29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Што адбываецца сёння на менскім аўтарынку «Ждановічы»

3
Што адбываецца сёння на менскім аўтарынку «Ждановічы»
ФОТА: ABW

Некалі на рынку збіраліся тысячы аўто, па якія пакупнікі прыязджалі з усёй краіны.

У найлепшыя гады на аўтарынку "Ждановічы" збіраліся тысячы аўтамабіляў, па якія пакупнікі прыязджалі з усёй краіны. Паўсюднае распаўсюджванне інтэрнэту змяніла правілы гульні, і для большасці прадаўцоў рынкі перасталі быць цікавымі. Але калі "Малінаўка" дагэтуль жывая, то ад былой велічы "Ждановічаў" засталіся толькі сляды, піша abw.by.

Цікавасці не назіраецца

Усё самае цікавае на аўтарынку яшчэ 4-5 гадоў таму размяшчалася злева ад ГЦ "Аўтаград", калі глядзець на яго з вуліцы Ціміразева. Там знаходзілася пляцоўка, на якой прадавалі аўтамабілі, а таксама некалькі шэрагаў павільёнаў з аўтазапчасткамі.

Сёння леваруч ад гандлёвага цэнтра велізарны кавалак асфальту, які выкарыстоўваецца для стаянкі, і палевае поле – гіпермаркет, будаўніцтва якога замерла яшчэ ў 2020 годзе.

Каля гандлёвага цэнтра застаўся адзіны шэраг павільёнаў, дзе гандлююць б/у запчасткамі, шынамі, фарбамі, шклом і рознай аўтахіміяй.

Сур'ёзнай пакупальніцкай цікавасці да ўсяго гэтага няма, хоць асобныя людзі па гандлёвым шэрагу праходжваюцца. Відавочна, што большасці такі фармат гандлю сёння нецікавы. Ужываныя запчасткі прасцей набыць на буйной "разборцы", шынных цэнтраў і крамаў з новымі запчасткамі дастаткова па ўсім Менску.

Некаторыя з іх размяшчаюцца проста ў "Аўтаградзе". Але ўнутры гандлёвага цэнтра стройных шэрагаў пакупнікоў таксама не назіраецца. Многія павільёны пустуюць, нейкае жыццё бачнае толькі на трэцім паверсе, дзе размяшчаецца МРА ДАІ.

Менавіта ў МРА сапраўды шматлюдна. Менчукі і жыхары вобласці дакладна любяць чэргі.

Падымаемся на верхні ярус паркінга, каб зрабіць фатаграфіі з вышыні, – і выяўляем пустэчу. Нічога і нікога. Фантазія адразу намалявала тут пару пляцовак для міні-футболу ці тэнісных кортаў.

Лазню не хочаце?

На пляцоўцы справа ад ГЦ размяшчаецца экспазіцыя драўляных лазняў. Прыехаў па машыну, не знайшоў нічога прыдатнага, набыў лазню. Чаму б і не?

Тым больш што выбар аўтамабіляў на рынку "Ждановічы" сёння бедны. Пляцоўку, на якой гандлююць патрыманымі машынамі, перанеслі бліжэй да цэнтру горада яшчэ тры гады таму. Уваход і ўезд на яе ажыццяўляецца з вуліцы Камайскай.

На абгароджанай тэрыторыі выстаўлена крыху больш за сотню аўтамабіляў рознай ступені патрыманасці. Два гады таму машынаў тут было намнога больш.

Аснову прапановы складаюць аўтамабілі ўзростам 10–15 гадоў і старэйшыя.

Сустракаюцца новыя машыны з Еўропы і ЗША, але іх вельмі мала. Не лічылі, але наўрад ці больш за дзясятак.

Мабыць, самы цікавы асобнік – "Запарожац" 1992 года. Машына выглядае нядрэнна, але насамрэч яна ладна патрапаная. А кошт амаль супадае з годам выпуску – 1995 даляраў.

Частка аўтамабіляў, якія прадаюцца, выстаўленая проста на праезнай частцы вуліцы Камайскай.

І вядома ж, класіка жанру – пункт выдачы рахункаў-даведак усярэдзіне старога Hyundai Pony.

Самым ажыўленым месцам на вуліцы была пляцоўка зверкі нумароў. Як і ўнутры МРА ДАІ, тут ладная чарга.

Вердыкт

Аўтарынак "Ждановічы", насуперак шматгадовым чаканням, прадаўжае існаваць і працаваць, але з кожным годам становіцца ўсё менш цікавым для наведвання. Калі ёсць жаданне набыць нядаўна прыгнаную машыну – вам на рынак "Малінаўка", дзе выбар значна большы. Асартымент аўтамабіляў, якія ладна папаездзілі па Беларусі, нашмат разнастайнейшы на Барысаўскім тракце. Новыя запчасткі і дэталі, калі вас з нейкіх прычынаў не задавальняе спосаб заказваць іх анлайн, значна лагічней шукаць на Някрасава, Ляшчынскага або Ваўпшасава, ну а б/у дэталі значна прасцей знайсці на буйных "разборках".

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках