29 сакавiка 2024, Пятніца, 7:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генерал СБУ патлумачыў, навошта Пуцін зноў мяняе кіраўніка ўварвання ва Украіну

8
Генерал СБУ патлумачыў, навошта Пуцін зноў мяняе кіраўніка ўварвання ва Украіну

Украіна мае справу з войскам, якое засталося на ўзроўні 19-20 стагоддзя.

У Расеі чарговым разам змянілі кіраўніка так званай «спецаперацыі». Замест генерала Дворнікава, якога прызначылі кіраваць расейскім войскам у красавіку, цяпер камандуючым акупацыйнымі войскамі ва Украіне будзе Генадзь Жыдко. Такія змены сведчаць аб тым, што расейскае войска функцыянуе паводле таталітарных прынцыпаў, дзе ініцыятыва караецца, а ўсе правалы спісваюць на камандзіраў.

Аб гэтым apostrophe.ua заявіў генерал-маёр запасу СБУ, дырэктар Агенцтва рэфармавання сектара бяспекі Віктар Ягун.

«Я наогул ніколі не чуў гэтага прозвішча. Можа, ён там камусьці вядомы з вузкіх спецыялістаў, якія працуюць што да войска. Але гэта сведчыць у першую чаргу аб тым, што ў Расеі застаюцца верныя ідэям таталітарных дзяржаў, калі ў сітуацыі з невыкананнем тых ці іншых задач вышэйшага кіраўніцтва абвінавачваюць камандзіра, а не саму сістэму таго, што адбываецца на фронце. Гэта значыць, шукаюць вінаватых на ўзроўні выканаўцаў. Гэта раз», - адзначыў Ягун.

Са слоў генерал-маёра запасу СБУ, у расейскім войску кіраўнікі не давяраюць сваім падначаленым. Гэта можа быць на руку Украіне.

«Па-другое, мы чарговым разам пераконваемся, што сталае знаходжанне на лініі агню тых ці іншых кіраўнікоў падраздзяленняў паказвае на недавер да тых, хто выконвае загады. Гэтыя загады не заўсёды сапраўды даводзяцца нават да найніжэйшых звёнаў. Гэта нам у дапамогу і ім на шкоду. Я спадзяюся, што гэтая таталітарная сістэма выканання і кіравання войскамі ў канчатковым выніку дапаможа нам перамагчы гэтую кашчавую армаду, якая заве сябе войскам», - дадаў экспэрт.

Акрамя таго, значная колькасць расейскіх афіцэраў сапраўды знаходзіцца ў баявых парадках проста на лініі фронту.

«Камандныя пункты размяшчаюцца даслоўна на лініі фронту. Апошняя інфармацыя была аб тым, што адзін з пунктаў цяпер знаходзіцца ў 20 кіламетрах. Нават старая савецкая артылерыя можа накрыць гэты камандны пункт. Я так думаю, што яны цяпер павінны яго змяніць, улічваючы, што гэтая інфармацыя стала вядомая ў сацсетках», - прадоўжыў генерал-маёр.

Таталітарная сістэма кіравання войскам вельмі шкодзіць рашыстам, бо яны надта марудна рэагуюць на змены сітуацыі на перадавой.

«Гэта ўсё гаворыць аб вельмі простай рэчы: у іх сапраўды не давяраюць маёр - капітану, капітан - старэйшаму лейтэнанту і гэтак далей. Яны ўсе павінны ўсё кантраляваць, пачынаючы ад генерала і заканчваючы апошнім лейтэнантам, - выкананне ўсяго да крайняй коскі. І гэтая сістэма кіравання ў таталітарным войску вельмі шкодзіць іх магчымасцям прасоўвання, ваенных змен сітуацыі на фронце. Яны вельмі павольна рэагуюць на гэтыя змены. У пераважнай большасці, для таго, каб атрымаць згоду на той ці іншы манеўр, атрымліваюць санкцыі ці ледзь не з самага генеральнага штаба», - растлумачыў Ягун.

На думку экспэрта, такія моманты яшчэ раз паказваюць, што Украіна мае справу з войскам, якое засталося на ўзроўні 19-20 стагоддзя. Іх сістэма вельмі адрозніваецца ад таго, як функцыянуюць украінскія сілы.

«Там увогуле адсутнічае ініцыятыва, бо ініцыятыва караецца. І яна сапраўды прыводзіць да пэўных ахвяр. Гэта зусім іншая сістэма, чым ва ўкраінскім войску. Ва ўкраінскім войску камандзір дае загад і не кантралюе выкананне даслоўна нейкіх дзеянняў. Ён давярае сваім падначаленым, давярае сваім малодшым камандзірам, якія, рэагуючы на тыя ці іншыя змены, прымаюць дакладную пастанову, што дазваляе нам удзельнічаць у актыўнай, сучаснай манеўранай вайне і захоўваць асабовы склад», - рэзюмаваў Ягун.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках