25 красавiка 2024, Чацвер, 10:07
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусам зноў здраджваюць: ЗША хочуць скасаваць санкцыі супраць «Беларуськалія»

71
Беларусам зноў здраджваюць: ЗША хочуць скасаваць санкцыі супраць «Беларуськалія»

Пра гэта паведаміла выданне The Wall Street Journal.

Амерыканскае выданне The Wall Street Journal напісала пра тое, што ЗША гатовыя прыпыніць санкцыі ў дачыненні да беларускага калію ўзамен за згоду Беларусі на транзіт украінскага збожжа ў Клайпеду.

Гэта не здымае патрэбу дэблакады чарнаморскіх партоў, таму што беларускі і польскі чыгуначныя пуці транзіту разам здольны забяспечыць толькі 10 працэнтаў украінскага харчовага экспарту. Без украінскай сельгаспрадукцыі краінам трэцяга свету пагражае голад.

Тэма экспарту ўкраінскага збожжа стала ў чацвер прадметам дыскусіі ў Радзе Бяспекі ААН. У пасяджэнні асабіста ўзялі ўдзел генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш і дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен.

Вайна, блакада Расеяй чарнаморскіх партоў і ракетныя ўдары па ўкраінскай чыгуначнай інфраструктуры заблакавалі пастаўкі на рынкі ўкраінскага збожжа і алею. Гэта не толькі пакінула Кіеў без крыніц даходаў, але і пагражае голадам дзясяткам мільёнам людзей у Азіі і Афрыцы, што патэнцыйна можа прывесці да ланцуга палітычных узрушэнняў і гуманітарных катастроф.

Ва ўкраінскіх збожжасховішчах завісла 20 мільёнаў тон збожжа. Без яго кошты на прадукты харчавання вырастуць. Для насельніцтва краін Захаду гэта не крытычна, але рост коштаў на ежу ў такіх краінах, як Егіпет, Марока, Шры-Ланка, Пакістан і т.д. можа прывесці да крызісу, хвалі якога дакоцяцца далёка.

«Мы працуем над дасягненнем такога пакетнага пагаднення, якое дазволіць экспарт сельгаспрадукцыі Украінай не толькі чыгуначным шляхам, але і праз Чорнае мора, і выведзе расейскія прадукты харчавання і ўгнаенні на сусветныя рынкі без усялякіх абмежаванняў», - паведаміў Гутэрыш у чацвер.

Аднак дыпламаты гавораць, што Расея не ідзе на сутнасны кантакт у пытанні дэблакады Чарнаморскага ўзбярэжжа Украіны.

Вось чаму ўчора Вашынгтон разглядаў пытанне пастаўкі Украіне амерыканскіх супрацькарабельных ракет «Гарпун» і іншых узбраенняў, якія дазволілі б украінцам расчысціць марскія шляхі да Адэсы. Адначасова ўчора стала вядома, што Францыя размесціць у раёне Канстанцы ў Румыніі супрацьпаветраны комплекс «Мамба» радыусам дзеяння амаль 100 км.

Адначасова ўлады ЗША разглядаюць транзіт украінскага зерня праз Беларусь як альтэрнатыву. Улады ЗША прапануюць прыпыніць на паўгода санкцыі супраць беларускага калійнага сектара, калі Менск пагодзіцца на транзіт украінскага збожжа праз сваю тэрыторыю, паведамляе The Wall Street Journal.

Ідэя заключаецца ў перавозцы збожжа з Украіны чыгункай праз Беларусь да порта ў горадзе Клайпеда (Літва).

Заходнія краіны ўнеслі ў санкцыйны спіс кампанію «Беларуськалій» - аднаго з найбуйнейшых вытворцаў калійных угнаенняў у свеце - у 2021 годзе, у адказ на фашызацыю рэжыму ў Беларусі і спробы дэстабілізаваць еўрапейскія краіны засыланнем мігрантаў. Пазней пад абмежаванні патрапіла і «Беларуская калійная кампанія» (БКК). Аднак рэальна санкцыі супраць беларускага калію запрацавалі толькі ў лютым 2022 года, калі Літва спыніла транзіт гэтай сыравіны, што закрыла яе шлях на рынкі. І гэта самыя балючыя санкцыі, якія калісьці ўводзіліся супраць лукашыстаў.

The Wall Street Journal» адзначае, што беларускага шляху, аднак, недастаткова для перавозкі тых вялізных аб'ёмаў збожжа, што экспартуе Украіна, якая ў апошнія гады збірае вялізныя ўраджаі. Уявіце сабе, што Украіна ў 2021 годзе сабрала амаль 107 мільёнаў тон збожжа супраць прыкладна 7 млн. тон, якія сабрала Беларусь.

Па чыгунцы можна будзе перавезці толькі 10% даваенных экспартных аб'ёмаў паставак з Украіны, прыводзіць выданне меркаванне Сары Менкер, кіраўніцы аддзела сельскагаспадарчай аналітыкі кампаніі Gro Intelligence. «Гэтага недастаткова», - сказала яна на пасяджэнні Рады бяспекі, куды яе запрасілі ў якасці экспэрта.

Чыноўнікі ААН таксама ўважаюць, што вяртанне беларускага і расейскага калію на рынак важнае для захавання ўраджайнасці ў розных краінах планеты. Заходнія краіны заяўляюць, што санкцыі супраць Расеі не закранаюць угнаенні, сельгаспрадукцыю і іншыя сферы, якія маюць харчовае і гуманітарнае значэнне.

Скасаванне санкцый на пастаўкі калію дала б злачыннаму рэжыму ў Менску крыніцу валюты, ва ўмовах, калі ў сакавіку і красавіку падзенне ВУП супраць узроўню 2021 года пад уплывам санкцый і страты ўкраінскага рынку склала амаль 5%. Зняцце санкцый нясе для краін Захаду таксама маральнае пытанне. Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не палепшылася, фашызацыя рэжыму працягваецца, і Беларусь выдзеліла сваю тэрыторыю для агрэсіі супраць Украіны. Па-ранейшаму востра стаіць пытанне: а як жа быць з вызваленнем беларускіх палітвязняў?

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках