19 красавiка 2024, Пятніца, 12:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Байцы палка імя Кастуся Каліноўскага рыхтуюцца выконваць задачы ў Беларусі

20
Байцы палка імя Кастуся Каліноўскага рыхтуюцца выконваць задачы ў Беларусі
ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ

Вайсковае фармаванне будзе вызваляць сваю краіну ад рэжыму Лукашэнкі і Крамля.

Беларускае вайсковае фармаванне ва Украіне - полк Каліноўскага - зусім нядаўна атрымаў свой цяперашні статус, таму актыўна рыхтуе новых байцоў.

ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ

Здымачная група «Белсата» ўпершыню наведала трэніровачны палігон беларускага падраздзялення, дзе зараз рыхтуюць навабранцаў. Байцы палка Каліноўскага расказалі аб сваім шляху, сістэме падрыхтоўкі, а таксама аб заданнях зараз і на будучыню.

З атрыманнем беларускім вайсковым фармаваннем статусу палка пачаўся актыўны працэс укамплектавання штата і набору новых байцоў-беларусаў. Таму заняткі ў трэнінгавым цэнтры не спыняюцца ні на дзень.

«Падраздзяленне пашыраецца, мы абвясцілі полк і, адпаведна, будзем запаўняць штатную структуру. Відавочна, што чым больш беларусаў будуць мець баявы досвед, тым прасцей нам будзе вырашаць пастаўленыя задачы - пакуль ва Украіне, але з часам яны будуць таксама і ў Беларусі», - расказвае адзін з байцоў Вадзім Кабанчук.

Беларускі ваяр з меркаванняў бяспекі не называе цяперашняй колькасці каліноўцаў, але адзначае, што колькасць ідзе на сотні.

Са слоў Вадзіма, падрыхтоўка каліноўцаў нагадвае курс маладога байца ў беларускім войску, аднак адрозніваецца істотна вышэйшым прафесіяналізмам інструктараў. Заняткі складаюцца з тактычнай падрыхтоўкі, вывучэння экстранай медыцынскай дапамогі, навучання страляць і інструктажу для размінавання. І гэта яшчэ не поўны спіс таго, чаму навучаюцца байцы палка Каліноўскага штодзень: «Большая частка з нас ужо выконвае баявыя задачы. Хлопцы, якія зараз на базе, пастаянна рыхтуюцца. Гэта значыць спачатку людзі праходзяць курс маладога байца, потым фармуюцца баявыя роты, якія затым адпраўляюцца на перадавую».

ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ

Цяперашняя задача палка Каліноўскага - абарона Украіны ад Расеі, а таксама поўнае яе вызваленне. Пасля гэтага, як плануюць, вайсковае фармаванне будзе вызваляць ужо сваю краіну ад рэжыму Лукашэнкі і Крамля. Але пакуль увага засяроджаная выключна на Украіне: «Тут ужо нюансы могуць быць большымі за тэхнічны план, якія будуць звязаныя з нашым падпарадкаваннем і размяшчэннем. Але сёння мы займаемся вайсковымі справамі ва Украіне, таму падпарадкоўваемся вайсковаму кіраўніцтву Украіны. Як далей будзе, пакуль цяжка сказаць, для нас гэта тэхнічны момант».

Пры гэтым уступіць у полк Каліноўскага дастаткова проста: дастаткова звязацца з каардынацыйным цэнтрам у Варшаве або напісаць у адпаведны Telegram-бот фармавання. Гэта значыць, кожны паўналетні беларус, які гатовы вызваляць Украіну, можа далучыцца.

ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ

Ужо дзейны баец палка Каліноўскага з пазыўным Леў сцвярджае, што яму пастанова далучыцца да фармавання далася вельмі лёгка: «Пачатак майму вызначэнню паклаў 2020 год, ён зарадзіў вельмі моцную нянавісць да нашых уладаў, да ўсяго таго, што адбываецца, да Крамля і Расеі. І адпаведна, калі ўжо пачалася вайна ва ўсёй Украіне, для мяне гэта ўжо было нешта асабістае, мне стала балюча. І я падумаў як магу дапамагчы ў гэтай сітуацыі».

Акрамя прычын, баец Леў расказаў і пра мэты, якія хочуць дасягнуць байцы палка Каліноўскага: «Як і ў большасці нашых ваяроў, якія сюды прыязджаюць, якія становяцца ў нашы шэрагі, мэта ва ўсіх адна – не адседжвацца недзе. Мы зараз інтэнсіўна трэніруемся толькі з той мэтай, каб максімальна быць гатовымі фізічна, псіхалагічна, маральна да выезду на «перадок». Гэта асноўная мэта ва ўсіх, бо сутнасць не ў жаданні страляць, забіваць, а ў дадатковай фізічнай сіле, дадатковай баявой адзінцы для ўзмацнення маштабу вызвалення, каб выгнаць з тэрыторыі Украіны маскалеў. Я ўпэўнены ў тым, што з перамогай Украіны прыйдзе перамога ў Беларусі».

ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ

Баец з пазыўным Ярамір звяртае ўвагу на маральны бок сваёй пастановы ўступіць у полк: «Я разважыў, што заставацца ў бяспецы ў Польшчы, калі тут гінуць дзеці, у маральным плане было проста немагчыма. Пасля эвакуацыі з Беларусі ў 2020 годзе я жыў тры месяцы тут, усё сваё свядомае жыццё я камунікую з украінцамі, вельмі добра да іх стаўлюся. Таму я не знайшоў для сябе магчымым заставацца ў бяспецы ў той час, калі тут гінуць людзі».

Полк Каліноўскага - самае вялікае і знакамітае беларускае падраздзяленне ўкраінскіх войскаў, якое бярэ ўдзел у вайне ва Украіне. Першапачаткова ён быў створаны як батальён імя Кастуся Каліноўскага, які праз рост асабовага складу ў траўні 2022 года атрымаў статус палка. Асновай падраздзялення сталі беларусы, якія яшчэ з 2014 года абаранялі Украіну ў вайне з Рас5яй. У яго шэрагах – шмат вядомых актывістаў: заснавальнік руху «Зубр», спартова-патрыятычнай арганізацыі «Край» і «Маладога фронту», сябра БХД Вадзім Кабанчук, дзейны кіраўнік «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч, стваральнік паблікаў «Мая краіна – Беларусь» і «Вусы Лукашэнкі» Сяргей Бяспалаў ды іншыя.

ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ

Байцы палка прымалі актыўны ўдзел у баях каля Кіева, а таксама ў вызваленні тэрыторыі вобласці ад расейцаў.

З моманту стварэння фармавання загінулі шасцёра байцоў: Ілля Хрэнаў (пазыўны Літвін), Аляксей Скобля (пазыўны Тур), Дзмітрый Апанасавіч (пазыўны Тэрор), Дзмітрый Рубашэўскі (пазыўны Ганс), Канстанцін Дзюбайла (пазыўны Фенікс) і Павел (пазыўны Волат).

ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ
ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ
ФОТА: АЛЕСЬ УСТЫНАЎ/БЕЛСАТ
Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках