18 красавiка 2024, Чацвер, 10:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Вы чулі, што ваш муж страляў у дзіця?»

72
«Вы чулі, што ваш муж страляў у дзіця?»

Экс-верхавод ГУБАЗіКу і ягоная жонка хаваюцца ад журналістаў.

Новыя падрабязнасці стральбы ў сталічным жылым комплексе «Каскад» апублікаваў тэлеканал «Белсат».

На 16-гадовага падлетка, які стаў ахвярай міліцэйскага свавольства, распачалі крымінальную справу. Паводле звестак «Нашай Нівы», дзіця застаецца пад канвоем у вайсковым шпіталі - куля патрапіла ў нагу, ужо зрабілі дзве аперацыі.

А вось экс-начальнік ГУБАЗіку Андрэй Паршын, які стрэліў у падлетка, дагэтуль не затрыманы. Справы ён не каментуе, а СМІ, якія высвятляюць сітуацыю, назваў «бандыцкімі і фашысцкімі».

21-га чэрвеня ў раёне «Каскад» экс-начальнік ГУБАЗіку Андрэй Паршын з мацюкамі прычапіўся да кампаніі дзяцей, якія знаходзіліся ў двары, і спрабаваў іх прагнаць.

Малодшаму з дзяцей было 11 гадоў. Старэйшы з кампаніі, 16-гадовы Яўген, адказаў, што «яны жывуць у свабоднай краіне, і вольныя выбіраць лавачку». Паршын на гэта адказаў гвалтам:

«Схапіў за майку, разарваўшы яе адным рухам, даў хлопцу па твары. Але Яўген - кандыдат у майстры спорту па веславанні, спартыўны хлопец. Ён знайшоў зваротны аргумент, у выніку чаго Паршын апынуўся на зямлі. Падняўшыся, пачаў страляць з пісталета ў дзяцей», - распавёў сведка стральбы.

16-гадовы Яўген быў паранены ў нагу, але менавіта на яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула «Хуліганства». Уначы ў кватэру сям'і ўварваліся з ператрусам губопікаўцы. Цяпер хлопец у вайсковым шпіталі, дзе перанёс дзве аперацыі.

«Тое, што чалавек там знаходзіцца, на жаль, можа выкарыстоўвацца не толькі для таго, каб яго там лячыць, але і для таго, каб пазбавіць туды свабоднага доступу адваката», - адзначае юрыст Міхаіл Кірылюк.

Іншых дзяцей павезлі на міліцэйскіх машынах і пачалі запалохваць, каб яны нікому нічога не расказвалі, бо інакш іх чакае турма. Паршына ж ніхто не затрымаў.

Журналісты спрабавалі паразмаўляць з міліцэйскім начальнікам, на тэлефонны званок адказала ягоная жонка:

- Наталля, вы чулі пра вельмі гучную стральбу…

- З кім я размаўляю?

- Вітаўт Сіўчык, тэлеканал «Белсат».

- Я не хачу размаўляць з тэлеканалам «Белсат»!

- Але вы чулі, што ваш муж страляў у дзіця?

Журналісты «Зеркала» датэлефанаваліся непасрэдна да Паршына, але замест размовы экс-кіраўнік ГУБАЗіКу назваў іх «бандыцкім, фашысцкім і злачынным каналам» і кінуў слухаўку.

«Напэўна, яму няма чаго сказаць. Напэўна, ён не можа, нават такі высокі кіраўнік ГУБАЗіКу, нічога прыдумаць у сваё апраўданне. Бо тут усё занадта відавочна», - кажа юрыст Міхаіл Кірылюк.

Артыкул 29-га закона «Аб міліцыі» наўпрост забараняе выкарыстоўваць зброю ў дачыненні да непаўналетніх, а трэцяя частка 426-га артыкула Крымінальнага кодэкса – «Перавышэнне службовых паўнамоцтваў, сумешчанае з гвалтам», - прадугледжвае пакаранне да 10-ці гадоў зняволення.

Раней Паршын публічна запалохваў беларусаў. Вось што ён заявіў летась у каментары СТВ:

«Шчыра скажу: я не зайздрошчу тым асобам, якія адважацца замахвацца на супрацоўніка міліцыі. Мала не здасца. Адразу папярэджваю: наступствы будуць для вас катастрафічныя».

Характэрна, што да ГУБАЗіку Андрэй Паршын узначальваў упраўленне ўласнай бяспекі, якое тэарэтычна павінна было затрымліваць злачынцаў у пагонах. Але замест гэтага ведамства пачало хапаць грамадзян, якія пісалі каментары з крытыкай ягоных супрацоўнікаў.

Напісаць каментар 72

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках