Экс-кіраўніца МЗС Аўстрыі пакінула раду дырэктараў «Раснафты»
9- 23.05.2022, 15:44
- 4,942

Карын Кнайсль пайшла ўслед за Шрэдэрам.
Былая кіраўніца МЗС Аўстрыі Карын Кнайсль пайшла з пасады чальца рады дырэктараў расейскай кампаніі «Раснафта». Пра гэта гаворыцца ў заяве кампаніі ў панядзелак, піша liga.net.
Паводле паведамлення кампаніі, Кнайсль пайшла ў адстаўку 20 траўня.
У «Раснафце» адзначылі, што разлічваюць на супрацоўніцтва з Кнайсль у будучыні, бо ўважаюць яе за «вядучую прадстаўніцу міжнароднай экспэртнай супольнасці».
Кнайсль увайшла ў раду дырэктараў у чэрвені 2021 года. Яна падтрымлівала цесныя сувязі з дыктатарам Пуціным, будучы кіраўніцай МЗС Аўстрыі ў 2017-2019 гадах.
Зрэшты, Пуцін быў госцем на вяселлі Кнайсль у 2018 годзе, дзе яны танчылі падчас святкавання.
19 траўня Еўрапарламент прыняў рэзалюцыю, выставіўшы былому канцлеру Нямеччыны Шродэру і Кнайсль ультыматум: звальненне з «Раснафты» або санкцыі.
20 траўня Герхард Шрэдэр пагадзіўся сысці з рады дырэктараў «Раснафты».