20 красавiка 2024, Субота, 0:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусы знаходзяць у сваіх гаманцах даляры з дзіўнай пазнакай

12
Беларусы знаходзяць у сваіх гаманцах даляры з дзіўнай пазнакай

Колькі яны каштуюць?

«Прачытаў навіну пра даляры з незвычайнай адзнакай, адкрыў гаманец, паглядзеў на свае даляравыя купюры. І ўбачыў, што адна з іх з зорачкай», – радуецца знаходцы чытач Onlíner Віктар. Нагадаем, нядаўна мы напісалі пра даляры, на якіх замест адной лічбы надрукаваная зорка. Пасля выхаду навіны адразу некалькі чалавек даслалі фатаграфіі сваіх «зорных» купюраў у наш чат-бот.

«Адкуль у мяне гэтыя $50? Нам іх падарылі на хрэсьбіны дачкі. Цяпер я гляджу форумы, каб даведацца, за колькі гэтыя $50 можна прадаць калекцыянерам і каб увогуле зразумець, ці ўяўляе гэтая купюра нейкую каштоўнасць».

Даляравую купюру з зорачкай таксама знайшоў у сябе наш чытач Вадзім – гэта ён так удала памяняў беларускія рублі ў банкаўскім абменніку. Нагадаем, што, калі ў канцы серыйнага нумара ёсць зорачка, гэта азначае: пры друку купюры ўзнікла памылка. Таму замест няправільнай банкноты надрукавалі правільную, дадаўшы ў канцы зорачку. Паводле правілаў перадрукоўваць купюру з тым самым серыйным нумарам без гэтай адзнакі нельга.

Беларусу Пятру трапіліся адразу тры купюры з зорачкай у канцы. І яшчэ многім-многім іншым чытачам – людзі пісалі нам плынню ў чат-боце і пакідалі фота сваіх купюраў у каментарах у сетцы «УКантакце» пад навіной пра дзіўныя даляры. Высветлілася, знайсці купюру з зорачкай – гэта паўсправы. Ёсць яшчэ адзін важны момант.

Эксперт Onlíner у калекцыйных банкнотах і манетах Сяргей кажа, што падобных «зорных» банкнот вельмі шмат і іхняя каштоўнасць залежыць ад тыражу:

– Яны хоць і ўяўляюць каштоўнасць, але не заўсёды з'яўляюцца рэдкімі і не заўсёды каштуюць дорага. У ЗША ёсць спецыяльны сайт, дзе можна паглядзець тыраж гэтых самых банкнотаў замяшчэння – mycurrencycollection.com, раздзел Star note lookup. Там можна праверыць «зорную» банкноту. У гэтым раздзеле трэба выбраць намінал, год выпуску і серыйны нумар банкноты – так убачыце тыраж. Я ўпэўнены, што ў большасці чытачоў наклад будзе паказваць 3,2 мільёны. Гэта значыць, у іх не рэдкая купюра. Калі тыраж большы, чым 3,2 мільёна, такую купюру можна прадаць у 1,5–2 разы даражэй за наміналы пры ўмове, што стан купюры ідэальны або блізкі да ідэальнага, у адваротным выпадку яе будзе цяжка прадаць. Калі тыраж такой купюры меншы за 320 тысячаў, то яе кошт павялічваецца ў 2–4 разы ад наміналу.

Журналісты праверылі праз гэты самы амерыканскі сайт купюру Віктара.

На жаль, сайт паказаў, што банкнота выпушчаная накладам 3,2 мільёна асобнікаў, а значыць, не з'яўляецца рэдкай – як і меркаваў калекцыянер. Той самы вынік – у трох купюрах Пятра. Разгледзець усе неабходныя звесткі з банкноты Вадзіма мы не здолелі, але, спадзяемся, мужчына зробіць гэта сам і яму пашанцуе больш, чым астатнім.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках