19 красавiка 2024, Пятніца, 23:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Былы следчы: Відэа, на якім экс-кіраўнік ГУБАЗіКа страляе ў падлетка, выдаляць

18
Былы следчы: Відэа, на якім экс-кіраўнік ГУБАЗіКа страляе ў падлетка, выдаляць

Або проста нікому не пакажуць.

Праўладныя тэлеграм-каналы пацвердзілі, што ў ЖК "Каскад" у Менску адбылася стральба з удзелам экс-кіраўніка ГУБАЗіка Андрэя Паршына. У падлетка з імем Яўген – агнястрэльнае раненне. Сайт zerkalo.io папрасіў былога следчага пракаментаваць, ці меў права Паршын страляць і ўвогуле трымаць пры сабе зброю, калі, як сцвярджалася, ён быў на той момант у адпачынку.

Мы паразмаўлялі і з адным з былых беларускіх следчых. Ён таксама пацвердзіў, што калі Андрэй Паршын знаходзіўся ў адпачынку падчас таго, што адбылося ў "Каскадзе", ён, хутчэй за ўсё, не меў права насіць пры сабе зброю.

– Чалавек можа выпіць, а потым пайсці і стрэліць у кагосьці, таму зброю пры сыходзе ў адпачынак належыць здаваць. Магчыма, ва ўнутраных указах прапісаныя выключэнні для найвышэйшага кіраўніцтва, але такія дакументы звычайна закрытыя, доступу да іх няма.

Былы следчы мяркуе, што ў гэтым выпадку Паршына можна змусіць да адказнасці за незаконнае нашэнне агнястрэльнай зброі, але не за яе ўжыванне.

– Нельга страляць у няпоўнагадовага, але гэта адносны параметр: падлетак можа выглядаць старэйшым, на 18 гадоў, а можа ў 20 гадоў – на 16, пашпарт жа адразу ніхто не пытаецца. Думаю, Паршын і будзе так апраўдвацца. У любым выпадку, нават калі ён трапіўся (у праўладных тэлеграм-каналах прызналі, што гэта страляў менавіта экс-кіраўнік ГУБАЗіКа. – Заўв. рэд.), будуць спрабаваць абвінаваціць ва ўсім хлопца – нібыта той нападаў.

Калі Паршын не назваўся і не паказваў пасведчанне і ўвогуле знаходзіўся ў адпачынку, дзеянні ў дачыненні да яго нельга кваліфікаваць як напад на супрацоўніка ўстановы МУС. Таксама важна, ці была пагроза ягонаму жыццю.

– Верагодна, Паршын скажа, што назваўся супрацоўнікам міліцыі, спрабаваў спыніць супрацьпраўныя дзеянні і на яго напалі, таму ён стрэліў. Нават калі ён не назваўся, любы грамадзянін можа прычыніць нападніку шкоду, не звязаную са смерцю, у рамках самаабароны. Але павінна брацца да ўвагі неабходнасць ужывання зброі – ці была пагроза і наколькі сур'ёзная. Калі яе не было, міліцыянер не меў права страляць. Калі былі дзеянні хуліганскага характару, якія ён спрабаваў спыніць, спачатку мусіў паспрабаваць блакаваць, нейтралізаваць парушальніка сілавымі момантамі, стрэліць у паветра. Зброя супраць чалавека ўжываецца ўжо ў апошні момант, – растлумачыў суразмоўца.

– У прававой дзяржаве следчаму яшчэ трэба даказаць, што нападнік (такім праўладныя тэлеграм-каналы спрабуюць выставіць падлетка. – Заўв. рэд.) быў бандытам, а не пацярпелым. Тут ужо трэба глядзець на відэа з камераў, што адбывалася, ацэньваць рухі цела падлетка і Паршына. Але, думаю, гэтыя відэа выдаляць ці не пакажуць, і разглядаць сітуацыю будуць так: словы Паршына супраць словаў падлетка. Павераць, вядома, першаму: пасля 2020 года як догма дзейнічае прэзумпцыя даверу супрацоўнікам міліцыі.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках