29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

90% беларускіх фермераў працуюць прыбыткова, а больш за палову калгасаў – стратныя

7
90% беларускіх фермераў працуюць прыбыткова, а больш за палову калгасаў – стратныя
ФОТА: «НАША НІВА»

Больш за ўсё фермерскіх гаспадарак налічваецца ў Менскай вобласці.

Газета "Беларусы і рынак" звярнулася да статыстыкі 2021 года, каб параўнаць, дзе ў сённяшняй Беларусі вясковы прыватны бізнэс больш паспяховы і як ён працуе ў параўнанні з буйнымі сельгасарганізацыямі.

Больш за ўсё фермерскіх гаспадарак налічваецца ў Менскай вобласці, менш за ўсё – у Віцебскай.

Аднак берасцейскія фермеры, хоць і саступаюць у колькасці менскім, зарабілі ў сукупнасці больш выручкі.

Так, фермеры Менскай вобласці ў 2021 годзе зарабілі 245,4 млн рублёў выручкі, а берасцейскай – 310 млн. Берасцейскія фермеры працуюць з лепшымі фінансавымі паказнікамі: прыбытак Берасцейскай вобласці склаў 76,9 млн рублёў, а Менскай у два разы меншы – 39 млн.

Хоць у цэлым прыбыткова працуюць амаль 90 адсоткаў фермераў у краіне. У Берасцейскай вобласці рэнтабельнасць фермерскіх гаспадарак складае 26,8 адсотка. Амаль такая самая высокая рэнтабельнасць і ў Магілёўскай вобласці – 23,7%. Самая нізкая эфектыўнасць на Віцебшчыне – 9,8% рэнтабельнасці.

Знамянальна, што менавіта фермеры Берасцейскай вобласці ў параўнанні з іншымі правінцыямі больш карыстаюцца наёмнай працай. Наёмныя працаўнікі складаюць 67 адсоткаў працоўнай сілы фермерскіх гаспадарак. У параўнанні з Берасцейшчынай гарадзенскія гаспадаркі з'яўляюцца ў большай ступені сямейнымі.

Адзначым, што калі прыватныя фермеры працуюць з высокім прыбыткам і рэнтабельнасцю, то буйныя сельгасарганізацыі краіны гэтым пахваліцца не могуць.

Сярод беларускіх сельгасарганізацый стратнымі з'яўляюцца 55 адсоткаў. У сярэднім яны працуюць з мінімальнай ці адмоўнай рэнтабельнасцю, калі не браць да ўвагі дзяржпадтрымку.

Нягледзячы на эфектыўнасць прыватных фермераў, у сельскай гаспадарцы краіны яны займаюць сціплае месца.

У агульным аб'ёме вытворчасці на іх дзель прыпадае толькі 2,9 адсотка. Фермерскія гаспадаркі карыстаюцца ўсяго 3,5 адсоткамі сельгасзямель. У разліку на адну гаспадарку прыпадае 95 гектараў зямлі.

Беларускія фермеры ў асноўным адказваюць за вырошчванне агародніны і бульбы – гэтыя культуры займаюць 43,6 адсотка ў вытворчасці. Таксама яны забяспечваюць 15 адсоткаў вытворчасці воўны ў краіне.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках