29 сакавiка 2024, Пятніца, 9:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рыгор Месежнікаў: Лукашэнку будзе складана ўтрымацца

18
Рыгор Месежнікаў: Лукашэнку будзе складана ўтрымацца
РЫГОР МЕСЕЖНІКАЎ

Як рэарганізаваць постсавецкую прастору, каб гарантаваць бяспеку ў Еўропе?

Чаму Захад не змог папярэдзіць агрэсію Крамля супраць Украіны? Ці можна было пазбегнуць выкарыстання тэрыторыі Беларусі ў якасці плацдарму для нападу? Як рэарганізаваць постсавецкую прастору, каб гарантаваць бяспеку ў рэгіёне?

На гэтыя і іншыя пытанні сайта Charter97.org адказаў славацкі палітолаг і прэзідэнт Інстытута грамадскіх праблем (IVO) (Браціслава) Рыгор Месежнікаў.

- Як змянілася Еўропа пасля нападу пуцінскай Расеі на Украіну?

- Узрасло разуменне небяспекі, якую ўяўляе пуцінскі рэжым. Тыя дзеянні, якія ажыццявілі і прадаўжаюць ажыццяўляць краіны Еўразвяза і NATO, акурат гэта пацвярджаюць. Краіны, якія да пачатку гарачай фазы канфлікту сумняваліся ў масіўнай падтрымцы Украіны зброяй ці ўвогуле адмаўляліся гэта рабіць, расцанілі сітуацыю з іх пункту гледжання як небяспечную для выжывання дэмакратыі і стабільнасці ў Еўропе. Яны свой пункт гледжання змянілі і з'яўляюцца цяпер актыўнымі ўдзельнікамі працэсу надання Украіне самай эфектыўнай зброі.

Акрамя гэтага, у палітычным жыцці еўрапейскіх краін адбыліся змены ў тым сэнсе, што тыя, хто ўважаўся за праваднікоў расейскай палітыкі на палітычнай сцэне асобных дзяржаў, у Францыі, Нямеччыне і некаторых іншых краінах, цяпер дэмаскаваныя. Думаю, што гэта мусіць адбіцца на ўзроўні іх грамадскай падтрымкі.

Былыя палітыкі, якія таксама з'яўляліся актыўнымі праваднікамі расейскага ўплыву, непасрэдна супрацоўнічаюць з расейскім рэжымам, атрымліваюць ад гэтага выгаду, цяпер ужо перайшлі ў менш выгаднае становішча. Для Шрээра, Кнайсль, часткі французскіх палітыкаў, сітуацыя ўскладнілася. І нават існуе меркаванне, што гэтыя людзі з прычыны таго, што яны ўчынілі, самі павінны быць падвергнутыя санкцыям з боку Еўразвяза.

Стаўленне да расейскай дзяржавы змянілася ў горшы бок, а падтрымка Украіны стала беспрэцэдэнтнай па сваёй сіле, я б сказаў, гэта такі тэктанічны зрух.

Зноў жа, не хачу сітуацыю спрашчаць, бо ёсць, вядома, сярод еўрапейскіх палітыкаў людзі з больш «мяккімі» поглядамі, якія дагэтуль займаюць адносна ўмераныя пазіцыі ў дачыненні да Расеі. Аднак, агульны кірунак цалкам відавочны. Ужо ў Вялікай Брытаніі ёсць праявы таго, што краіна ў выпадку радыкальнага развіцця сітуацыі можа проста прыйсці на дапамогу Украіне. Не пастаўкамі ўзбраення, а менавіта непасрэдным удзелам у ваенных дзеяннях.

- Чаму Захад праспаў агрэсію Крамля супраць Украіны і яму давялося дзейнічаць па сітуацыі?

- Была вялікая недаацэнка, недастатковае разуменне таго, што гэты рэжым недамоваздольны, што яго канчатковай мэтай з'яўляецца не толькі заваёва Украіны, але і разбурэнне працэсу еўрапейскай інтэграцыі. Зразумела, што там у яго шмат розных задач: і стаўленне Пуціна да Украіны, што яна нібыта не павінна існаваць, потым уся яго канцэпцыя, увесь яго наратыў аб тым, што самай вялікай геапалітычнай катастрофай 20-га стагоддзя быў распад Савецкага Саюза, што Захад - смяротны вораг Расеі.

І вось гэты ультыматум, які быў выстаўлены ў снежні 2021 года, ён, вядома, быў абсурдным, але я думаю, што Захад недастаткова разумеў, з кім мае справу. Што гэта не проста нейкая спроба шантажу, а насамрэч частка стратэгіі пуцінскай Расеі для паслаблення Захаду і разбурэння тых інтэграцыйных сувязяў, якія на Захадзе ўзніклі пасля Другой сусветнай вайны.

Я згодзен, што Захад сітуацыю недаацэньваў. Нібыта праспаў ці не - інфармацыя ад выведвальнай супольнасці ў іх была, але гэта ўжо было непасрэдна перад самім уварваннем. Але да гэтага, вядома ж, палітычны Захад сітуацыю недаацаніў, а тыя санкцыі, якія ўводзіліся цягам апошніх васьмі гадоў (некалькі раундаў такіх персанальных і эканамічных санкцый) яны, вядома, былі недастатковыя. І нават цяпер, пасля пяці раундаў новых санкцый, Расеі ўдаецца ўтрымліваць сябе неяк на плыву. Але цяпер, думаю, што Захад такую памылку ўжо не зробіць.

- Якія санкцыі маглі б дабіць вайсковую машыну Пуціна?

- У першую чаргу - эканамічныя. Гэта эмбарга на нафту і газ, разнастайныя абмежаванні, ізаляцыя. Хацеў бы заўважыць, што калі да гэтага асноўным стратэгічным накірункам у палітыцы Захаду да Расеі была ізаляцыя, можа, не поўная, абмежаваная, але ўсё ж ізаляцыя, то цяпер справа дайшла да выключэння. Расея цяпер, фактычна, перастае разглядацца як дзяржава, якая можа быць чальцом нейкіх арганізацый, праграм, нейкіх праектаў. Расея проста выключаецца.

Яны, дарэчы, цяпер самі ўжо пачалі сябе выключаць, яны цяпер маюць намер ініцыятыўна выйсці з Сусветнай гандлёвай арганізацыі і нейкіх яшчэ міжнародных структур. Думаю, што яны проста зыходзяць з таго, што іх проста выкінуць з гэтых арганізацый. Таму яны хочуць для сваёй унутранай аўдыторыі ўявіць усё так, што яны ініцыятыўна разрываюць сувязі з Захадам, які варожыя і гэтак далей.

Насамрэч, Захад ужо зразумеў, што з гэтай дзяржавай, з гэтым рэжымам цяжка суіснаваць. Гэта, дарэчы, вельмі цяжкае і складанае пытанне, якое давядзецца Захаду развязваць найбліжэйшым часам. Вызначаць, што рабіць пасля таго, як гэтая вайна скончыцца. Пакуль мы самі не ведаем, як усё будзе з заканчэннем гэтай вайны Зразумелая справа, мы ўсе спадзяемся на перамогу Украіны. Але што рабіць з рэжымам Пуціна, які, дапусцім, саступіць? Што рабіць з такім палітычным рэжымам, калі ўстановіцца адносны мір, то бок вайны ўжо не будзе? Гэты рэжым усё яшчэ ўдзельнічае ў рабоце ААН, з'яўляючыся сталым членам Рады Бяспекі.

Гэта сітуацыя, якой у сучаснай гісторыі яшчэ не было. У мінулым такія рэжымы, накшталт нацысцкай Германіі, яны проста перасталі існаваць і дзяржавы такія перасталі існаваць, ужо Трэцяга рэйху не было пасля Другой сусветнай вайны, Нямеччына стала іншай дзяржавай.

Якім чынам свет ставіцца да гэтай дзяржавы, якая, хутчэй за ўсё, будзе існаваць пад той самай назвай і ніякіх зменаў у сутнасці, у характары гэтага рэжыму не адбудзецца?

У прынцыпе - гэта фашысцкая дзяржава, экспансіянісцкая, настроеная на агрэсію, на захоп тэрыторый суседніх дзяржаў, варожая ў дачыненні да іншых дзяржаў, да дэмакратыі, свабоды... Што рабіць з гэтай дзяржавай? Думаю, што гэта вельмі складанае пытанне, якое Захаду давядзецца развязваць.

Мусіць, у Захаду рукі пакуль да гэтага не даходзяць, але думаю, што ёсць сэнс задумацца аб фармаванні новай глабальнай сістэмы міжнародных стасункаў. І калі ААН не атрымаецца з гэтай дзяржавай-парушальнікам правіл штосьці зрабіць, неяк з ёй справіцца, то трэба будзе ствараць нейкую альтэрнатыўную глабальную структуру.

- Як яна магла б выглядаць?

- Як супольнасць, па-першае, дэмакратычных дзяржаў, а па-другое, дзяржаў, можа быць, нават не цалкам дэмакратычных, але якія выконваюць нормы міжнароднага права. Будзе нейкі пераходны перыяд, дзяржавы гэтага тыпу выйдуць з ААН і створаць новую міжнародную арганізацыю, у якую будуць прымацца толькі тыя, якія будуць прытрымлівацца гэтых норм і правіл, каб Расея там не прысутнічала. Ну і, мяркуючы з усяго, яе хаўруснікі не ўступяць - Беларусь за цяперашнім рэжымам Лукашэнкі, Нікарагуа, можа быць, яшчэ нейкіх пару дзяржаў.

Пытанне, вядома, што рабіць з Кітаем. Але гэта для Кітая таксама стане пытаннем для яго ўласнага разважання і прыняцця пастановы — з кім яны, з кім выгадней быць Кітаю: ці з большасцю краін з нармальным стаўленнем да нормаў міжнароднага права, ці быць у адной лодцы з гэтым фашысцкім, дыктатарскім, экспансіянісцкім рэжымам.

Мы жывем у такі час, калі ўсё можа адбыцца. Ужо некалькі месяцаў спецыялісты думаюць, як развязаць сітуацыю з тым жа ядзерным шантажом Расеі. Раней гэта ўспрымалася чыста ў гіпатэтычнай плоскасці, але цяпер гэта ўжо не тое, што цяжка было сабе ўявіць. У параўнанні з гэтым стварэнне новай глабальнай структуры не здаецца такім ужо і немагчымым, а, магчыма, гэта было б нават і найлепшым развязаннем.

Таму што расейскі рэжым сваім правам вета, фактычна, блакуе развязанне важных міжнародных праблем, у тым ліку датычных непасрэдна яго ўласных дзеянняў. Расея сёння - дзяржава-ізгой. Думаю, можна з поўнай падставай сёння

выкарыстоўваць гэты тэрмін. Дзяржава-ізгой, у якой права вета ў Радзе Бяспекі ААН, гэта катастрофа для сусветнага развіцця. Так што з гэтым давядзецца нешта рабіць.

- У дачыненні да Беларусі ў Захаду таксама не было стратэгіі. Ці можна было пазбегнуць нападу расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі?

- Пасля 2020 года Лукашэнка ўзурпаваў уладу. Легітымнасць яго цяпер нулявая, ён трымаецца цяпер на штыках. У гэтай сітуацыі я не думаю, што Захад мог укласці з Лукашэнкам нейкую нефармальную дамову ці нешта кшталту таго, што ён не стане ўдзельнічаць у гэтых расейскіх авантурах. Аднак мала хто чакаў такую расейскую авантуру, што менавіта такім чынам гэта ўсё можа адбыцца.

Думаю, што чаканні, што з беларускай тэрыторыі можа адбыцца напад, былі не самымі распаўсюджанымі, гэта было сюрпрызам вельмі непрыемным. Хаця для тых, хто больш глыбока сачыў за сітуацыяй і падрабязна займаўся гэтымі пытаннямі, было відавочна, што Пуцін будзе намагаць на выкарыстанні тэрыторыі Беларусі для сваёй агрэсіі. Тым больш, што існуе фармальна «саюзная дзяржава Расеі і Беларусі». Я, вядома, гэта ўважаю за псеўда-абгрунтаванне выкарыстання Пуціным тэрыторыі суседняй Беларусі. «Саюзная дзяржава» - гэта хімера, якая не мае ніякай суб'ектнасці на міжнародным узроўні, гэта чыста палітычная пастанова для больш цеснага супрацоўніцтва рэжымаў Расеі і Беларусі. Пуцін гэтым скарыстаўся. У гэтай канкрэтнай сітуацыі ў Захаду, напэўна, не было магчымасці паўплываць на Лукашэнку.

- Чаму ў ЗША і Еўропе зноў раздаюцца галасы аб тым, што з Лукашэнкам трэба весці гандаль, скасаваць санкцыі ў абмен на нейкія саступкі. Напрыклад - калі ён прапусціць украінскае збожжа праз тэрыторыю Беларусі.

- Калі такая прапанова паступіць, то Лукашэнка на гэта пойдзе, ён вядомы гулец і маніпулятар. Наколькі я чуў, гаворка ідзе толькі аб часовым скасаванні гэтых санкцый.

Аднак цяпер прапрацоўваецца план для стварэння бяспечных марскіх калідораў у Чорным моры. Думаю, што Захад тут мацнейшы, чым Расея. Усё, што Расея робіць ва Украіне, - абсалютна нелегальна, супрацьзаконна і знаходзіцца ў супярэчнасці з міжнародным правам. Але тое, што яны робяць у Чорным моры, гэта ўвогуле ні ў якія рамкі не ўкладваецца. Чаму Расея блакуе ўкраінскія парты? Гэта ж не толькі блакада ўкраінскіх партоў, гэта блакада ўсіх іншых дзяржаў, яны проста не могуць зайсці ў гэтыя парты. І тым самым ствараецца крызісны стан, які датычыцца паставак прадуктаў харчавання ў краіны, якія маюць у гэтым патрэбу. Так што трэба пачакаць, я думаю, што Захад ужыве нейкія захады і, можа быць, не ўзнікне неабходнасці змякчаць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі,

Мне ўяўляецца, што Расея не пойдзе на моцную эскалацыю, яе Чарнаморскі флот - гэта проста нейкія дробныя судны ў параўнанні з тым, што там можа з'явіцца цягам пары дзён з боку NATO. Туды проста зойдуць аб'яднаныя вайскова-марскія сілы альянсу, што Чарнаморскі флот у выпадку неакуратных і неасцярожных дзеянняў Расеі можа проста перастаць існаваць. Калі гэтае зерне не будзе пастаўленае, то амаль 600 мільёнаў людзей у свеце будзе галадаць. Зразумела, што гэта будзе азначаць для Еўропы. Будзе вялікая плынь уцекачоў. Тое, што было ў 2015-2016 годзе, здасца проста дробным інцыдэнтам, гэта будуць не мільёны, а дзясяткі мільёнаў бежанцаў, калі не больш.

- Якія шанцы для народа Беларусі можа даць паражэнне Крамля ва Украіне?

- Гэта будзе мець ключавое значэнне, бо цалкам відавочна, што Лукашэнка трымаецца не толькі на сваёй прэтарыянскай гвардыі, але і на расейскіх штыках. І калі ў Расеі акрамя ваеннай паразы адбудуцца нейкія змены рэжыму, то беларусы зноў пакажуць сваю сілу — тое, што было ў жніўні 2020 года.

Паражэнне Расеі ў кожным выпадку будзе мець станоўчае значэнне для ўсіх. Узровень небяспекі, які прадстаўляе гэты рэжым, усё ж знізіцца і Захад пасля гэтага будзе больш уважліва сачыць за тым, што адбываецца.

Нават калі не адбудуцца нейкія кардынальныя змены ў Крамлі, Лукашэнка будзе слабейшым. Але калі там адбудуцца моцныя зрухі, няхай нават яны і не прывядуць да татальнай змены ўлады, нехта з цяперашняга асяроддзя больш умераны прыйдзе да ўлады Масквы, то падтрымка Лукашэнкі з боку Крамля будзе слабейшай. У іх будуць іншыя справы, якімі ім трэба будзе займацца для ўтрымання стабільнасці на тэрыторыі Расеі.

Увага да Лукашэнкі знізіцца і беларускае грамадства можа прадоўжыць тое, што было перапыненае ў 2020 годзе, калі была магчымасць звяржэння гэтага рэжыму.

Беларускае грамадства тады паказала, што яно ў сваёй пераважнай большасці супраць Лукашэнкі. Яму ўдалося, дзякуючы падтрымцы з Крамля гэтую справу перапыніць. Але я думаю, што беларусы не забыліся, што было ў жніўні 2020 году. Гэта сапраўды была народная рэвалюцыя, якая з прычыны абставінаў, якія склаліся, на жаль, не прывяла да падзення рэжыму. Але калі адбудзецца тое, што я апісаў, дык беларусам будзе значна лягчэй. Грамадства будзе мацнейшае, улічваючы досвед 2020 года, канкрэтныя палітычныя напрацоўкі, а рэжыму Лукашэнкі будзе складана ўтрымацца.

— Як можа быць рэарганізаваная постсавецкая прастора, каб гарантаваць бяспеку ў рэгіёне і эканамічнае развіццё краін?

- Адзін са шляхоў - гэта адыход з так званых інтэграцыйных схем з Расеяй. Гэта ніякая не інтэграцыя, гэта проста дамінаванне Крамля. Выкарыстанне сілавых метадаў для насаджэння ў гэтых краінах дружалюбных рэжымаў у стаўленні да Крамля, прыгнечанне свабоды, карупцыя і гэтак далей. Краінам, якія знаходзяцца ў так званых інтэграцыйных аб'яднаннях з Расеяй, трэба з іх выходзіць. Гэта першапачатковая задача. А другая - гэта праводзіць рэформы і супрацоўнічаць з тымі дзяржавамі або арганізацыямі, дзе існуе грамадска-палітычны лад, да якога імкнуцца гэтыя краіны.

Можа быць, гэтае імкненне неаднолькавае паўсюль, але мне здаецца, што для Беларусі цяпер цалкам відавочна, што толькі ў партнёрстве з Захадам і ў наўпроставым падключэнні да працэсу еўрапейскай інтэграцыі, палягае будучыня гэтай краіны. У 2020 годзе гэта гучала, але гучала не так выразна. Тады адбылося адраджэнне беларускай палітычнай нацыі, а пытанне еўраперспектывы менш гучала ў той час. Людзі, якія прадстаўлялі Беларусь на міжнароднай сцэне, казалі пра нейкую роўнааддаленасць, пра жаданне супрацоўнічаць з усімі, у тым ліку з Расеяй, пра шматвектарную замежную палітыку.

Мяркую, што гэта былі ілюзіі. Як можна казаць аб роўнааддаленасці або шматвектарнасці, калі і ёсць краіна-агрэсар, якая вас хоча, груба кажучы, зжэрці, а таксама ёсць супольнасць дэмакратычных дзяржаў, якія хочуць вам дапамагчы, якія хочуць устанавіць з вамі раўнапраўныя стасункі. Цяпер, вядома, гэты праеўрапейскі кірунак у дэмакратычных колах Беларусі абсалютна ясна акрэслены. І ніякіх праблем з гэтым пасля таго, як зменіцца сітуацыя ў Расеі і ў Беларусі, я думаю, ужо не будзе.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках