18 красавiка 2024, Чацвер, 18:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Геранім Радзівіл: Што вядома пра гэтага яскравага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ?

1
Геранім Радзівіл: Што вядома пра гэтага яскравага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ?

Ён меў шасцітысячнае ўласнае войска, роўнае вайсковым сілам Вялікага княства Літоўскага.

У 1715 годзе 4 траўня нарадзіўся Геранім Фларыян Радзівіл, дзяржаўны дзеяч ВКЛ, мецэнат, заснавальнік Слуцкага тэатра Радзівілаў, піша planetabelarus.by.

Прадстаўнік нясвіжскай лініі магнацкага роду, трэці сын канцлера вялікага літоўскага і нясвіжскага ардыната Караля Станіслава Радзівіла і Ганны Кацярыны, якая паходзіла з роду Сангушкі. Малодшы брат гетмана вялікага літоўскага і ваяводы віленскага Міхала Казіміра Радзівіла Рыбанькі.

Атрымаў хатнюю адукацыю, шмат падарожнічаў за мяжой. Займаў высокія дзяржаўныя пасады, меў шасцітысячнае ўласнае войска, роўнае вайсковым сілам Вялікага княства Літоўскага. Ягоныя гарнізоны былі размешчаныя ў Слуцку (галоўныя сілы), а таксама ў Крычаве, Капылі, Нягневічах, Рубяжэвічах і Беліцы. Геранім Радзівіл арганізаваў войска паводле прускага ўзоры і ўвёў жорсткія пакаранні за самую малую правіннасць. Радзівілаўскія атрады набіраліся з мясцовай шляхты і служылых людзей, а афіцэраў часта запрашалі з-за мяжы.

Геранім Фларыян Радзівіл быў адным з найбагацейшых магнатаў Рэчы Паспалітай свайго часу. Ён пазбягаў грамадскага жыцця Рэчы Паспалітай, у якім актыўна ўдзельнічалі ягоныя сваякі. Не ўдзельнічаў у пасяджэннях сейма.

У 1745 годзе магнаты Патоцкія прапанавалі Гераніму Радзівілу выставіць сваю кандыдатуру на польскі каралеўскі пасад, але ён адмовіўся. Са сведчанняў сучаснікаў, чалавек ён быў эксцэнтрычны, атачаў сябе замежнікамі, у асноўным немцамі, любіў паляваць, гуляць і весяліцца. Заснаваў у Слуцку мануфактуру, на якой рабіліся слуцкія паясы, якія карысталіся вялікай папулярнасцю на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Ён быў вядомы лютасцю і жорсткасцю ў стаўленні да прыгонных сялян і нават дваран. У Бяле-Падляскай і Слуцку былі пабудаваныя турмы, у якія мог патрапіць усякі чалавек, які выклікаў гнеў і незадаволенасць Гераніма Радзівіла.

Заснаваў тэатры ў Бяле-Падляскай і Слуцку (1751 год), артысты для якога рыхтаваліся ў спецыяльнай школе (першай у Рэчы Паспалітай).

З 22 да 28 чэрвеня ў слуцкім тэатры было пастаўлена 5 спектакляў, тры з якіх – нямецкія камедыі, а таксама італійская опера і «камедыя Марынета». У 1759 замест часовага памяшкання ў Слуцку быў пабудаваны сталы «камедыхаўз». Гаспадар Геранім Радзівіл ахарактарызаваў яго так: «Зала для оперы і камедыі збудаваная з вялікай пышнасцю. У ёй поўна люстэркаў, падвешаных і насценных, у партэры лаўкі мякка высланыя і абабітыя сукном, побач такія ж зручныя ложы, для нас жа, больш годных, канапа, абабітая пунсовым аксамітам, багата ўпрыгожаная галунамі і крэпам, каля яе, акрамя звычайнай аховы, стаяць узброеныя гранд-мушкецёры, якія ўяўляюць сабой вельмі бачную фігуру. Тэатр таксама вельмі прыгожы, у яго шмат розных сцэн, якія мяняюцца ў дэкарацыях, прыстойнае месца для аркестра, у якім зручна размяшчаюцца да 40 замежнікаў розных народаў, каб цешыць вуха гледачоў зладжанай мелодыяй». У 1756 г у Слуцку ствараецца прафесійны балет. Сюды з Вены прыязджае Антоні Пуціні і, як мяркуецца, бліскучы французскі танцор і балетмайстар Луі Максіміліян Дзюпрэ - саліст парыжскай оперы, адзін з першых у гісторыі мужчынскага класічнага танца.

У траўні 1760 года 45-гадовы Геранім Фларыян Радзівіл памёр, не пакінуўшы пасля сябе спадкаемцаў. Пасля смерці князя лёс тэатра доўгі час не маглі вызначыць. Тэатр быў закрыты, а ўборы і дэкарацыі былі перавезеныя ў Нясвіж. Балетную трупу аб'ядналі з нясвіжскай. Гэта былі апошнія дні слуцкага тэатра.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках