19 красавiка 2024, Пятніца, 9:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Апошняе папярэджанне лукашыстам ад Зяленскага

42
Апошняе папярэджанне лукашыстам ад Зяленскага
УЛАДЗІМІР ЗЯЛЕНСКІ

Беларускі рэжым ужо даўно і сістэмна дзейнічае як паўнавартасны вайскова-палітычны хаўруснік РФ.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся ўвечары 26 чэрвеня на расейскай мове да беларускага народа, заклікаўшы не ўдзельнічаць у вайне супраць Украіны. Ён таксама дадаў, што ўсе лётчыкі, дыспетчары, тэхнікі і іншыя людзі, якія забяспечваюць запуск ракет па Украіне, будуць адказваць за свае злачынствы. Экспэрты прааналізавалі для выдання «Комментарии» гэты зварот і беларускую пагрозу.

Сітуацыя на ўкраінскіх межах будзе яшчэ больш ускладняцца

Кіраўнік праўлення няўрадавай арганізацыі «Майдан замежных спраў», чалец палітрады партыі «Сіла і Гонар» Алег Белакалос акцэнтуе, што беларускі рэжым ужо даўно і сістэмна дзейнічае як паўнавартасны вайскова-палітычны хаўруснік РФ.

У якасці прыкладу ён прыводзіць Вайсковую дактрыну Рэспублікі Беларусь (РБ), зацверджаную яшчэ ў ліпені 2016 года. Там, напрыклад, адзначалася:

«Пытанні арганізацыі выкарыстання вайсковай сілы Рэспублікай Беларусь у мэтах забеспячэння вайсковай бяспекі Саюзнай дзяржавы і яе ўзброенай абароны вызначаюцца міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, падпісанымі з Расейскай Федэрацыяй, і развязваюцца ў складзе рэгіянальнай групоўкі войскаў (сіл) Рэспублікі Беларусь і Расейскай Федэрацыі».

«Больш за тое, – прадаўжае экспэрт, – зацверджаная ў 2021 годзе Вайсковая дактрына так званай саюзнай дзяржавы РФ і РБ павінна яшчэ ўмацаваць адпаведнае ўзаемадзеянне бакоў. Варта таксама згадаць, што яшчэ летась было дамоўлена аб падаўжэнні арэнды расейскіх вайсковых аб'ектаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама анансаваная супольная падрыхтоўка спецыялістаў вайскова-паветраных сіл і супрацьпаветранай абароны».

Алег Белакалос рэзюмуе:

«Відавочна, гэтыя працэсы маюць на мэце стварэнне глыбока інтэграваных расейска-беларускіх узброеных сіл пад камандаваннем Масквы. Адпаведна, сітуацыя на нашых межах будзе яшчэ больш ускладняцца, пагрозы нашай нацыянальнай бяспецы з беларускага накірунку будуць яшчэ больш расці, а РБ будзе ўсё часцей і маштабней удзельнічаць у вайне на баку расейскага агрэсара».

Войска РБ не бачыць ніякага сэнсу нападаць на Украіну. Асабліва пасля таго, як «другое войска свету» саступіла на паўночным кірунку

Палітолаг, экспэрт Аналітычнай групы «Левіяфан» Мікалай Мельнік падкрэслівае, што фактычна Беларусь ужо ваюе супраць Украіны.

«Згодна з нормамі міжнароднага права, РБ — суўдзельнік агрэсіі. Таму што з яе тэрыторыі адбывалася ўварванне, адтуль жа па нас дагэтуль запускаюцца ракеты. Так што Беларусь — краіна, якая дэ-факта ваюе супраць Украіны на баку РФ», – тлумачыць палітолаг.

Прэзідэнт Зяленскі ж кажа аб рызыцы актыўнай фазы, а менавіта - гіпатэтычнага ўварвання непасрэдна беларускіх узброеных сіл на ўкраінскую тэрыторыю. І ён спрабуе гэтаму перашкодзіць, зазначае Мікалай Мельнік.

«Гаворка не пра тое, што мы баімся гэтага ўварвання, адкрыцця другога фронту. Мы гатовыя да ўсяго. Проста Украіна спрабуе захаваць Беларусь як пляцоўку, на якой з часам можна будзе выбудаваць нейкія мірныя перамовы пасля таго, як РФ саступіць у гэтай вайне», – падкрэслівае экспэрт.

Правільным сігналам ён уважае і тое, што Зяленскі выразна пазначыў - усе грамадзяне РФ, РБ і іншых краін, якія ваююць супраць Украіны, панясуць за гэта адказнасць. Рана ці позна.

«Нават калі чалавек проста тэхнічна дапамагаў пуску ракет у бок Украіны – ён ужо камбатант. І мы будзем такіх людзей шукаць па ўсім свеце, а потым разбірацца з імі, згодна з міжнародным вайсковым правам», – адзначае Мікалай Мельнік.

Ён звяртае ўвагу, што РФ расставіла сваіх афіцэраў у беларускай службе бяспекі (КДБ), мае сваё лобі сярод вайскоўцаў РБ.

«Але пытанне ў тым, што асабовы склад беларускіх вайскоўцаў не жадае гэтай вайны. Войска РБ не бачыць ніякага сэнсу нападаць на Украіну. Асабліва пасля таго, як расейскае «другое войска свету» саступіла на паўночным кірунку. Беларусы элементарна не хочуць ператварацца ва ўгнаенне на ўкраінскай зямлі, - тлумачыць Мікалай Мельнік. - Аднак Расея будзе падштурхоўваць Беларусь да агрэсіі. Каб у таго ж Лукашэнкі не было магчымасці весці нейкія перамовы з Захадам, калі РФ пачне адыходзіць. Між тым, Лукашэнка, нягледзячы на ўсю яго ваяўнічую рыторыку, імкнецца максімальна адхіліцца ад гэтай вайны, бо разумее - РФ ужо саступіла, але яму, як Мусаліні (італійскі кіраўнік, хаўруснік гітлераўскай Германіі ў Другой сусветнай вайне), няма куды дзявацца, ён у стане, калі і КДБ, і вайсковымі ў Беларусі фактычна кіруюць з Крамля».

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках