19 красавiка 2024, Пятніца, 10:47
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы назвалі аптымальную працягласць сну ў сярэднім і старэйшым веку

2
Навукоўцы назвалі аптымальную працягласць сну ў сярэднім і старэйшым веку

У даследаванні ўзялі ўдзел 500 тысяч чалавек.

Сон займае амаль траціну чалавечага жыцця, і гэты час праходзіць зусім не марна. У сне мозг праходзіць глыбокую «ачыстку» ад назапашанага смецця, аналізуе і парадкуе свежы досвед і хваляванні дня. Аднак з гадамі засынанне становіцца ўсё больш складаным, а сон - усё больш павярхоўным. Магчыма, гэта ўносіць пэўны ўклад і ў развіццё шмат якіх "старэчых" захворванняў, і ў зніжэнне кагнітыўных функцый.

Таму трэба старацца, нягледзячы на гады: як паказалі навукоўцы з Вялікай Брытаніі ды Кітая, людзям сярэдняга і старэйшага веку неабходна спаць блізу сем гадзін штодзень. Гэтая працягласць забяспечвае найлепшыя паказчыкі стану здароўя і вынікі кагнітыўных тэстаў, пра што гаворыцца ў артыкуле, апублікаваным у часопісе Nature Aging, піша Naked science.

Вэй Чэн (Wei Cheng) і ягоныя калегі выкарыстоўвалі звесткі лангітуднага даследавання жыхароў Вялікай Брытаніі UK Biobank, узяўшы інфармацыю прыкладна аб 500 тысяч удзельнікаў ад 38 да 73 гадоў. Усе яны праходзілі сэрыю тэстаў кагнітыўных здольнасцяў, а таксама запаўнялі дэталёвыя апытальнікі аб стане свайго здароўя і характары сну. Для 40 тысяч удзельнікаў былі нават вынікі генетычнага аналізу і МРТ мозгу.

Прааналізаваўшы гэтую інфармацыю з дапамогай кампутарнага алгарытму, навукоўцы паказалі, што як нястача, так і лішак сну негатыўна адбіваецца на цэлым шэрагу кагнітыўных функцый, у тым ліку такіх як увага, памяць, хуткасць рэакцыі ды гэтак далей. Найлепшыя вынікі ў тэстах прадэманстравалі людзі, якія спяць у сярэднім сем гадзін, прычым у іх жа адзначаецца больш стабільны псіхічны і псіхалагічны стан - параўнальна нізкі ўзровень трывожнасці, дэпрэсіі ды іншае.

Гэтыя высновы пацвердзіліся ў звестках тамаграфіі. Ва ўдзельнікаў, якія спяць істотна менш альбо больш за аптымальны час, назіраліся змены ў структурах, звязаных з памяццю і выкананнем «найвышэйшых» кагнітыўных функцый. Навукоўцы звязваюць гэта з парушэннем якаснай цыклічнасці сну пры яго лішку або дэфіцыце.

Навукоўцы вызначылі самае аптымальнае "часовае акно" для адыходу да сну

Як паказала даследаванне з удзелам больш за 80 тысяч чалавек, пэўны часавы прамежак, у які мы засынаем, звязаны з ніжэйшай рызыкай развіцця сэрцавых захворванняў.

Брак часу "павольнай" фазы, на якой збольшага і адбываюцца патрэбныя працэсы, можа весці да назапашвання "адкідаў", з'яўленню і росту ў нэйронах амілаідных бляшак, якія чыняць на мозг вельмі разбуральнае дзеянне. Зрэшты, рэальныя механізмы, якія ляжаць у грунце знойдзенай карэляцыі, напэўна значна складанейшыя, і высветліць іх - справа будучыні.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках