24 красавiка 2024, Серада, 18:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Выпуск з медычных ВНУ сёлета толькі на 45% кампенсоўвае нястачу лекараў

4
Выпуск з медычных ВНУ сёлета толькі на 45% кампенсоўвае нястачу лекараў

Аб гэтым заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя.

У 2022 годзе беларускія медычныя ВНУ выпусцілі 2007 маладых спецыялістаў, з іх 1893 прыйдуць працаваць у дзяржаўныя ўстановы аховы здароўя. Аб гэтым заявіла першая намесніца міністра аховы здароўя Алена Краткова на цырымоніі ўручэння дыпломаў у Беларускім дзяржаўным медыцынскім універсітэце, паведамілі ў прэсавай службе Міністэрства аховы здароўя.

Са слоў Кратковай, кожны 10-ы будучы лекар скончыў навучанне з чырвоным дыпломам.

Размяркоўвалі выпускнікоў у залежнасці ад патрэб клінік. Так, кожны пяты размеркаваны ў менскія паліклінікі ды шпіталі, па 15% - у Гомельскую, Берасцейскую, Менскую вобласці. На астатнія рэгіёны прыпадае па 10% выпускнікоў.

- Але, вядома, гэты выпуск не зможа цалкам задаволіць патрэбы аховы здароўя, - паскардзілася намесніца міністра.

Краткова заявіла, што сёлетні выпуск зможа толькі на 45% запоўніць нястачу медперсаналу, і "звязана гэта з аб'ектыўнымі прычынамі".

Рэч у тым, патлумачыла яна, што ў 2016 годзе набор студэнтаў на медыцынскія спецыяльнасці быў скарочаны на 342 чалавекі. Аднак з таго часу выпускі растуць, а сёлета прыйманне павялічанае яшчэ на 50 бюджэтных месцаў.

Краткова дадала, што ў кожнай установе аховы здароўя патрэба ў кадрах розная: "Дзесьці не стае анэстэзіёлагаў, а, напрыклад, у Магілёўскай вобласці — педыятраў, у Менску ёсць пытанні з лекарамі агульнай практыкі ды хуткай дапамогі".

Каб залучыць медыкаў, паводле ейных слоў, прапрацоўваецца пытанне з жыллём. Напрыклад, прапануецца варыянт выкупіць ва ўласнасць арэнднае жытло пры ўмове працы 15 гадоў у адной медычнай установе.

Таксама разглядаецца пытанне спрошчанага допуску шэрага лекараў-спецыялістаў да сумежнай спецыяльнасці дыягнастычнага профілю. Напрыклад, лекар-эндакрынолаг пасля праходжання спецыяльных курсаў павышэння кваліфікацыі зможа выконваць УГД шчытападобнай залозы, а кардыёлаг - УГД сэрца і г.д.

У стадыі распрацоўкі законапраект аб рэзідэнтуры.

- Ёсць шэраг іншых прапаноў, якія мы разглядаем і плануем ажыццявіць для таго, каб нашай моладзі было матэрыяльна цікава працаваць у ахове здароўя, і яны мелі магчымасць прафесійна ўдасканальвацца і расці, - дадала намесніца міністра.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках