25 красавiка 2024, Чацвер, 23:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Даярку-ўкраінку дэпартуюць з Беларусі пасля пасквілю ў раённай газеце

30
Даярку-ўкраінку дэпартуюць з Беларусі пасля пасквілю ў раённай газеце
СНЯЖАНА ДЗЯЧОК

Яна ўжо 8 год жыве і працуе ў Гомельскім раёне.

Грамадзянку Украіны, якая ўжо 8 гадоў жыве і працуе ў Гомельскім раёне, хочуць дэпартаваць з Беларусі з забаронай уезду ў краіну на 10 гадоў. Пра гэта стала вядома выданню «Флагшток» пасля прапагандысцкай публікацыі, якая з'явілася ў газеце райвыканкама.

Галоўная рэдактарка рэгіянальнага праўладнага СМІ Ірына Канавалава выступіла на старонках газеты з абвінавачваннямі на адрас Сняжаны Дзячок - работніцы малочнатаварнай фермы, якая ўваходзіць у склад птушкафабрыкі.

Канавалава сярод іншага вядомая тым, што напісала данос на чытача, мясцовага пенсіянера Мікалая Вітыкава, які звярнуўся ў газету са сваімі прапановамі аб канстытуцыйнай рэформе. У выніку ён апынуўся ў СІЗА і быў асуджаны на восем месяцаў арышту.

Гэтым разам прапагандыстка заявіла, што даярка Дзячок «праявіла расізм і самы сапраўдны нацызм». У сваёй публікацыі Канавалава спачатку ганіць Украіну ў цэлым, сцвярджаючы, што «тыя, хто захапіў уладу, перавялі краіну на шлях бандэраўшчыны», а затым «выспелая хваробатворная сістэма ва Украіне прывяла і да ваеннага супрацьстаяння з Расеяй».

А затым яна пераходзіць да прыватнага выпадку: нібыта жыхарка вёскі Клімаўка, якая пераехала з Украіны ў 2014 годзе, «праявіла расізм і самы сапраўдны нацызм».

Канавалава піша, што Сняжане і яе мужу выдалі дазвол на працу, жанчына ўладкавалася на ферму, сям'і выдалі жыллё. А «рэакцыя на гасціннасць была значна пазней і супала з пачаткам расейскай вайсковай спецаперацыі», сцвярджае рэдактарка раёнкі:

«Падаўшыся масаванай эмацыйнай апрацоўцы, жанчына без кроплі сарамлівасці стала паводзіць сябе па-хамску, заклікаючы «страляць расейцаў, а разам з імі і беларусаў». Усё гэта чаргавалася звыклымі выкрыкамі «сала Украіне». На змену падобным «высокамаральным» рэплікам прыйшлі і спевы з такой жа рыторыкай. Іх змест пра «дрэннага прэзідэнта Пуціна», вядома, у перакладзе на нецэнзурную лексіку ўжо магла чуць уся акруга».

Нібыта на жанчыну, якая «працягнула дэманстраваць своеасаблівую «любоў» да Украіны, далучаючы да гэтага і дзяцей», сталі скардзіцца калегі і суседзі, таму «з боку ўправы= грамадзянстве і міграцыі былі далейшыя дзеянні — ануляванне спецдазволу».

Мясцовыя жыхары, якія добра ведаюць пра сітуацыю Сняжаны Дзячок, распавялі Флагштоку, што з боку ўкраінкі немагчымыя не тое што праявы «нацызму», а нават «здаровага нацыяналізму»:

«Яна абсалютна па-за палітыкай і не мае ніякай пазіцыі аб уварванні Расеі ва Украіну. Для яе галоўнае - каб яе дзеці жылі пад мірным небам. Яна ніколі нават намёкам не выказвалася ў падтрымку ўладаў Украіны і ў дачыненні да расейцаў, у тым ліку Пуціна, ніводнага крытычнага слова ад яе не чулі. Мы проста ў шоку ад гэтага артыкула - у ім няма ні слова праўды».

Мясцовыя жыхары ўзгадваюць толькі адну сітуацыю, з якой мог вырасці ком прапаганды:

«Закранулі яе дзяцей. Камусьці падалося, што нібыта яны недзе крыкнулі «Слава Украіне!». Але такое немагчыма, Сняжана сама ніколі гэты лозунг не ўжывае і дзяцей навучыць такому не магла. Яна абараняла сваіх дзяцей, і пасля гэтага пачаліся праблемы».

Як высветлілася, муж Сняжаны атрымаў дазвол на жыхарства ў Беларусі, а сама жанчына кожны раз працягвала гадавую рэгістрацыю. Якраз прыйшоў час рабіць чарговае падаўжэнне, і ў гэтым Сняжане адмовілі.

«Калі яна падала дакументы, у сям'ю пачала прыязджаць міліцыя - правяралі тэлефон, нібыта яна агітуе за вайну і нешта падобнае. Прыязджалі некалькі разоў, нічога не знайшлі. І потым даслалі дакумент з міліцыі - што ніякіх парушэнняў няма. Але замест падаўжэння рэгістрацыі сказалі - вас дэпартуюць».

Са слоў знаёмых Сняжаны, фармальнай падставай для дэпартацыі з забаронай уезду ў Беларусь на 10 гадоў сталі два пратаколы ДАІ. Штрафы былі аплачаныя, але паводле беларускіх законах два адміністрацыйныя спагнанні з'яўляюцца дастатковай падставай для дэпартацыі замежніка.

«Ёй ніхто нічога не патлумачыў, яна прайшла разнастайныя інстанцыі - усюды адмова. Падала ў суд на абскарджанне дэпартацыі і зараз чакае пастановы. З фермы яе не звальнялі і права на працу не забіралі. Сняжана - з Чарнігаўскай вобласці, яе дом там разбурылі падчас цяперашніх абстрэлаў, ёй няма куды ехаць, таму яна спадзяецца застацца ў Беларусі і будзе абскарджваць пастанову да апошняга».

Мясцовыя жыхары таксама падкрэслілі, што ў суседзяў прэтэнзій да Сняжані няма - яны нават давалі на яе станоўчую характарыстыку для суда.

Дарэчы, літаральна ў сакавіку пра Сняжану ў пазітыўным ключы пісала тая ж газета Гомельскага райвыканкама — як пра добрую працаўніцу фермы. А на старонках украінкі ў сацсетках няма ніякіх палітычных допісаў - толькі сямейныя фота.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках