29 сакавiка 2024, Пятніца, 2:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NYT: Расея - фашысцкая дзяржава

15
NYT: Расея - фашысцкая дзяржава

Час пра гэта сказаць уголас.

Фашызм як ідэя ніколі не быў зрынуты. Гэты культ нерацыянальнасці і гвалту не разбураны як аргумент. Пакуль нацысцкая Германія здавалася моцнай, для еўрапейцаў і іншых народаў фашызм быў панадлівым.

Толькі на палях бітвы Другой сусветнай вайны ён быў зрынуты. І вось ён зноў вярнуўся. На гэты раз краіна, якая вядзе фашысцкую вайну на знішчэнне - гэта Расея. Калі яна пераможа, фашысты ва ўсім свеце будуць рады. Артыкул гісторыка Ельскага ўніверсітэта Цімаці Снайдэра для NYT прыводзіць «Люстэрка тыдня. Украіна».

Ён адзначае, што людзі здзяйсняюць памылку, калі абмяжоўваюць свой страх перад фашызмам выразнымі выявамі Адольфа Гітлера і Халакоста. Фашызм меў італійскае паходжанне, ён быў папулярны ў Румыніі, дзе праваслаўныя хрысціяне марылі аб чыстках. Ён меў прыхільнікаў па ўсёй Еўропе і нават у Амерыцы. Ва ўсіх сваіх варыяцыях ён заўсёды ўвасабляў трыумф волі над разумным сэнсам. Менавіта таму яму немагчыма даць здавальняючае азначэнне. Людзі разлютавана спрачаюцца, што можна назваць фашызмам, а што не. Але сучасная Расея, на думку гісторыка, адпавядае большасці крытэрыяў, якія навукоўцы звычайна выкарыстоўваюць для ідэнтыфікацыі фашызму.

У Расеі існуе культ асобы Уладзіміра Пуціна. У краіне існуе культ мёртвых, сфармаваны на аснове Другой сусветнай вайны. Расея песціць міф пра часы імперскай велічы, якія даўно прайшлі, якія нібыта трэба вярнуць з дапамогай вайны супраць Украіны.

«Гэта не першы выпадак, калі Украіна стала аб'ектам фашысцкай вайны. Заваёва краіны было галоўнай мэтай вайны Гітлера ў 1941 годзе. Гітлер меркаваў, што СССР, які тады панаваў над Украінай, быў габрэйскай дзяржавай. Ён хацеў замяніць савецкае кіраванне сваім уласным і прысвоіць урадлівыя ўкраінскія землі. У СССР павінен быў пачацца голад, а Нямеччына ў гэты час стала б імперыяй. У яго ўяўленнях гэта была лёгкая задача, бо СССР, на ягоную думку, быў штучным утварэннем, а ўкраінцы - каланіяльным народам», - піша Снайдэр.

Гісторык адзначае, што падабенства паміж вайной Гітлера і вайной Пуціна незвычайнае. Крэмль таксама ўважае Украіну «штучнай краінай». І яе прэзідэнт з габрэйскім паходжаннем нібы даводзіць, што яна не сапраўдная. У Крамлі мяркуюць, што калі знішчыць невялікую групу элітаў, народныя масы з задавальненнем прымуць расейскае дамінаванне. Сёння менавіта Расея блакуе паступленне ўкраінскага харчавання на сусветны рынак, пагражаючы голадам глабальнаму поўдню.

Многія цяпер адмаўляюцца разглядаць Расею як фашысцкую дзяржаву, бо сталінскі СССР намагаў на сваёй антыфашысцкай прыродзе. Але гісторык адзначае, што савецкія сцвярджэнні перашкаджалі вызначэнню, што такое фашызм, а таксама збіваюць з панталыку сёння. З дапамогай амерыканскіх, брытанскіх і іншых хаўруснікаў СССР перамог нацысцкую Нямеччыну ў 1945 году. Але яго змаганне супраць фашызму было непаслядоўным.

Да прыходу Гітлера да ўлады ў 1933 годзе СССР ставіўся да фашыстаў як да яшчэ аднаго тыпу капіталістычных ворагаў. Урэшце, камуністычныя партыі ў Еўропе ўважалі за ворагаў усе іншыя партыі. Але такая палітыка дапамагла ўздыму Гітлера. Нягледзячы на тое, што іх было нашмат больш за нацыстаў, нямецкія камуністы і сацыялісты адмаўляліся супрацоўнічаць адзін з адным. Пасля гэтага правалу Сталін змяніў сваю палітыку і запатрабаваў, каб еўрапейскія кампартыі ўтварылі кааліцыі для блакавання фашыстаў. Але доўга гэты падыход не пратрымаўся. У 1939 годзе СССР стаў фактычным хаўруснікам нацысцкай Германіі. І дзве дзяржавы ўварваліся ў Польшчу разам. Нацысцкія прамовы перадрукоўваліся ў савецкай прэсе. Нацысцкія ж афіцэры хвалілі эфектыўнасць савецкіх масавых дэпартацый.

Але ў Расеі сёння не гавораць аб гэтых фактах. Законы аб гістарычнай памяці нават вызначаюць згадкі пра гэта як злачынства. Другая сусветная вайна - гэта элемент пуцінскага гістарычнага міфа аб расейскай невінаватасці і страчанай велічы. Расея быццам бы павінна карыстацца манаполіяй на ахвярнасць і перамогу. Базавы факт, што Сталін развязаў Другую сусветную вайну, стаўшы хаўруснікам Гітлера, уважаецца неймаверным. Аб ім забаронена згадваць.

Сталінская гнуткасць у дачыненні да фашызму - гэта ключ да разумення Расеі сёння. У часы Сталіна спачатку была абыякавасць да фашызму, потым яго сталі ўважаць за дрэнны, а потым – за добры, пакуль Гітлер не здрадзіў Сталіну. Тады ён зноў стаў дрэнным. Але ніхто ніколі не даваў вызначэнне, што такое фашызм. Гэта была «скрынка», у якую можна было пакласці што заўгодна.

Падчас чыстак камуністаў абвяшчалі фашыстамі і ладзілі над імі паказальныя суды. У час Халоднай вайны фашыстамі сталі амерыканцы і брытанцы. Усе размовы пра «антыфашызм» не перашкодзілі Сталіну пераследаваць габрэяў падчас ягоных чыстак. Яго пераемнікі таксама без праблем параўноўвалі Ізраіль з нацысцкай Нямеччынай. Іншымі словамі, савецкі антыфашызм быў толькі палітыкай падзелу на нас і іх. Гэта не адказ на фашызм. Нарэшце, як казаў нацысцкі мысляр Карл Шміт, фашысцкая палітыка пачынаецца з вызначэння ворага. І паколькі савецкі «антыфашызм» менавіта гэта і рабіў, узнік шлях для вяртання фашызму ў Расею.

У Расеі 21 стагоддзя «антыфашызм» ператварыўся ў права расейскага лідара прызначаць нацыянальных ворагаў. Сапраўдным расейскім фашыстам, такім як Аляксандр Дугін і Аляксандр Праханаў, далі доступ да СМІ. Сам жа Пуцін абапіраецца на працы міжваеннага расейскага фашыста Івана Ілліна.

«Для расейскага аўтакрата «фашыст» ці «нацыст» - гэта проста той, хто супрацьстаіць яму ці яго планам знішчыць Украіну. Украінцы «нацысты» проста таму, што яны не жадаюць пагаджацца са сцвярджэннем, што яны расейцы, і супраціўляюцца. Падарожнік у часе з 1930-х гадоў без праблемаў ідэнтыфікаваў бы рэжым Пуціна як фашысцкі», – тлумачыць гісторык.

Сімвал Z, мітынгі, прапаганда, вайна як «акт ачышчальнага гвалту», а таксама масавыя пахаванні ва ўкраінскіх гарадах - усё гэта робіць праўду вельмі відавочнай.

«Вайна супраць Украіны - гэта не толькі вяртанне да традыцыйнага фашысцкага поля бітвы, але і да традыцыйнай фашысцкай рыторыкі і дзейнасці. Астатнія народы існуюць толькі для таго, каб іх каланізавалі. Расея невінаватая праз яе даўнюю гісторыю. Існаванне Украіны - гэта міжнародная змова. Вайна - гэта адказ. Бо Пуцін кажа пра фашыстаў як пра ворагаў, нам цяжка зразумець, што ён і сам можа быць фашыстам. Але ў расейскай вайне супраць Украіны слова «нацысты» азначае «ворагі-недалюдзі», якіх расейцы могуць забіваць», - заўважае Снайдэр.

Мова нянавісці, накіраваная супраць украінцаў, палягчае задачу іх забіваць, што даводзіць Буча, Марыупаль і кожная іншая частка Украіны, якая пабывала пад расейскай акупацыяй. Масавыя магілы - не нейкая выпадковасць вайны. Гэтае чаканае наступства фашысцкай вайны на знішчэнне.

«Калі фашысты называюць іншых людзей «фашыстамі» - гэта фашызм, даведзены да сваёй экстрэмальнай нелагічнасці як культ нездаровага сэнсу. Гэта апошні пункт, у якім мова нянавісці скажае рэчаіснасць, а прапаганда становіцца настойлівым сцвярджэннем. Гэта апагей волі над думкай. Зваць іншых фашыстамі, калі ты сам фашыст, - гэта сутнасць пуцінісцкай практыкі. Амерыканскі філосаф Джэйсан Стэнлі называе гэта «падрыўной прапагандай». Я называю гэта «шызафрэніяй». Украінцы ж прапануюць найбольш элегантную фармулёўку. Яны называюць гэта «рашызмам», - піша Снайдэр.

Сёння свет разумее фашызм лепей, чым у 30-х гадах. Усе добра ведаюць, куды ён вядзе. Трэба пазнаць фашызм, бо так будзе зразумела, з чым мы ўсе маем справу. Але пазнаць - не значыць спыніць яго. Фашызм – гэта не дыскусійная пазіцыя, а культ волі, які прадуцыруе выдумку. Гэтая выдумка аб містычнасці чалавека, які заваёўвае свет з дапамогай гвалту. І прапаганда будзе падтрымліваць яе да канца. Перамагчы фашызм, на думку Снайдэра, магчыма толькі праз дэманстрацыю слабасці яе лідара. Фашысцкага лідара трэба перамагчы. Гэта азначае, што ўсе, хто выступае супраць фашызму, павінны зрабіць усё неабходнае, каб перамагчы яго. Толькі тады ўвесь міф распадзецца.

Як і ў 1930-х гадах, дэмакратыя адступае па ўсім свеце. І фашысты развязваюць войны супраць суседзяў. Калі Расея пераможа ва Украіне, гэта будзе не проста знішчэнне дэмакратыі грубай сілай, хаця гэта ўжо даволі дрэнна. Такі зыход вайны дэмаралізуе ўсе астатнія дэмакратыі. Нават да расейскага ўварвання сябры Расеі: Марын Ле Пэн у Францыі, Віктар Орбан у Вугоршчыне, Такер Карлсан у ЗША - былі ворагамі дэмакратыі. Фашысцкія перамогі на полі бітвы пацвердзяць, што сіла вызначае праўду, што здаровы сэнс для няўдачнікаў, што дэмакратыі мусяць праваліцца.

«Калі б Украіна не супраціўлялася, гэта была б змрочная вясна для дэмакратый па ўсім свеце. Калі Украіна не пераможа, нас чакаюць дзясяцігоддзі цемры», - перасцерагае гісторык.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках