23 красавiка 2024, aўторак, 15:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы расказалі, як харчовыя звычкі французаў і бельгійцаў уплываюць на экалогію

12
Навукоўцы расказалі, як харчовыя звычкі французаў і бельгійцаў уплываюць на экалогію

Улюбёны далікатэс гэтых народаў – жабіныя лапкі.

Паводле зоаабарончай арганізацыі Pro Wildlife, жабы Турцыі, Інданезіі і Албаніі ды іншых краінаў на мяжы знікнення праз празмернае спажыванне жыхарамі некаторых краінаў, піша «Новое время».

Жабіныя лапкі – любімы далікатэс жыхароў Францыі, Бельгіі і Нідэрландаў. Але адлоў земнаводных на тэрыторыі Еўразвязу забаронены, таму жабаў часта даводзіцца імпартаваць з іншых краінаў.

Гэта нясе велізарныя рызыкі для папуляцыі, паколькі аб'ём спажывання сапраўды вялікі і задаволіць запатрабаванні ў жабіных лапках з дапамогай фермаў пакуль не атрымліваецца. Жабаў прывозяць з Інданезіі, В'етнама, Албаніі і Турцыі ў колькасці блізу 200 млн за год.

У краінах-экспарцёрках жабінага мяса хутка можа ўзнікнуць экалагічная катастрофа. Так, паводле звестак навукоўцаў з Кембрыджа, анаталійская вадзяная жаба, якая жыве ў Турцыі, цалкам знікне ўжо да 2032 года.

У іншых рэгіёнах сітуацыя не лепшая – Міжнародны звяз аховы прыроды канстатуе, што амфібіі ўзначалілі спіс відаў, якія найбольш імкліва знікаюць.

Спецыялістка МЗАП Джэніфер Людке, якая вывучае праблемы захавання відаў, што выміраюць, мяркуе, што выратаваць жабаў зможа толькі зрух у грамадскай свядомасці.

Да яе меркавання далучаецца і доктарка Сандра Альтэр, сузаснавальніца Pro Wildlife, патрабуючы ўнесці празрыстасць у механізм увозу жабінага мяса, прапрацаваць пытанне аднаўляльнасці гэтага рэсурсу, а таксама адмовіцца ад негуманных метадаў забойства жабаў.

Доктарка Альтэр настойвае на адмове ад адсякання лапак жабам без анэстэзіі.

Каб забяспечыць жабам прававую абарону, земнаводныя павінны быць уключаныя ў Канвенцыю аб міжнародным гандлі відамі дзікай фаўны і флоры, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення (СІТЭС). У Еўразвязе на гэтую перспектыву глядзяць станоўча.

«ЕЗ гатовы разгледзець магчымасць падтрымкі любых прапановаў аб уключэнні ў спісы, якія зыходзяць ад дзяржаваў арэалу СІТЭС, пры наяўнасці навуковых звестак, якія сведчаць пра пагрозу ўвагі праз міжнародны гандаль», – заявіў прадстаўнік Еўразвязу.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках