29 сакавiка 2024, Пятніца, 12:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ні выпіць, ні закусіць»

14
«Ні выпіць, ні закусіць»

Як грамадзяне РФ перажываюць імпартазамяшчэнне.

У Расеі нарастае дэфіцыт праз санкцыі, уведзеныя шэрагам краін у адказ на ваенныя дзеянні РФ супраць Украіны. Услед за цукрам з паліц знікае соль і ёсць перабоі з макаронай. У аптэках зніклі імпартныя лекі, а іх айчынныя аналагі выраслі ў кошце. А неўзабаве і зусім нельга будзе выпіць добрага алкаголю і закусіць сушы з ласосем.

Як грамадзяне Расеі перажываюць імпартазамяшчэнне, чытайце ў матэрыяле OBOZREVATEL.

Ні выпіць, ні закусіць

Расейцаў чакае сур'ёзная праблема праз санкцыі. З паліц крамаў ужо зніклі арыгінальныя «марціні, бітэры, вермуты, лікёры». На іх месцы з'явіліся падазроныя напоі, якія вырабляюцца недзе ў Маскоўскай вобласці. Яны ў некалькі разоў таннейшыя, але, са слоў масквічоў, нагадваюць «глог».

Найбліжэйшым часам з крамаў знікнуць і віскі - вытворцы White Horse, Chivas Regal, Jameson, Ballantine's, Jack Daniel's, Woodford Reserve, Old Forester сыходзяць з расейскага рынка. Так што пакуль распрадаюць ранейшыя запасы.

Таксама знікнуць віны з Аўстраліі, ЗША і Новай Зеландыі. «Мы цяпер з кожнай паездкі або камандзіроўкі прывозім добры алкаголь пра запас. Не ведаю, колькі ўсё гэта прадоўжыцца, але я не ўяўляю як мы зможам ладзіць барбекю на дачы летам без улюбёных марціні і віскі», - абураецца жыхарка Піцера Тамара.

Расейскія аматары стэйкаў, сушы і ролаў з ласося таксама неўзабаве могуць забыцца пра іх. Як выявілася, толькі 30% тушак ласося, прыдатных для стэйкаў, вырабляюцца ў Расеі (Карэлія і Мурманск). Астатняе - імпарт, якога праз санкцыі цяпер няма. Няма і тыгравай крэветкі. Таму кухары расейскіх рэстарацый пакуль чухаюць патыліцы.

Да таго ж кошт каштоўнай рыбы і морапрадуктаў сур'ёзна вырас праз дэфіцыт.

Скардзяцца на дэфіцыт ежы

Таксама ў РФ бракуе цукру. Нядаўна салодкі прадукт практычна цалкам знік з прылаўкаў супермаркетаў Растова-на-Доне, Арэнбурга, Чэлябінска. Многія дзівяцца, бо імпартнага цукру ў РФ было не так і шмат.

Тлумачаць гэта тым, што праз санкцыі расейцы кінуліся скупляць цукар, узнік дэфіцыт. У выніку выраслі кошты, а свае ж прадпрымальнікі сталі прытрымліваць тавар, каб яшчэ вышэй узняць цэннікі.

Расейцы ўжо скардзяцца на дэфіцыт ежы. Акрамя дарагіх сегментаў і цукру ў іх знікае соль, у некаторых гарадах перабоі з макаронай і крупамі. Жыхары РФ, адчуўшы дзеянне санкцый, актыўна робяць запасы ежы - скупляюць кансэрвы, тыя ж крупы і макарону, гарбату, каву, раслінны алей.

Таксама пустуюць прылаўкі і з жаночай гігіенічнай прадукцыяй. Яе спрабуюць замяніць расейскімі аналагамі, але пакуль атрымліваецца дрэнна - на іх шмат скарг.

Не ўсе вядомыя сусветныя брэнды, якія вырабляюць сродкі гігіены для дзяцей, дзіцячае харчаванне, бытавую хімію, пакінулі Расею. Але значна скарацілі свой асартымент і павысілі кошты. На гэта вельмі скардзяцца расейцы.

Яны гавораць, што бюджэт на маленькае дзіця, догляд за сабой і элементарную ўборку ў кватэры вырас у 1,5-2 разы. «Сумесі для дзіцяці падаражэлі ўдвая. Памперсы сталі даражэйшымі ў паўтара разы, шампуні таксама выраслі ў кошце. Я не разумею, у сувязі з чым усё гэта? Пры чым тут санкцыі», - абураецца маладая маці Людміла Фокіна.

«Я ўчора пайшла ў супермаркет на закупы і сумелася. Дзіцячае харчаванне цяпер каштуе як у рэстарацыі. Добра, што мы памперсы закупілі яшчэ ў сакавіку, цяпер іх кошт удвая вышэйшы. Спрабавалі айчынныя падпаскі - гэта неба і зямля ў параўнанні з імпартнымі» «Сродкі для мыцця вокнаў, для ўборкі, мыцця посуду проста ў кошце шакуюць. Будзем цяпер вокны мыць газетамі», – кажа мама двух дзяцей з Масквы Вікторыя.

Але пераходзіць на айчынныя тавары расейцы не гатовы. Якасць не тая. Ды і часцяком вытворцы РФ выкарыстоўваюць тыя ж самыя імпартныя кампаненты, якія цяпер падаражэлі.

Ні лекаў, ні іголак

Таксама фармакалогія ў Расеі ўжо на сабе адчула дзеянне замежных санкцый. Расейцам неўзабаве стане праблематычна здаваць аналізы, бо ў краіне-агрэсары бракуе абсталявання, рэагентаў і расходных матэрыялаў для лабараторый.

Пастаўкі ад еўрапейскіх і амерыканскіх кампаній спыніліся.

Так, Расея большую частку прабірак і рэагентаў для агульнага аналізу крыві набывала за мяжой. У РФ не робяць нават іголкі для ўзяцця крыві.

«Мы ніколі не выкарыстоўвалі расейскія тэст-сістэмы для аналізу і дыягностыкі. Таму што яны паказваюць крыва і наперакос. У нашай прыватнай лабараторыі былі толькі амерыканскія і японскія складнікі. Цяпер іх ужо амаль няма. Галоўны лекар загадаў закрыць рэшткі на складзе і выдае толькі для VIP-кліентаў, для астатніх – айчынныя», - распавяла медсястра з клінікі пад Масквой.

Леў Авербах, галоўны лекар прыватнай хуткай дапамогі з Санкт-Пецярбурга, нядаўна заявіў, што нават джэнэрыкі, якія робяць у Расеі, вырабляюцца за кошт імпартных субстанцый: «Аналогія такая ж як з авіяцыйнай галіной - калі няма запчасткі, то самалёт не паляціць. У Расеі вельмі шмат імпартных лекаў, асабліва ад арфанных захворванняў, у нас іх наогул не выпускаюць. Асобная гісторыя з анкалогіяй - найноўшыя сучасныя прэпараты толькі замежныя».

Расейцы скардзяцца, што ў аптэках няма імпартных лекаў для лячэння, напрыклад, хваробы Паркінсона, эпілепсіі, няма гарманальных прэпаратаў для лячэння шчытападобнай залозы, жаночых хвароб. А расейскія аналагі намнога менш эфектыўныя. Ды і кошты іх выраслі праз ажыятажны попыт.

РФ спрабуе закупляць аналагі гэтых прэпаратаў у Кітаі і Індыі, але да іх стаўленне ў расейцаў таксама не вельмі добрае. Многія расейскія аналагі маюць больш пабочных эфектаў, чым імпартныя, напрыклад, нямецкія ці амерыканскія.

Антырасейскія санкцыі таксама адбіліся і на стаматалогіі. Доля імпартнага абсталявання, расходнікаў і матэрыялаў тут складае 90-100%. У выніку значна выраслі кошты стаматалагічных паслуг - ад 30 да 100%.

Няма ў чым сокі прадаваць

Бяда і з пакаваннем у РФ. На прылаўках крам ужо з'явіліся сокі ў белых каробках. Яркія пакеты цяпер няма магчымасці выпускаць праз тое, што кампанія Tetra Pak хоць і не сышла з расейскага рынка, але ўвоз фарбаў і лакаў для афармлення ўпаковак забаронены.

Цяпер у РФ думаюць, а ці не прадаваць усе сокі ў пластыкавых бутэльках.

Антырасейскія санкцыі адчулі на сабе і карыстачы кампутараў. Буйныя замежныя вытворцы пакідаюць расейскі рынак, а запасаў імпартнай тэхнікі на складах выстарчыць толькі да пачатку лета.

Да таго ж скарачаецца колькасць крамаў, якія гандлююць iPhone, цяпер расейцы пераходзяць на кітайскія гаджэты.

Напісаць каментар 14

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках