19 красавiка 2024, Пятніца, 23:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Беларусь у хаўрусе з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі - гэта наймагутнейшы рэгіянальны блок»

50
«Беларусь у хаўрусе з Украінай, Польшчай і краінамі Балтыі - гэта наймагутнейшы рэгіянальны блок»

Перамога УСУ будзе азначаць і перамогу беларускіх дэмакратычных сіл.

Экспэрт у пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі бяспекі фонду «Майдан замежных спраў», экс-дарадца пасольства Украіны ў Канадзе і Кеніі Алег Белаколас распавёў сайту Charter97.org пра галоўныя перамогі Кіева на міжнародным дыпламатычным фронце і пра тое, як перамога над Расеяй можа памяняць архітэктуру бяспекі ў Еўропе.

- Украіна ўжо амаль тры месяцы бароніць сваю свабоду і незалежнасць. Як мянялася рэакцыя і дапамога Кіеву за гэты час з боку Захаду?

- Сітуацыя змянялася даслоўна кожны тыдзень, гэта мы ўсё бачылі. Скажам так, перад уварваннем былі пастаўкі ўзбраення, потым яны спыніліся. Пасля пачатку ўварвання была нейкая паўза. Шчыра кажучы, было бачна, што некаторыя краіны не ўпэўненыя ў зыходзе, не ўпэўненыя, што Украіна выстаіць. І толькі калі Украіна выстаяла, пачалі яе ратаваць. Вы памятаеце, спачатку простае ўзбраенне, потым цяжкае ўзбраенне. З кожным днём, з кожным тыднем сітуацыя мянялася.

Сёння складана назваць якую-небудзь краіну ў Еўропе, якая не пастаўляла б Украіне ўзбраенне. Прычым нават тыя краіны, якія традыцыйна, скажам так, больш лаяльна ставіліся да інтарэсаў Расеі. І сёння мы атрымліваем зброю практычна з усіх краінаў Еўропы.

- Якія галоўныя перамогі Украіны на міжнародным фронце вы б назвалі?

- Важнай этапнай падзеяй я б назваў сустрэчу ў Рамштайне, дзе было прынятае такая кансэнсусная пастанова, што Украіну трэба ўзбройваць. Прычым рабіць гэта на стратэгічнай аснове. Гэта значыць пасля таго, як будуць скарыстаны нейкія тыпы ўзбраення яшчэ савецкіх узораў, будзе пераўзбраенне ўжо сістэмнае на аснове ўзбраення натаўскага стандарту, калі будзе доўгатэрміновая праграма.

- Швецыя і Фінляндыя, хутчэй за ўсё, найбліжэйшым часам далучацца да NATO. Як гэта мяняе расклад сіл на кантыненце?

- Па-першае гэта найбольш вялікая параза сённяшняй Расеі. Пра гэта пішуць і гавораць сёння ўсе. Калі Савецкаму Саюзу ўдавалася дабівацца лаяльнасці з боку Фінляндыі і, скажам так, нейтральнага статусу Швецыі, то сёння вайна памяняла ўсё. У Фінляндыі і Швецыі зразумелі, што нейтралітэт не ратуе, убачылі, чым пагражае напад Расейскай Федэрацыі. Таму пайшлі ў Альянс.

А гэта дзве магутныя краіны. У Фінляндыі вельмі матываваныя, прафесійныя, з добрай падрыхтоўкай і абсталяваннем узброеныя сілы. У Швецыі ж вельмі магутная прамысловасць абаронная. І гэта ўсё - уклад у патэнцыял NATO, у тым ліку і геапалітычны. Гэта і Арктыка, падыход да жыццёва важных цэнтраў Расеі, NATO будзе дамінаваць у Балтыйскім моры. Гэта істотна мяняе сітуацыю не толькі на поўначы Еўропы, а ўвогуле па Еўропе ў цэлым.

- Ва Украіны доўгі час не было стратэгічнага падыходу да рэжыму Лукашэнкі, што прывяло да атакі расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. Як Кіеў павінен выбудоўваць дачыненні з Менскам сёння?

- На жаль, была нейкая невыразная, я б так выказаўся, палітыка ў дачыненні да гэтага рэжыму. Рэжым Лукашэнкі пасля вайны ўспрымаецца тут як варожы, які дзейнічае заадно з агрэсарам, і ставіцца да яго трэба адпаведна. У той самы час мы ведаем, што беларусы, якія нязгодныя з рэжымам, яны разумеюць, што перамога Украіны будзе азначаць і перамогу дэмакратычных сілаў Беларусі. Таму ваююць сёння і, на жаль, гінуць на ўкраінскай зямлі, баронячы незалежнасць Украіны і свабоду Беларусі.

- А як цяпер выглядаюць эканамічныя дачыненні Украіны і рэжыму Лукашэнкі?

- Шчыра кажучы, дэталёва не гатовы адказаць на гэтае пытанне. Ведаю, што адбыліся значныя скарачэнні ў плане эканамічнага супрацоўніцтва. Але тут трэба пакапацца ў матэрыяле, паглядзець статыстыку. Але паводле інфармацыі, якую я адсочваў на гэты момант, складана сказаць, што нейкія дачыненні ў эканамічным плане адбываюцца паміж Украінай і Рэспублікай Беларусь.

- У гістарычнай перспектыве, як зменіцца архітэктура бяспекі ў Еўропе і свеце пасля перамогі над РФ?

- Я веру ў перамогу, але не кажу, што яна ў нас ужо ў кішэні і гарантаваная нам. Існуе пэўная тэндэнцыя недаацэнкі магчымасцей агрэсара, у яго яшчэ шмат сіл, ён падступны. Крэмль будзе імкнуцца выкарыстаць любыя магчымасці ў плане паслаблення нейкага міжнароднага санкцыйнага ціску. Так, я веру ў перамогу, як і ўсе мы. Але тут трэба пазбаўляцца ад залішняга аптымізму і рыхтавацца да сур'ёзнага і жорсткага супраціву, супрацьстаяння, якое яшчэ развіваецца. Мы бачым мапы, ёсць як і нашы перамогі, так і тэрыторыі, якія ўтрымліваюцца ворагам. Гэта першае пытанне.

Другое - сёння складана сказаць, якой будзе архітэктура бяспекі. Несумненна, што сусветная супольнасць будзе распластоўвацца на такія, скажам так, звязы, якія будуць бараніць агульныя мэты. Не абавязкова гэта будзе еўрапейская архітэктура. Думаю, што гэта будзе нейкая глабальная архітэктура. Мы сёння бачым хаўрусніцкія дачыненні, напрыклад – Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Японіі, Канады. Гэтая сістэма, хутчэй за ўсё, будзе ўбудаваная ў нейкую глабальную сістэму груповак, якія будуць мець такі сітуатыўны характар і вызначацца абаронай нейкіх агульных асноўных каштоўнасцяў, на якіх заснаванае грамадства. Калі мы гаворым пра ўмоўную дэмакратычную групоўку, скажам так, то гэта могуць быць Злучаныя Штаты, нейкія еўрапейскія краіны, Канада, Аўстралія, Японія, магчыма – Паўднёвая Карэя, магчыма – Тайвань, таксама нейкія краіны Лацінскай Амерыкі.

У той жа час будуць краіны, якія будуць прытрымлівацца іншага пункту гледжання, якія таксама валодаюць рэсурсамі: Расея, Кітай, Іран, магчыма, яшчэ хто-небудзь. Я б не казаў, што гэта будзе выключна еўрапейская сістэма, бо глабалізацыя сёння ідзе і ў розных аспектах праяўляецца. Мы бачым, як сітуацыя ва Украіне істотна ўплывае на сітуацыю ў той жа Афрыцы, прычым непасрэдна. Усё ўзаемазвязана і пакуль гэта можна ўмоўна ўбачыць. Будзем назіраць і ўбачым гэтую сітуацыю ўжо бліжэй да развязкі нашай вайны. Але яшчэ раз хачу падкрэсліць, што, на жаль, развязка пакуль яшчэ не праглядаецца. І гэта трэба дакладна разумець, таму што недаацэнка вядзе да памылак.

- Які патэнцыял развіцця дачыненняў ёсць у нашых краін, калі Беларусь стане свабоднай?

- Гэта проста магутны патэнцыял. Мы ў хаўрусе з Польшчай, краінамі Балтыі і Беларуссю можам проста скласці такі магутны рэгіянальны блок, які па сваіх палітычных, эканамічных і вайсковых магчымасцях будзе мець права на голас нават у глабальным нейкім маштабе. Хацелася б, каб гэта ўсё хутчэй адбылося.

У Еўразіі будзе вельмі шмат праблем. І таму, вядома ж, цесная ўзаемасувязь з суседам вельмі важная. З суседзямі трэба стаяць плячом да пляча і разам сустракаць усялякія выклікі. Чым хутчэй гэта здарыцца, тым лепей будзе для ўсіх, асабліва ў рэгіёне. І я думаю, гэта быў бы адзін з самых квітнеючых рэгіёнаў Еўропы, а, можа, нават і ў свеце, бо нам будуць даступныя цудоўныя прыродныя магчымасці, інтэлектуальны патэнцыял, эканамічная свабода. Я думаю, мы зробім проста цуд.

Напісаць каментар 50

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках