25 красавiка 2024, Чацвер, 20:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сын журналіста Барыса Тасмана: Ён марыў убачыць Беларусь свабоднай

1
Сын журналіста Барыса Тасмана: Ён марыў убачыць Беларусь свабоднай
Барыс Тасман

Барыс Тасман пайшоў з жыцця 25 чэрвеня.

Сын памерлага спартовага журналіста Барыса Тасмана Канстанцін Лашкевіч ушанаваў памяць свайго бацькі тэкстам пра ягоны лёс, погляды і мары.

Нагадаем, што пра смерць Тасмана ў веку 67 гадоў стала вядома 25 чэрвеня. За пэўны час да гэтага ў журналіста выявілі анкалагічнае захворванне.

Доўгі час Тасман працаваў у "Прессболе", дзе пісаў пра лёгкую атлетыку і футбол. Ён таксама супрацоўнічаў "Белгазетой", "Беларускім часам" ды іншымі выданнямі. У 2020-м журналіст напісаў некалькі тэкстаў для "Трыбуны".

Развітанне з Тасманам прайшло ў панядзелак, 27 чэрвеня, аб 11:45 у крэматорыі Паўночных могілак (Навінкі).

- Месяц таму жыццё бацькі прыпынілася. Раптоўны дыягназ лекараў не пакідаў нам надзеі, але ён далей верыў і змагаўся. Пакуль мог. Аточаны любоўю і клопатам блізкіх. Але страшэнная хвароба хутка, увачавідкі разбурала ягоны арганізм.

Ён назапашваў веды [пра спорт] у рэжыме захаплення, каб кардынальна змяніць сваё жыццё ў 40 гадоў. 5 студзеня 1993 года "Прессбол" апублікаваў ягоны першы артыкул з прапановай рэформы чэмпіянату Беларусі ў футболе. Так школьны настаўнік уварваўся ў журналістыку.

Ён распрацаваў і абгрунтаваў рэформу нацыянальнага чэмпіянату, закліканую наблізіць беларускі футбол да еўрапейскага ўзроўню. Змагаўся з допінгам у лёгкай атлетыцы, расследаваў і выкрываў карупцыю на розных узроўнях дзяржаўнай сістэмы, падтрымліваў таленавітых дзіцячых трэнераў і паслядоўна выступаў супраць прывозу «легіянераў» з суседняй краіны на шкоду нацыянальным школам і пабудове шматузроўневай сістэмы падрыхтоўкі. На самым пачатку ліхаманкі з будаўніцтвам лядовых палацаў ён не пабаяўся першым паставіць пад сумнеў гэтае захапленне аднаго чалавека - замест даступнага шмат каму з беларусаў будаўніцтва басейнаў, дзіцячых пляцовак у дварах і да таго падобнага.

Ягоныя энцыклапедычныя веды ўражвалі нават спрактыкаваных калег з розных краін. Аднак галы-балы-сэкунды не былі ягонай галоўнай мэтай. За ўсякім вынікам ён імкнуўся ўбачыць чалавечы лёс, сацыякультурны феномен, гісторыю і палітыку. Напэўна, таму ён арганічна дапасаваўся да рэдакцый легендарных газэт “Свабоды”/“Навін” Ігара Гермянчука і “БДГ” Пятра Марцава, “Беларускага часу” Аляксандра Старыкевіча.

Ён пісаў вострую і смелую грамадска-палітычную публіцыстыку, дзе ўзважана і аргументавана паказваў бязглуздасць і абсурднасць цяперашняга рэжыму. Бо любіў Беларусь, глыбока хваляваўся за ўсё, што адбывалася ў краіне, дзе ягоная сям'я зазнала жахі сталінскіх рэпрэсій, Галакост і дзяржаўны антысэмітызм.

Бацька адзіным з вялікай мішпохі не з'ехаў, каб застацца астатнім Тасманам у тэлефонным даведніку Беларусі. Ён застаўся ў Менску, каб ажыццявіць мары свайго дзяцінства і разам з жонкай Алай (настаўнікам ад Бога і смелым валявым чалавекам) выгадаваць двух сыноў з любоўю да Беларусі, якую марыў убачыць свабоднай, дэмакратычнай, шматкультурнай краінай, з беларускай мовай, шматвяковай гісторыяй і еўрапейскай перспектывай.

На розных этапах свайго жыцця ён змагаўся з несправядлівасцю, глупствам, страхам, абыякавасцю навакольных. Ранні адыход у такі цёмны для Беларусі час выбівае глебу з-пад ног, наводзячы на думку, што ягонае жыццё было барацьбой Дона Кіхота з ветракамі. Шмат што з таго, што ён пабудаваў і за што змагаўся, так і не матэрыялізавалася. Наша галоўная бітва таксама не пераможная. Але ж гэта не канец, праўда? – напісаў Лашкевіч.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках