19 красавiка 2024, Пятніца, 10:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Менску выставілі на продаж вядомы прыватны медычны цэнтр

9
У Менску выставілі на продаж вядомы прыватны медычны цэнтр

Ён знаходзіцца побач з паселішчам Драздамі.

У Менску прадаецца вядомая прыватная клініка "Цэнтр эстэтычнай медыцыны Хіневіч і К". Бізнэс выстаўлены на продаж разам з будынкам, які знаходзіцца проста насупраць Мінск-арэны, побач з паселішчам Драздамі. На гэта звярнуў увагу OfficeLife.

Як гаворыцца на сайце кампаніі, гэта першая і адзіная ў Беларусі прыватная клініка пластычнай эстэтычнай хірургіі ды касметалогіі. Яе адкрыў у 1992 годзе хірург Славамір Хіневіч. Ужо тады тут, упершыню ў Беларусі, пачалі выконваць ліпасакцыі, а ў 1998-м Хіневіч запатэнтаваў уласны спосаб ліпасакцыі, які не мае аналагаў у свеце. Кампанія мае цэлы шэраг ліцэнзій на медыцынскія аперацыі, касметалогію і розныя паслугі.

Новы будынак клінікі быў пабудаваны ў 2011 годзе. У ім пяць паверхаў, у тым ліку цокальны, і 1669 квадратных мэтраў плошчы. На трох паверхах размешчаныя лекарскія і касметычныя кабінеты, гатэльныя і аперацыйныя палаты, канферэнц-зала, дзе можна назіраць за відэатрансляцыяй аперацый. Маецца ўласная кацельня і зона адпачынку. Дадаецца тэрыторыя 20 сотак з відэаназіраннем і аховай.

«Клініка пластычнай хірургіі, роўнай значнасцю якой няма ў Еўропе і на постсавецкай прасторы», - гаворыцца на сайце агенцтва нерухомасці.

Медцэнтр быў выстаўлены на продаж 18 траўня за цану 3,2 млн даляраў. Усё абсталяванне і мэбля ўключаныя ў цану.

Нагадаем, гэты травень стаў вельмі трывожным для беларускіх прыватных медычных цэнтраў. На пачатку месяца Міністэрства аховы здароўя прыпыніла ліцэнзіі "Ладэ" і "Клінікі А1" на медыцынскую дзейнасць, растлумачыўшы гэта парушэннем заканадаўства аб ахове здароўя, санітарна-эпідэмічным дабрабыце і аб ліцэнзаванні. Цяпер у «Ладэ» доўжыцца правяранне, супрацоўнікі ў адпачынку, калі клінікі змогуць адкрыцца - невядома.

А 13 траўня ў медычны цэнтр «Нардын» і да яго заснавальніка Дзмітрыя Сайкова прыйшлі ўжо карнікі з Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК. Як пасля растлумачылі ва ўстанове, у цэнтры знайшлі парушэнні пры правядзенні артапедычнага умяшання і факты ўхілення ад выплаты падаткаў. Пазней у КДК анансавалі новыя правяранні прыватных медычных цэнтраў: нібыта ў іх часцяком завышаюць цэны і накідваюць пацыентам непатрэбныя паслугі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках