19 жнiўня 2022, Пятніца, 16:51
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Юры Дзяшук: Беларускасць да Вітольда Ашурка прыйшла на Акрэсціна

1
Юры Дзяшук: Беларускасць да Вітольда Ашурка прыйшла на Акрэсціна

Успаміны пра Героя Беларусі, якого не стала роўна год таму.

21 траўня споўніўся роўна год, як мы дазналіся пра трагічную смерць палітвязня Вітольда Ашурка.

Актывіст з Бярозаўкі пайшоў з жыцця ў шклоўскай калоніі пры нявысветленых абставінах, пра якія грамадскасць можа толькі здагадвацца.

Актывіст Юрый Дзяшук, падзяліўся з «Радыё Рацыя» ўспамінамі пра Вітольда.

– Як вы пазнаёміліся? Бярозаўка не такі малы горад, што ўсе ўсіх ведаюць, але з Вітольдам вы знаёмыя былі даўно?

– Пра Вітольда ўпершыню я пачуў у 2010 годзе, калі адбылася «Плошча». Увечары таго дня «Вясна» пачала рабіць спісы: імя-прозвішча, і адкуль гэты чалавек. Сярод іх быў Вітольд Ашурак, горад Бярозаўка. Я тады яго яшчэ не ведаў, і для мяне было дзіўна і адкрыццём, што бярозаўскі чалавек на плошчы затрыманы і на Акрэсціна. Тады я ўпершыню пра яго пачуў.

А асабіста мы пазнаёміліся потым, калі ён ужо адсядзеў тыя 12 сутак і прыехаў у Бярозаўку. Літаральна праз тыдзень-два я прыйшоў у госці да агульнага знаёмага, і там сядзеў Вітольд. Я кажу – вельмі прыемна, я пра Вас чытаў, што Вы былі затрыманыя, пабітыя, сядзелі на Акрэсціна.

– Якое было першае ўражанне?

– Тады ён здзівіў мяне сваім знешнім выглядам – гэта быў сухі хлопец з татуіроўкамі – аказалася што ён набіваў іх сам сабе, калі трэнаваўся. З даўгімі валасамі, у кедах, такі «нефармал», хаця ва ўзросце. Тады ён быў яшчэ расейскамоўным. Не такім адданым Беларушчыне. Тады ён толькі пачынаў, і найбольш запомніўся знешнім выглядам.

– З таго часу вашыя шляхі перасякаліся ўсё часцей? Як гэтае станаўленне Беларушчыны развівалася ў Вітольдзе?

– Я зараз пачынаю праглядаць свой архіў аўдыязапісаў, і да апошніх гадоў я адзіны яго запісваў на розных мерапрыемствах і імпрэзах, акцыях і пікетах. І знайшоў першы запіс, гэта быў 2011 год, калі былі «маўклівыя акцыі». І тады была акцыя ў Бярозаўцы. Тады нас усіх затрымалі, 20 чалавек, але яго затрымалі асабліва жорстка: яму заламалі рукі, зашчапілі кайданкі, завялі ў машыну, і дзесьці павязлі. А нас проста суправадзілі да пастарунка. Тады ён даваў мне па-расейску першыя каментары, на беларуска-расейскай трасянцы. Ён відаць, што хацеў пачаць гаварыць па-беларуску ўжо тады. Ён казаў, што да яго прыйшла беларускасць менавіта ў камеры на Акрэсціна, калі ён сядзеў з тымі людзьмі, якія былі затрыманыя.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».