Б'юцца ў агоніі ў лякарнях: параненым акупантам не стае медыкаментаў і ложкаў
7- 29.06.2022, 12:55
- 10,690

Выжыванне пры раненні ў зводным акупацыйным войску не перавышае 30%.
Амаль усе медыцынскія ўстановы на акупаванай Расеяй тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласцей перапоўнены параненымі і траўміраванымі расейскімі вайскоўцамі. Пры гэтым прыём мясцовых баевікоў з так званых "ЛНР" і "ДНР" у бальніцах амаль спынілі.
Пра гэта паведамляе "24 канал" са спасылкай на свае крыніцы ва ўкраінскіх спецслужбах. Са звестак канала, медыцынскія ўстановы на акупаванай частцы Данбаса працуюць у рэжыме палявых шпіталяў і захлынаюцца ад патоку параненых, таму "трохсотых" расейскіх вайскоўцаў ужо даўно вязуць за дзясяткі кіламетраў ад лініі сутыкнення.
"З-за вялізных беззваротных страт у войску Расеі, камандзіры армій ужо даўно аддалі загад аб выдачы першачарговай дапамогі менавіта акупантам. Баевікі з "армій" недарэспублік і мабілізаваныя на Данбасе на нейкае адэкватнае лячэнне спадзявацца наогул не могуць", - гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што праз татальны медыцынскі крызіс у самой Расеі, акупанты былі не здольныя забяспечыць лякарні Данбаса патрэбнай колькасцю медыкаментаў. Акрамя таго, у медыцынскіх установах акупаваных гарадоў Данбаса і Луганскай вобласці не стае кваліфікаванага персаналу.
"Хірургам пад рулямі аўтаматаў часам даводзіцца працаваць без перапынку па 30 гадзін абы выратаваць нейкага чарговага палкоўніка", – паведамляе "24 канал".
Адзначаецца, што адсутнасць у шараговага складу навыкаў тактычнай медыцыны і немагчымасць своечасовага енадання кваліфікаванай дапамогі прывяла да таго, што часцей за ўсё ў медыцынскіх установах параненым банальна ампутуюць канечнасці. Пры гэтым такія аперацыі лічацца простымі і робяцца фельчарамі і медсёстрамі.
"Фактычна выжывальнасць пры раненні ў зводным акупацыйным войску не перавышае 30%. Нават траплянне абломка ў руку з лёгкасцю прыводзіць да адразання канечнасці, распаўсюджвання інфекцыі і цяжкай смерці", - гаворыцца ў паведамленні.
Са слоў мясцовых жыхароў, каля кожнай лякарні на акупаванай частцы Данбаса пастаянна можна пачуць гучны стогн салдат, якія б'юцца ў агоніі.