29 сакавiка 2024, Пятніца, 1:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Міжнародны валютны фонд прагназуе Беларусі моцнае падзенне ВУП

5
Міжнародны валютны фонд прагназуе Беларусі моцнае падзенне ВУП

Чыноўнікі традыцыйна імкнуцца яго не заўважаць.

Замежныя прагнозы пра тое, што будзе надалей з ВУП нашай краіны, дэманструюць, што "буржуі" зусім не вераць у светлыя перспектывы нашай стабільнасці. Хутчэй за ўсё, сумняваюцца яны таксама і ў тым, што санкцыі толькі робяць нас мацнейшымі, піша праект "Нашы грошы".

Такім чынам, на думку МВФ, эканоміка Беларусі сёлета скароціцца на 6,5%. І ў рэгіёне гэта зусім не мяжа. Эканоміка Расеі, з якой Беларусь пасіўна праводзіць "спецаперацыю", упадзе на 8,9%, а эканоміка Украіны, на тэрыторыі якой ідзе вайна – на 45,1%. Проста для параўнання – у суседняй Польшчы, якая наўпрост не ўдзельнічае ў канфлікце, рост ВУП у 2022 годзе прагназуецца на 3,9% пры сярэднім росце сусветнай эканомікі ў 2023–2024 гадах 3%, г.зн. фактычна Польшча павялічыць сваю дзель у глабальным маштабе.

Надалей эканоміка Расеі прадоўжыць падзенне, але ўжо не так хутка – мінус 2% у 2023 годзе. І толькі ў 2024 магчымы рост 2,2%. У Беларусі сітуацыя іншая. У "плюс" наш ВУП можа выйсці ўжо ў 2023 годзе, праўда, рост складзе ўсяго 1,5%, г.зн. вярнуць падзенне-2022 яўна не атрымаецца. А надалей – усё будзе стабільна... дрэнна. У 2024 годзе наш "эканамічны цуд" дадасць усяго 1,6%, у той час як Украіна можа дадаць 2,1% у 2023 і 5,8% у 2024. Польшча тым часам, пры ўсіх праблемах з бежанцамі, аднаўленнем эканомікі пасля пандэміі ковід, прадоўжыць упэўнены рост, павысіўшы свой ВУП у 2023 годзе на 3,6%, а ў 2024 – на 3,7%.

Пры гэтым прагноз МВФ зыходзіць з таго, што даволі хутка адбудзецца нейкая нармалізацыя сітуацыі ва Украіне. У адваротным выпадку цэлы рэгіён ператворыцца ў чорную дзірку, што метадычна засмоктвае ў нябыт эканомікі ўсе датычныя краіны. І не толькі тыя, хто мае дачыненне, бо цяперашняя сітуацыя таксама паўплывала на перагляд росту сусветнага ВУП у бок зніжэння.

Беручы да ўвагі гэтую агаворку, паглядзіце на графікі яшчэ раз. Звярніце ўвагу, што, калі сёлета баявыя дзеянні закончацца, гэта зусім не значыць, што для Расеі надыходзяць часы "ўздыму з каленяў". Санкцыі здымаюцца больш павольна, чым уводзяцца. Акрамя таго, яшчэ не ўсе з іх пачалі дзейнічаць напоўніцу, гэта значыць негатыўны ўплыў на эканоміку будзе ўсё больш узмацняцца.

А што з Беларуссю? Глыбокае падзенне 6,5% у 2022 годзе абнуліць усе дасягненні "экспартнага цуду" і асаблівага шляху барацьбы з пандэміяй, калі беларускую эканоміку надумалі не спыняць. Як высветлілася – усё дарма. Усходні сусед перакрэсліў сваімі ваенна-палітычнымі дамаганнямі спробы хоць неяк склеіць эканоміку, якая развальваецца. Наш аднаўленчы рост у 2023 будзе ўяўляць з сябе недарэчную спробу прыўзняцца, калі ўсе вакол ужо сышлі далёка наперад. На фоне большасці краінаў рэгіёну мы будзем безнадзейна адставаць усё далей і далей.

Афіцыйныя прагнозы, зразумела, не супадаюць з "буржуйскімі". Параметры прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2022 год прадугледжваюць рост ВУП на 2,9 адсотка, і пакуль не чуваць, каб гэтыя паказнікі былі скарэктаваныя. Зрэшты, можа, яны і скарэктаваныя, проста пра чарговы ўстойлівы адмоўны рост пастанавілі сціпла прамаўчаць.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках