28 сакавiка 2024, Чацвер, 15:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Заробак у сем разоў меншы за ковідны»

8
«Заробак у сем разоў меншы за ковідны»

Як улады падманулі беларускіх медыкаў.

Новая сістэма даплат не верне медыкам заробкаў часоў піка ковіду. Хтосьці з медработнікаў, замацаваных у «чырвоных зонах», зусім атрымае 33 рублі да акладу ў 224 рублі.

З 1 ліпеня медыкам абяцаюць надбаўкі да заробкаў. Маўляў, ковід пайшоў на спад, таму трэба памяняць ковідныя даплаты на нешта іншае, каб заробкі не падалі. На першы погляд сістэма выглядае проста і прыгожа — ва ўсіх заробкі стануць большымі. Праўда, камусьці дадаюць 200% да акладу, а камусьці - усяго 15%. Гэта прадугледжана пастановамі Міністэрства аховы здароўя №57 і №58.

Еўрарадыё паразмаўляла з медыкамі і даведалася, чаму новыя надбаўкі часам абуральна малыя і чаму ў ковідных аддзяленнях стала больш складана.

«Заробак абяцалі падняць да памеру ковіднага. Ужо год чакаем»

Медычная сястра Юлія (імя змененае) не атрымлівае ніякіх надбавак.

- Стаўка - 650 рублёў і ідзі гуляй. Дарэчы, усім абяцалі ж падняць да памеру ковіднага. Ужо год чакаем.

У пік каранавіруса заробак суразмоўніцы даходзіў да 3,5 тысяч рублёў. Цяпер Юлія як сярэдні медработнік атрымала даплату 50% - 325 рублёў. Каб дацягнуць да «ковіднага» заробку, не стае яшчэ 2,5 тысячы рублёў.

Горш справы ў медработнікаў, якія працягваюць працаваць у ковідных аддзяленнях. Асабліва калі гэта санітаркі ці санітары з маленькім акладам. Заробак у такіх спецыялістаў упаў прыкладна ў 7 разоў, а работа лягчэйшай не стала.

- У нас многія незадаволеныя, таму што самыя высокія даплаты - лекарам рэаніматолагам, анестэзіёлагам, медсёстрам. Усё ж лічыцца ад акладу. Напрыклад, у іх аклад 600 рублёў і надбаўка 200 працэнтаў [даплата 1200 рублёў. - Еўрарадыё]. У нас аклад 224 рублі і чамусьці толькі плюс 15 працэнтаў, то бок увогуле несправядліва, — кажа санітарка Аксана (імя змененае).

Даплата для Аксаны складзе 33,6 рубля. Заробак з 1 ліпеня павінны скласці 257,6 рубля. Бюджэт пражытачнага мінімуму ў Беларусі - 311,15 рубля. Пры гэтым Аксана працуе ў ковідным аддзяленні. Раней яе заробак быў у раёне 1500-1600 рублёў.

- Калі я выходжу за дзень, то літаральна на гадзіну, каб паесці. У нас восем палат, і я адна санітарка. У мяне няма часу недзе прахалоджвацца. Фактычна я 12 гадзін знаходжуся ў зоне ва ўсім рыштунку. Гэта вельмі складана.

Хворых на ковід сапраўды менш. Гэта адзначаюць абедзве суразмоўніцы, але праца ў астатніх ковідных аддзяленнях стала цяжэйшай.

- Выпадкаў вельмі мала, але ўсіх хворых да нас вязуць. І гэта ў асноўным цяжкія хворыя, таму што зараз звычайна захворваюць людзі старэйшага ўзросту са спадарожнымі захворваннямі. І яны амаль усе ляжачыя: хтосьці пад кіслародам з памперсамі, з мяшкамі мачавымі. І вось 12 гадзін санітаркам трэба іх выходжваць, пакуль хто пад сябе ходзіць, хто як, - працягвае Аксана.

Бачнасць, быццам «тысячы даляраў набаўлялі»

Мы таксама паглядзелі, што пішуць наконт надбавак у чаце медработнікаў. Некаторыя адзначаюць: калі надбаўкі сапраўды будуць, дык і нядрэнна. Асабліва для спецыялістаў, якія не атрымлівалі ковідных даплат.

Іншыя паказваюць на неэфектыўнасць новай пастановы Міністэрства аховы здароўя:

- Дарагія мае, вы лічыце што дадатак у 200-400 рублёў - гэта вельмі істотна? Калі хто не ведае, то аклады ў лекараў - блізу 350 рублёў, у медсясцёр - блізу 280 рублёў. Вось і лічыце, наколькі мы разбагацеем! Гэта пасыл тым, хто не працуе ў ахове здароўя і думае, што нам тут тысячы даляраў дабаўлялі! Улічваючы яшчэ, што людзі, працуючы з ковідам, атрымлівалі 1500-3500 рублёў зверху. А зараз, калі ў верасні прыйдзе якая хваля, мы будзем працаваць бясплатна, калі будзем працаваць! - абураюцца ў чаце.

Між тым Міністэрства аховы здароўя выказалася аб даплатах так:

- Ковідныя надбаўкі трансфармаваны ў іншыя стымулюючыя выплаты, што дасць магчымасць павысіць заробак усім медычным работнікам, а не толькі тым, хто аказвае медыцынскую дапамогу пацыентам з COVID-19, - паведамляе Міністэрства аховы здароўя.

Мабыць, павышэнне заробкаў сапраўды павінна быць для ўсіх медработнікаў. Бо за красавік сярэднія заробкі ў ахове здароўя склалі 1308,7 рубля бруднымі, а сярэднія заробкі па краіне — 1567,8 рубля.

Незразумела толькі, чаму такая вялікая розніца ў надбаўках для розных адмыслоўцаў. Таксама пытанне, чаму прадугледжанае не проста павышэнне заробкаў, а «стымулюючыя выплаты», якія лёгка адабраць новай пастановай Міністэрства аховы здароўя.

Каму колькі абяцаюць?

З 1 ліпеня лекарам павінны даплачваць мінімум 85% ад акладу, сярэднім медработнікам - мінімум 35% ад акладу.

Даплаты могуць быць большымі. Напрыклад, у прыёмных аддзяленнях стацыянараў, аддзяленнях для пацыентаў з інсультамі, участковай службе паліклінік лекары атрымаюць надбаўку ў 135 працэнтаў ад акладу, а сярэднія медработнікі - 50 працэнтаў ад акладу.

Урачы хуткай дапамогі таксама атрымаюць надбаўкі ў памеры 135 працэнтаў ад акладу, а сярэднія медработнікі - 60 працэнтаў.

Самыя вялікія даплаты - для лекараў анестэзіёлагаў і рэаніматолагаў: 200% ад акладу. Сярэднія медработнікі ў гэтых аддзяленнях атрымаюць да заробку плюс 70% ад акладу.

Малодшым медсёстрам і санітарам прадугледжаныя надбаўкі сумаю 15% ад акладу.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках