіх сукамерніц, але Маша адказвала, што знаходзіцца пад падпіскай, таму не можа нічога расказаць.

Спадзявалася, што пазней, праз нейкі час праўда выйдзе на свет, і ўсе зразумеюць, што ўсё было зусім не так, як гэта паказвалі ў СМІ.

Але яна была вельмі засмучаная. Маша расказвала, што першыя некалькі месяцаў проста зусім не магла ўспрыняць усё тое, што з ёю адбываецца. Калі я была з ёй у камеры, Маша прымала ўжо менш лекаў, спрабавала неяк «жыць у моманце». Але ў яе ўвесь час скакаў настрой, яна часта плакала.

Шкадавала аб тым, што адбылося, што яе жыццё так абярнулася. Пастаянна паўтарала словы: «Як жа ён мог мяне пакінуць?» Як я зразумела, яна казала гэта на адрас Андрэя Зэльцара.

Андрэя яна згадвала добрымі словамі. Казала, што ён быў спартовым мужчынам, які вельмі яе кахаў і заўсёды падтрымліваў. З яе слоў, з Андрэем яны ніколі не сварыліся. Разам гадавалі сына. Маша казала, што Андрэй нават прысутнічаў на родах, трымаў яе за руку ў радзільнай зале.

Таксама Маша часта ўзгадвала сына, вельмі за яго перажывала. Ёй было балюча, што не зможа ўбачыць, як сын расце. Малога забралі бацькі Зэльцара, у Машынай маці не было магчымасці.

Маша казала, што бацькі Андрэя вельмі строга выхоўвалі яго, а зараз гэтак жа строга будуць выхоўваць іх з Машай сына. Як я зразумела, яны не дазвалялі нават адвакату Машы пагаварыць з малым. Праз гэта яна вельмі перажывала.

Распавядала аб сваёй маме: што тая даглядала за сваёй маці, бабуляй Машы. Але за гэты час, што Маша сядзіць у СІЗА, бабуля памерла.

Спатканняў Машы не дазвалялі. Лісты ёй даходзілі вельмі рэдка: два-тры за месяц.

У нашай камеры сядзела прыкладна палова палітычных, палова «звычайных» вязняў. Палітычныя, як маглі, падтрымлівалі Машу, але некаторыя, каго затрымлівалі за наркотыкі ці іншую падобную крыміналку, маглі быць іншых палітычных поглядаў. Такія часам ставіліся да Машы негатыўна, асуджалі яе. Некаторыя былі ў СІЗА вельмі даўно, пра ўсю сітуацыю з Зэльцарам ведалі толькі з дзяржаўнай тэлевізіі, абураліся: як Маша так магла, стаяць там спакойна з каменным тварам, здымаць відэа?

Але на ўсе пытанні пра гэтую гісторыю Маша адказвала: у мяне падпіска, прабачце, калі-небудзь усё пра ўсё даведаюцца.

Марыя ведала, што за каментары аб справе Зэльцара пасадзілі шмат народу. Але цяжка сказаць, што яна адчувала наконт гэтага. Ведаю толькі, што яна вельмі перажывала за сваіх знаёмых, якія прапалі. Здаецца, іх затрымалі - Маша спрабавала іх адшукаць, але нічога не атрымалася».

Судзіць Успенскую пачнуць 31 траўня ў Менскім гарадскім судзе. Ужо вядома, што суд будзе праходзіць у закрытым рэжыме. Марыю будуць судзіць як «асобу, якая ўчыніла грамадска небяспечнае дзеянне, прадугледжанае крымінальным законам, у стане несвядомасці або якая захварэла пасля ўчынення злачынства псіхічным разладам (захворваннем)». Да таго, у снежні 2021-га, стала вядома, што Марыя тры тыдні правяла ў Навінках - яе туды адпраўлялі, каб правесці псіхіятрычную экспэртызу.

«Марыя не зможа прысутнічаць на судзе, там у якасці прадстаўніка будзе прысутнічаць яе маці.

Прынамсі так я зразумела са слоў Машы, калі яна вярнулася пасля сустрэчы з адвакатам, - кажа суразмоўца «Нашай Нівы». - На маю думку, нейкія псіхалагічныя праблемы ў Машы сапраўды былі. Ёй увесь час патрабаваліся размовы, трэба было мець зносіны з кімсьці. Яна заўсёды чытала, вельмі шмат, але ўсё роўна была ў курсе кожнай размовы ў камеры, спрабавала ўлезці ў кожную размову. Ёй патрабавалася сталая ўвага. Яна ўвесь час грызла вусны.

Я ўжо казала, што Маша вельмі падтрымала мяне, калі я толькі патрапіла ў камеру. Але праз пару тыдняў побач з ёю было ўжо вельмі цяжка. Пазней Машу перавялі ў іншую камеру, наколькі я ведаю, там ёй было камфортна, яна знайшла з дзяўчатамі ў той камеры агульную мову.

Пакуль мы былі ў адной камеры, Маша была вельмі настроеная на тое, што яе адправяць на лячэнне, а не ў калонію. Нават узрадавалася гэтаму. Яна казала, што ў Навінках адэкватныя людзі, што ўсё будзе добра: маўляў, калі яе адправяць на лячэнне, дык яна зможа бачыцца з сынам.

Калі шчыра, да асабістай сустрэчы з Машай я ўяўляла яе зусім іншым чалавекам. Але я ўспрымала яе як ахвяру абставін - і цяпер працягваю лічыць гэтак жа. Маша - чалавек, якому патрабуецца псіхалагічная дапамога, але я не лічу, што яна ў чымсьці вінаватая. Як яна магла не падтрымаць мужа? Ды і ў чым яе віна - у тым, што проста здымала відэа?

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках