29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Такіх аперацый у гісторыі не было»: сталі вядомыя дэталі авіяпрарыву блакады Марыупаля

9
«Такіх аперацый у гісторыі не было»: сталі вядомыя дэталі авіяпрарыву блакады Марыупаля

Усяго было здзейснена пяць вылетаў.

Спробаў перакінуць дапамогу ўкраінскім абаронцам на «Азоўсталі» ў Марыупалі было больш за пяць. Усе, акрамя двух апошніх, былі паспяховымі.

Пра гэта ў інтэрв'ю для "Украинской правды" расказаў першы камандзір і заснавальнік палка «Азоў» Андрэй Білецкі.

З ягоных слоў, украінскія пілоты на гелікоптэрах дастаўлялі ў заблакаваны расейцамі горад падмацаванне, узбраенне, лекі і іншае неабходнае абаронцам Марыупаля, і забіралі параненых і целы забітых.

Са слоў заснавальніка «Азова», спецаперацыя авіяпрарыву была спланаваная і праводзілася пад эгідай Галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны. Сам Білецкі займаўся арганізацыяй дэсанту. Дзякуючы спецаперацыі ўдалося пераправіць гелікаптэрамі для ўзмацнення абароны горада 72 байцоў «Азова».

Білецкі падкрэсліў, што такога не рабіла яшчэ аніводнае войска ў гісторыі.

«Гэта значыць спачатку ўсё было добра. А пад канец зразумела, што вораг развіваецца, глядзіць, ён разумее, што ў Марыупаль прарываюцца гелікаптэры. У гэтых спробах трэба перш за ўсё вылучыць гераізм і максімальны прафесіяналізм украінскіх лётчыкаў. Ні ў якіх «падзеннях чорнага ястраба» ніколі амерыканцы не дазвалялі сабе ўваходзіць на больш за сотню кіламетраў у глыбока эшаланаваную сістэму СПА пры патруляванні знішчальнікаў ворага ў паветры. Такіх аперацый ніколі ў гісторыі чалавецтва не было», - сказаў ён.

Адным з першых, хто быў дастаўлены гелікаптэрам у Марыупаль, стаў «азовец» «Кельт», ён загінуў на наступны дзень.

«Загінуў так, як і хацеў, дарэчы. Ён многім сябрам гаварыў: «Жадаю дома памерці». І загінуў ён на суседняй вуліцы ад таго дома, дзе нарадзіўся і вырас. Загінуў прама ў сэрцы сваёй малой радзімы», - адзначыў Білецкі.

Дастаўлялі гелікоптэрам ў Марыупаль таксама медыкаў.

«У апошні вылет у гелікоптэры пагадзіліся ляцець лекары. Гэта была медсястра, анестэзіёлаг, два хірургі - усяго 5 прадстаўнікоў медыцынскага персаналу, цывільных. Гэта людзі з Дняпра... Гэта сапраўды для мяне героі», - расказаў Білецкі.

З ягоных слоў, усім было цяжка ляцець, але цяжэй за ўсё першаму і тым, хто ўжо ведаў, што расейцы вылічылі трасу палёту і размясцілі адпаведным чынам сродкі СПА.

«Яны ляцелі, дакладна разумеючы, што верагоднасць (загінуць, - УНИАН) проста вялізная. Але яны ляцелі, таму што разумелі, што там паміраюць нашы», — падкрэсліў Білецкі.

Адносна ж гісторыі камандзіра першага экіпажа гелікоптэра Білецкі сказаў, што яна вартая экранізацыі.

«Магчыма, пасля вайны, ці нават падчас вайны яна будзе экранізаваная. Гэта гісторыя для фільма. Але няхай гэты чалавек сам раскажа. Гэта ўжо павінен расказваць афіцэр, пілот. А яму ёсць што расказваць. Ён жывы - здаровы», - канстатаваў першы камандзір «Азова».

Нагадаем, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што падчас дастаўкі ежы і вады на «Азоўсталь» загінула шмат лётчыкаў. Прэзідэнт назваў іх абсалютнымі героямі, якія ведалі, што даляцець да «Азоўсталі» і прывезці туды лекі, прадукты харчавання, ваду, забраць целы, параненых - амаль немагчыма, але пілоты ўсё роўна згаджаліся ляцець.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках