25 красавiка 2024, Чацвер, 13:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як жывуць бацька і сын Кузнечыкі, якія ўцяклі з Беларусі ў Латвію

8
Як жывуць бацька і сын Кузнечыкі, якія ўцяклі з Беларусі ў Латвію

Яны правялі амаль два гады ў амбасадзе Швэцыі ў Менску.

Віталь і Уладзіслаў Кузнечыкі амаль два гады хаваліся ў амбасадзе Швэцыі ў Менску ад пераследу з боку беларускай міліцыі пасля таго, як Уладзіслаў абараніў бацьку ад сілавікоў, якія збівалі яго на акцыі пратэсту.

У пачатку чэрвеня 2022 года Кузнечыкі змаглі пакінуць амбасаду і ўцяклі ў Латвію, – зноў пераскочыўшы праз плот, на гэты раз на мяжы, – дзе папрасілі прытулку. Гэтага статусу ім трэба чакаць некалькі месяцаў. «Настоящее время» распытала Уладзіслава Кузнечыка пра ягонае здароўе (у Кузнечыка-малодшага было дыягнаставанае анкалагічнае захворванне) і пра тое, як яны жывуць цяпер у лагеры для бежанцаў.

– Што цяпер у вас адбываецца? Які ў вас легальны статус?

– Мы жывем у лагеры адкрытага тыпу для бежанцаў, статусу яшчэ ніякага няма, чакаць трэба яшчэ блізу 5-6 месяцаў.

– Якая фінансавая дапамога вам вылучаецца?

– Фінансавая дапамога – тры еўры на дзень, праезд на аўтобус да Рыгі каштуе 1,15 еўра. Мы за месяц можам выехаць у Рыгу пяць разоў, даюць праязныя. Фінансава вельмі няпроста ў лагеры, хлопцы, якія тут месяц-два, харчуюцца практычна адной бульбай і сухпайком, які даюць на месяц, але яго хапае на дзён пяць-сем.

– Як ідзе справа з анкалагічным абследаваннем? І ўвогуле са станам здароўя?

– У лагеры бежанцаў сур'ёзную меддапамогу прапанаваць не могуць, толькі калі будзе невыносны боль і будзе вельмі дрэнна, тады можна выклікаць хуткую. За тыя амаль два гады, што мы хаваліся ў амбасадзе Швэцыі ў Менску, я прапусціў чатыры абследаванні ў анколага. Таксама ў мяне частковая атрафія глядзельнага нерва.

У бацькі таксама праблемы са зрокам і часта баліць сэрца. Ёсць праблема з зубамі. Тут нам сказалі, што бясплатна зубы не лечым, толькі калі вырваць зуб могуць. За ўсе абследаванні трэба плаціць, ад безвыходнасці мы надумалі адкрыць збор сродкаў. Спадзяемся на дапамогу людзей, якія сачылі за нашай гісторыяй. Усе ашчаджэнні, якія ў нас былі, мы выдаткавалі на падтрымку нашых сем'яў.

Са сваякамі мы не бачыліся ўжо год і дзевяць месяцаў. Больш за ўсё сумуюць дзеці, дачка 8 гадоў і сын 5 гадоў. Кожны дзень стэлефаноўваемся праз відэасувязь, вельмі хочуць хутчэй пабачыцца. На сям'ю цяпер ціску няма. Але невядома, што можа быць далей.

– Калі вы атрымаеце дакументы, якія дазваляюць шукаць працу і пачаць нешта зарабляць?

– Звычайна праз тры месяцы пасля знаходжання ў Латвіі можна працаваць афіцыйна. Толькі бяруць на працу неахвотна, пакуль няма статуту. Плануем пачаць працаваць як мага раней.

– Якія ў вас яшчэ планы, акрамя пошуку працы?

– Самае галоўнае – гэта як мага хутчэй прайсці поўнае медыцынскае абследаванне і лекаванне. Потым зрабіць візы родным, убачыць сям'ю як мага хутчэй. Візы, як высветлілася, не так проста цяпер зрабіць. У консульстве Латвіі мне адказалі, што нам спачатку трэба пачакаць атрымання статусу бежанца.

– Рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца. Кожны дзень людзей затрымліваюць, судзяць, адпраўляюць у калоніі ці на “хімію”. Як па-вашаму, калі і як гэта можа спыніцца?

– Так, рэпрэсіі прадаўжаюцца, я гэта ведаю не толькі з інтэрнэту. У лагеры ёсць беларусы, якім таксама давялося ўцякаць з Беларусі зусім нядаўна. У кожнага свая гісторыя і кожны ў ёй герой. Рэпрэсіі могуць спыніцца толькі звяржэннем усёй незаконнай лукашысцкай сістэмы ўлады.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках