19 красавiка 2024, Пятніца, 13:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Баец батальёна Кастуся Каліноўскага: Лукашэнка не ўсядзіць

8
Баец батальёна Кастуся Каліноўскага: Лукашэнка не ўсядзіць
АНДРЭЙ КОРСАК

Былы аператар АРТ расказаў, як наважыў далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў.

Андрэй «Анджэй» Корсак – адзін са старэйшых байцоў батальёна Каліноўскага. У вялікім інтэрв’ю для «Радыё Свабода» ён распавёў пра працу ў журналістыцы, службе ў савецкім войску, а таксама чым жыццё ў Расеі адрозніваецца ад жыцця ў Польшчы.

«Уваход рубель, выхад - два»

— Андрэй, раскажыце крыху пра сябе.

- Я родам з Наваполацка, працаваў там на рэгіянальных тэлестудыях аператарам. У Наваполацку такіх адразу чатыры; так атрымалася, што я ўмудрыўся папрацаваць на ўсіх. Працаваў, дарэчы, нейкі час з цяперашнім палітвязнем Андрэем Аляксандравым. Потым запрасілі ў Мннск, працаваў на БелаПАН да 2016 года, пакуль агенцтва не сталі прыбіваць паціху. Нейкі час жыў у Расеі, затым з'ехаў у Польшчу.

- Як вам працавалася на БелаПАНе?

- Успамінаецца, як даводзілася ўцякаць ад міліцыі, каб не сцерлі матэрыял. Бывала, што і затрымлівалі. Калі ж атрымлівалася збегчы і прынесці матэрыял, то адчуваў сябе героем! Разгром агенцтва, арышт супрацоўніка - адна з прычын, чаму я цяпер ва Украіне. У БелаПАН працавалі такія моцныя прафесіяналы, такія цудоўныя людзі. Вельмі крыўдна, што цяпер яны сядзяць. З Ірынай Леўшынай мы жылі па суседстве, амаль кожны вечар, калі яна выгульвала сабаку, сустракаліся, яшчэ языкамі малолі аб працы, ды і аб усім на свеце. З Дзімам Наважылавым мы паспелі папрацаваць разам у беларускім прадстаўніцтве расейскага тэлеканала АРТ. Я ведаю ўсіх іх, ведаю, наколькі гэта прыстойныя людзі, і цяпер яны сядзяць у турмах за сваю прыстойнасць.

- Ого, дык вы і на расейскую тэлевізію папрацавалі?

- Калі ведаеце, ёсць такі беларускі прапагандыст Аляксей Міхальчанка, які вёў перадачы на АНТ. Мы добра знаёмыя па Наваполацку, працавалі разам. Ён частка сістэмы, там уваход рубель, а выхад з яе - два. Хаця як пра чалавека нічога дрэннага сказаць не магу. Менавіта Міхальчанка пазнаёміў мяне з Дзімам Наважылавым, якому быў патрэбен аператар на АРТ. Потым ужо Дзіма прапанаваў мяне Алесю Ліпаю. БелаПАН быў найлепшым калектывам, дзе мне даводзілася працаваць. Проста залатыя людзі, мне іх вельмі не стае.

«Міліцыя - бізнэс, войска - бізнэс, царква - бізнэс»

- Чым займаліся ў Расеі, калі з'ехалі туды?

- Працаваў на будоўлі, на мыйцы аўтамабільнай, заліваў бетонныя палі. Я паглядзеў на Расею знутры - гэта ж нейкі жах. Злодзеі там паўсюль, пачынаючы ад мянта, які скануе цябе на вакзале на прадмет наяўнасці грошай, і канчаючы прэзідэнтам. І гэта на ўсіх узроўнях. Міліцыя там - бізнэс, войска - бізнэс, царква - бізнэс. Калі я прыехаў у Польшчу, дык у мяне быў культурны шок, я зразумеў, што ў мяне ёсць правы, што я магу нешта аспрэчыць. Час у Расеі - гэта як у турме адсядзеў.

- А расейцам праўда ўласцівы імперыялізм? Ці гэта тое, што на іх накінуў Пуцін?

- Сапраўды ўласцівы. Калі браць проста чалавека, дык ён чалавек як чалавек. Калі ж браць іх як грамадства, то, вядома, капец. Ты можаш быць валацугам ці алкаголікам, але пры гэтым з прыдыханнем казаць, што належыш да Расеі, да імперыі. Гэта іх так паднімае ва ўласных вачах. Толькі па адным праве, што ён расеец, ён глядзіць на ўсіх пагардліва - на беларусаў, на ўкраінцаў, на таджыкаў. Я працаваў з таджыкамі - гэта такія прыемныя людзі, з чачэнцамі - таксама самае. А гэта і ёсць нацызм, калі ты думаеш, што твая нацыя вышэйшая за ўсіх астатніх.

- Ці сапраўды Пуціна ў Расеі любяць?

- Так. У іх грамадства пабудаванае так, што мяняюцца толькі шыльды: «Расейская імперыя», «СССР», «Расейская Федэрацыя». Не важна як, але ім патрэбен цар, які будзе ўсё развязваць, каб ні пра што не задумвацца. У Беларусі грамадзянская супольнасць была нашмат больш развітая, нашмат больш ініцыятываў. У Расеі ўсяго гэтага было нашмат менш. Яны радуюцца, што перадаюць адказнасць за краіну некаму іншаму. І я не веру, што яны могуць змяніцца.

«Шанец вярнуць краіну народу»

- Чаму вы выехалі ў Польшчу?

- Працу шукаў. Жыў у Варшаве, крыху ў Кракаве. Працаваў там на заводзе, дастаўкай у IKEA займаўся. Атрымаў дазвол на жыхарства. У 2020 годзе не паехаў у Беларусь, хаця мне і хацелася спачатку паўдзельнічаць у пратэстах. Калі ж пратэсты ператварыліся ў «маршы выхаднога дня»: пяць дзён працуем ці што, а на шосты выходзім і паказваем сваю «неймавернасць», то я зразумеў, што ехаць няма сэнсу. Адзінае, чаго я мог дасягнуць - каб мяне пасадзілі. Я думаў аж да вайны, што буду ў Польшчы будаваць сваё новае жыццё. А тут з'явіўся шанц не проста вярнуцца, але вярнуць краіну народу.

- Калі вы апошні раз былі ў Беларусі?

- У лютым 2021 года. У мяне скончылася віза, ездзіў прадаўжаць. Жыў на чужой кватэры, карыстаўся чужой сімкай, нідзе не свяціўся. Прасядзеў так месяц як мыш пад венікам; тады яшчэ ляталі самалёты, выскачыў і перахрысціўся.

«Польшча была, як паездка ў Дыснэйлэнд»

- Чаму ў вас пазыўны «Анджэй»?

- Яшчэ ў 1970-я паехалі з бацькамі да сваякоў у Польшчу. Мне тады было пяць гадоў. Мяне там ўсе звалі «Анджэй», нават бацькі сталі мяне так зваць. Так і засталося са мною на ўсё жыццё. Для мяне ўжо тады Польшча была, як паездка ў Дыснэйлэнд. Яна вельмі моцна адрознівалася ад СССР: усе ходзяць у джынсах, жуйку можна купіць у краме (смяецца).

- Дык вы з часоў савецкага застою, атрымліваецца, па замежжы падарожнічаеце.

- Мой дзед і чатыры ягоныя браты ў часы Другой сусветнай вайны ваявалі ў польскім войску. Яны родам з Глыбоччыны, размаўлялі па-польску. Адзін з братоў загінуў. Мой дзед і яшчэ адзін брат вярнуліся ў Беларусь, а яшчэ двое засталіся ў Польшчы. З таго часу ў нас сваякі там. Яны памятаюць, што іхнія карані з Беларусі, але ўважаюць сябе за палякаў.

«Я меркаваў, што Пуцін разумнейшы»

- Што за дзень для вас быў 24 лютага 2022 года?

- Шчыра кажучы, быў шок. У мяне шмат добрых сяброў сярод украінцаў, яны цяпер таксама ваююць. Пачалі тэлефанаваць адзін аднаму. Мы кожны вечар збіраліся - і ўсе размовы былі аб магчымай вайне. Нават нам ужо тады ўсім было зразумела: калі абвесцяць вайну, то расейскіх жаўнераў тут парвуць на ўкраінскі сцяг. І будзе менавіта так, як мы бачым цяпер. Трэба быць поўным дэбілам, каб пайсці на гэта. Я думаў, што Пуцін крыху разумнейшы чалавек. Высветлілася, што не. Незразумела, як ён можа кіраваць краінай, калі не можа зразумець такіх простых рэчаў.

- Вы адразу захацелі ехаць ва Украіну?

- Так, імгненна пачаў шукаць шляхі. Мне было не важна, ці ехаць валанцёрам, парамедыкам, ці жаўнерам. Можна ўсё правільна разумець, паразмаўляць, але ў момант, калі пачалася вайна, словы ўжо нічога не вызначаюць. Вызначаюць учынкі. Калі пачуў, што ў Варшаве фармуецца батальён Каліноўскага, дык адразу паехаў туды. Дапамагаў там - нешта паднесці, нешта загрузіць. Штодня два тыдні я туды ездзіў, пакуль пытанне разглядалася.

«На вайну ехаў не па рамантыку»

- Колькі вам гадоў?

- Ужо ва Украіне мне споўнілася 53. Але я тут не самы старэйшы, што было адкрыццём.

- Фізічныя нагрузкі вам цяжка даюцца?

- Спачатку было вельмі цяжка, чаго таіць. А цяпер ужо не, нават служба становіцца руцінай. У нас сталая ратацыя: нехта на баявых, нехта тут. Я яшчэ не ездзіў, адзін з найпазнейшых. Мусіць, на наступным тыдні паеду.

- Вы служылі ў Савецкім войску?

— Так, у Закаўказскай вайсковай акрузе. Базаваліся ў Грузіі. Гэта быў час, калі пачаўся ваенны канфлікт у Карабаху, у саміх баях удзелу не бралі, але вазілі туды гуманітарку, дапамагалі бежанцам. Я тады ўжо ўбачыў, што вайна - гэта не рамантыка. Таму і ва Украіну я ехаў не па рамантыку. Адзінае добрае, што ёсць на вайне, - гэта людзі побач.

- Гэта ж і пра батальён Каліноўскага?

- Вядома. Няма тут выпадковых людзей. А нават калі і з'яўляюцца, дык хутка знікаюць. Усе вельмі матываваныя, яны гатовыя ахвяраваць сабой за ідэю, за будучыню Беларусі. Лукашэнка аддаў нашу краіну акупантам. Украінцы не забудуцца, што Кіеў абстрэльвалі з Беларусі, яму гэтага не спусцяць. А мы не даруем яму 2020 года, Захаранку ды іншых.

«Смерць «Волата» цяжка было перажыць»

- З кімсьці з загінулых беларусаў былі знаёмыя?

- Толькі з «Волатам». Некалькі разоў размаўлялі. Ён мне дапамагаў. Жадаў зрабіць яму падарунак, а ён не ўзяў. Ягоную смерць цяжка было перажыць. Ён вельмі цудоўны чалавек, у яго была моцная энэргія, сіла. Ён мог ужо не ваяваць, бо быў цяжка паранены ў 2021 годзе. Такія людзі прызвычаіліся ўсе цяжкасці браць на сябе, у яго вялікая адказнасць за ўсіх была.

- Ці пераможа Украіна ў гэтай вайне?

- Адназначна. Украіна з кожным днём становіцца ўсё мацнейшай, а Расея слабее. Санкцыі таксама падкосяць Расею. Матывацыі ў жаўнераў няма ніякай. Гэта бессэнсоўная вайна, ніхто не разумее мэт. У Беларусі ніхто, відаць, не верыць, што «рыхтаваўся напад з чатырох бакоў». Відаць, «старэйшы брат» упадзе першым, але і Лукашэнка не ўсядзіць.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках