Фура з 28 тонамі швэйцарскага шакаладу перакулілася ў Полацкім раёне.
17- 21.05.2022, 13:07
- 7,350

Салодкі груз не пацярпеў.
Паведамленне пра ДТЗ паступіла ў Полацкі РАУС 20 траўня ў раёне 6 раніцы. Па дарозе з Полацка ў Віцебск з'ехаў у кювет і перакуліўся велікагруз. За рулём "Volvo" знаходзіўся 26-гадовы жыхар Магілёўскай вобласці. Ён вёз з Літвы груз швэйцарскага шакаладу агульнай масай 28 тонаў.
Міліцыянтам, які прыбылі на месца здарэння, мужчына расказаў, што прыкладна ў 5:50 раніцы заснуў за рулём. У выніку аварыі кіроўца не атрымаў сур'ёзных цялесных пашкоджанняў, а вось для таго, каб дастаць фуру з канавы, супрацоўнікам Дзяржаўтаінспекцыі давялося выклікаць буксір. Салодкі груз таксама не пацярпеў. Яго перамясцілі ў іншую машыну.
Паводле факту ДТЗ распачатая праверка, якая вызначыць усе абставіны здарэння, паведамляецца на сайце УУС Віцебскага аблвыканкама.