29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Сёння трэба думаць пра стратэгію вызвалення Беларусі

29
Наталля Радзіна: Сёння трэба думаць пра стратэгію вызвалення Беларусі
Наталля Радзіна

Будучыня краіны – у руках беларускіх мужчынаў.

Беларусы павінны працаваць над стратэгіяй вызвалення сваёй краіны, а Захад і Украіна разумець, што Беларусь – ключавая краіна для еўрапейскай бяспекі. Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу "Белсат" заявіла галоўная рэдактарка сайта Charter97.org Наталля Радзіна.

– Мы чуем словы нянавісці ад простых украінцаў, якія, магчыма, не разбіраюцца ў тым, што робіцца ў Беларусі. Напэўна, ад гэтага беларусам, якія змагаюцца за Украіну, не лягчэй. І гэта сапраўды не служыць агульнай справе.

– Я спакойна ставілася б да абвінавачанняў, якія сёння гучаць на адрас беларусаў. Трэба разумець, у якім стане цяпер знаходзяцца людзі ва Украіне пасля Ірпеня, Бучы, пасля Барадзянкі, пасля нядзельных бамбёжак Кіева, Харкава, Чарнігава, пасля здарэння ў Крэменчугу. Гэта жахлівая трагедыя, калі быў разгромлены гандлёвы цэнтр, дзе знаходзіліся тысячы чалавек, а лік загінулых можа ісці на сотні.

Зразумейце, людзі, якія сапраўды страчваюць сваіх блізкіх, у якіх гінуць дзеці, бацькі, мужы, жонкі, у гэтай сітуацыі ім вельмі складана патлумачыць, што насамрэч адбываецца ў Беларусі. Так, яны могуць ненавідзець нас. Але я не стала б спрачацца цяпер з гэтымі траўмаванымі людзьмі, якія праходзяць праз жахі вайны.

Я задумалася б пра іншае. Чаму ва Украіне так мала ведаюць пра тое, што насамрэч адбываецца ў Беларусі?

Бо насамрэч дыктатура ў Беларусі з'явілася не ў 2022-м годзе, калі рэжым Лукашэнкі стаў суагрэсарам і паўнавартасным удзельнікам вайны супраць Украіны. З 1994-га года ў Беларусі кіруе дыктатар. Аднак чамусьці ўкраінскія палітыкі прадаўжалі сустракацца з Лукашэнкам: практычна ўсе прэзідэнты Украіны, пачынаючы ад Кучмы, Віктара Юшчанкі, які прыйшоў на хвалі "Аранжавай рэвалюцыі", якую таксама падтрымлівалі беларусы, Віктара Януковіча (там усё зразумела, да яго пытанняў няма), але потым быў Пётр Парашэнка, які стаў прэзідэнтам пасля "Еўрамайдану", у якім удзельнічалі і які падтрымлівалі беларусы, а першым загінулым стаў беларус Міхаіл Жызнеўскі.

І зноў былі выдатныя стасункі, ішла актыўная гандлёва-эканамічная дзейнасць. Усё было цудоўна ў Пятра Парашэнкі з Лукашэнкам. У Менску праходзілі перамовы паміж сепаратыстамі Данбаса, украінскім бокам і расейскім бакамі. Калі Уладзімір Зяленскі прыйшоў да ўлады, зноў першым, з кім ён сустрэўся, быў Аляксандр Лукашэнка.

Украінскія медыя, на жаль, таксама маўчалі. Яны вельмі мала гаварылі пра тое, што адбываецца ў Беларусі: пра дыктатуру, пра рэпрэсіі, пра знішчэнне свабоды слова, палітвязняў у турмах, пра фальсіфікацыю выбараў, пра тое, што Лукашэнка ўтрымлівае ўладу ўзброеным шляхам і даўным-даўно нелегітымным. Але, тым не менш, ён прадаўжаў заставацца самым папулярным замежным палітыкам ва Украіне. І ўкраінцы цяпер проста шакаваныя: "А як гэта так, гэта ж быў наш любімы палітык!" Вось гэтую злосць і расчараванне яны спаганяюць сёння на простых беларусах, якія, увогуле, сёння апынуліся ў сітуацыі закладнікаў.

Таму што з аднаго боку – у краіне пасля 2020-га года, калі былі жорстка задушаныя мірныя акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў, усталяваўся жорсткі фашысцкі рэжым. З іншага боку – мы сёння яшчэ маем расейскую армію на сваёй тэрыторыі. Краіна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй. І вось гэтыя рэчы складана растлумачыць людзям ва Украіне, якія не ведалі і не хацелі нічога ведаць пра сітуацыю ў Беларусі. І сёння яшчэ з нашага боку на іхнія галовы ляцяць ракеты.

– Зразумела, што ёсць простыя грамадзяне, якія не сачылі за сітуацыяй у нашай краіне, але ўкраінская ўлада, як вы гаворыце, былыя прэзідэнты, усе мелі добрыя стасункі з Лукашэнкам. Дзейны прэзідэнт Уладзімір Зяленскі таксама яшчэ перад вайной з Лукашэнкам сустракаўся. Але цяпер, калі бачна, што Лукашэнка – гэта частка расейскай агрэсіі супраць Украіны, няўжо няма нейкіх ідэй, каб выпрацаваць стратэгію, каб Беларусь была вольнай? Бо гэта таксама ў інтарэсах Украіны, каб на поўначы не было гэтай пагрозы. І згодна з гэтай стратэгіяй неяк звяртацца да беларусаў, якія ваююць за Украіну, якія перажываюць за Украіну, а не толькі ўвесь час кідаць нейкія пагрозы і распальваць нянавісць?

– Стратэгію вызвалення Беларусі ў першую чаргу павінны распрацоўваць самі беларусы. І сёння справа беларускіх мужчынаў – думаць, як нам адстойваць сваю свабоду і незалежнасць. Таму я звяртаюся да беларускіх мужчынаў – думайце, таму што ў вашых руках сёння будучыня Беларусі, яе свабода і незалежнасць, будучыня вашых дзяцей, будучыня вашых сем'яў.

Вядома ж, у гэтай сітуацыі мы спадзяемся на дапамогу і падтрымку Украіны, краінаў Захаду, таму што самім нам справіцца будзе вельмі складана. Але імпульс мусіць зыходзіць непасрэдна ад саміх беларусаў.

Трэба сур'ёзна думаць пра сітуацыю ў сваёй краіне. Не пра тое, каб Захад нам не адмаўляў у візах, каб мы хутчэй з'ехалі з Беларусі, а пра тое, як нам бараніць сваю краіну. І гэта найперш справа беларускіх мужчынаў.

Я захапляюся тымі мужчынамі, якія сёння з'ехалі ва Украіну і якія ваююць у палку Каліноўскага. Сёння трэба думаць пра стратэгію вызвалення Беларусі.

Вядома, можна колькі заўгодна заклікаць беларусаў выходзіць на вуліцы, што робіць у тым ліку і прэзідэнт Зяленскі, але трэба разумець, што выхад на вуліцы сёння не развяжа праблему, на жаль. Беларусы выйдуць на вуліцы, але выйдуць у той момант, калі гэта сапраўды зможа змяніць сітуацыю.

– Вось вы кажаце пра ініцыятыву ад беларусаў. Мы маем прыклады нашых гераічных суайчыннікаў. Гэта і "рэйкавыя партызаны", гэта і тыя, як вы згадалі, беларусы, якія паехалі ваяваць на баку Украіны ў палку Каліноўскага. Таксама была інфармацыя пра прысягу байцоў палка "Пагоня". Але разам з тым, на вашую думку, што яшчэ мусіць здарыцца, каб усё ж нацыянальна-вызваленчы рух меў агульнанацыянальны характар. Каб ва ўсёй нашай Беларусі людзі адчулі ўсё ж такі за сабой нейкую сілу, некаторыя шанцы на змены? Людзі не выходзяць, бо ведаюць, што гэтую сітуацыю не змяніць.

Узнікае іншы альтэрнатыўны крок. Калі вызваленне краіны – то гэта сілавы варыянт са зброяй. Але людзі, нават тыя, хто мае зброю, разумеюць, што быў адзін герой, вось як Андрэй Зэльцэр застрэліў КДБшніка, які ўварваўся ў ягоную кватэру, але сітуацыю гэта не зменіць.

– Трэба думаць, гэта дастаткова сур'ёзнае пытанне. Вельмі добра, што мы ўжо пра гэта гаворым і абмяркоўваем. Падобна, мы апынуліся ў той сітуацыі, калі негвалтоўны супраціў ужо не развяжа праблему і сітуацыю ў Беларусі. Таму што ўпушчаныя былі ўсе магчымасці для негвалтоўнага супраціву. У 2020-м і 2021-м годзе гэта было яшчэ магчыма. Нават у канцы 2021-га года, калі працоўныя заклікалі беларусаў пайсці ў страйк, проста застацца дома. Сёння, калі мы знаходзімся ў сітуацыі вайны, трэба сур'ёзна думаць, трэба, у тым ліку, звяртацца да Захаду. Украіна таксама магла б гаварыць, што беларусы маюць права змагацца за свабоду і за сваю незалежнасць, а значыць, ім патрэбная падтрымка, як і ўкраінцам, у гэтай складанай сітуацыі.

– Але ў адрозненне ад Украіны, у якой частка тэрыторыі знаходзіцца пад расейскай акупацыяй, у іх ёсць і свой дэмакратычны ўрад, нацыянальная дзяржава. У Беларусі, як вы сказалі, акупацыя падвойная.

Гэта значыць, мы маем і расейскія войскі з аднаго боку, а з другога – мясцовага гаўляйтара Лукашэнку з ягонымі апрычнікамі. Калі браць зброю ў рукі і ісці спрабаваць вызваляць Беларусь, гэта выглядае тым, што прывядзе да грамадзянскай вайны, а канфлікт можа прадаўжацца вельмі доўга. І гэты страх таксама ёсць.

– Вядома ж, асцярог вельмі шмат, але паўтараю, што трэба гаварыць пра неабходнасць падтрымкі барацьбы беларусаў і з дыктатурай, і з расейскай акупацыяй.

Найперш, вядома ж, неабходна падтрымліваць полк Каліноўскага, які сёння ваюе ва Украіне. А я ведаю, што сітуацыя ў іх дастаткова цяжкая. Ім не стае літаральна ўсяго, пачынаючы ад абмундзіравання, харчавання і заканчваючы ўзбраеннем. Дапамога патрэбная паўсюдная, гэтыя праблемы трэба насамрэч развязаць.

Патрэбная падтрымка і незалежным медыя, якія працуюць сёння на Беларусь, у тым ліку – даносяць інфармацыю да беларускіх вайскоўцаў, расказваючы ім, што насамрэч адбываецца ва Украіне. Гэта таксама вельмі важная праца і ёй таксама неабходная падтрымка.

Я нядаўна была ў Брусэлі, правяла шмат сустрэчаў і чула, што "вось, мы развяжам пытанне з Лукашэнкам, калі развяжам пытанне з Пуціным". Слухайце, мы пытанне з Пуціным можам вельмі доўга развязваць. Спадзяюся, вядома, што Расея неўзабаве пацерпіць паразу ва Украіне, але гэта не значыць, што аўтаматычна абрынецца рэжым Пуціна. Нават калі мы дапусцім ягоны сыход з палітычнай арэны, беручы да ўвагі, што ў Расеі кіруе сёння такі чэкісцка-мафіёзны рэжым, то хто прыйдзе на ягоную змену?

Можа, на Захадзе ўсё ж зразумеюць, што Беларусь – гэта стратэгічная тэрыторыя, з якой сёння Расея пагражае і Украіне, і краінам NATO: Літве, Латвіі, Польшчы. Можа, мы нарэшце вырвем Беларусь з пуцінскіх лапаў, пазбавім Пуціна гэтага зручнага плацдарму, з якога ён сёння пагражае ўсім.

– Таксама, калі мы гаворым пра ўзброенае паўстанне, для гэтага неабходны высокі ўзровень нацыянальнай самасвядомасці. І ёсць людзі, якія думаюць, што беларусы яшчэ недастаткова аб'яднаныя, грамадства разбітае дыктатурай, што людзі няздольныя так масава супраціўляцца, таму трэба перачакаць неспрыяльны перыяд, заняцца культурнай дзейнасцю, умацаваннем самасвядомасці, а потым, магчыма, гэтае акно магчымасцяў і з'явіцца. Ці бачыце вы супярэчнасці паміж гэтымі двума падыходамі ці ўсё ж такі ў нас не застаецца часу на нейкія дзесяцігоддзі даспявання?

– Так, я ведаю гэты падзел на "пазітывістаў" і "рамантыкаў". Я заўсёды была "рамантыкам" і заўсёды казала, што трэба дзейнічаць. Але ў выніку на 28-м годзе дыктатуры краіна апынулася пад расейскай акупацыяй і з нашай тэрыторыі сёння ляцяць ракеты, якія забіваюць тысячы ўкраінцаў. Таму, вядома, трэба дзейнічаць. Кніжкі можна пісаць, ніхто не перашкаджае, песні таксама можна спяваць. Гэта важна. Але, прабачце, калі мы не будзем дзейнічаць, то будуць прадаўжаць гінуць тысячы і тысячы не толькі ўкраінцаў, але і беларусаў.

– Аднак гэтыя гады "пазітывісцкай" дзейнасці таксама мелі ўсё ж такі свой магутны ўнёсак. У 2020-м годзе людзі паўсталі, бо яны адчулі нейкае адзінства, адзінства агульных інтарэсаў.

– Людзі выйшлі на вуліцы галоўным чынам таму, што былі лідары – Мікола Статкевіч, Павал Севярынец, Яўген Афнагель, многія-многія людзі, якія паказвалі асабістым прыкладам і гаварылі, што без выхаду на вуліцу мы не зможам вызваліць Беларусь. Менавіта таму, што гэтыя людзі апынуліся ў турмах і не змаглі ўзначаліць гэтыя пратэсты, яны былі задушаныя.

– Часта гучаць абвінавачанні на наш адрас, калі мы знаходзімся за мяжой Беларусі, у фізічнай бяспецы. Маўляў, вось, вы там заклікаеце з Варшавы, Вільні, яшчэ аднекуль, а людзі ў Беларусі выходзяць і садзяцца на цэлыя гады. Ёсць такі падыход, ён разбурае гэтую сувязь паміж дыяспарамі і тымі, хто ўнутры краіны.

Ёсць таксама іншы падыход, досвед Францыі ў Другой сусветнай вайне, калі генерал дэ Голь увогуле знаходзіўся ў Лондане і адтуль ствараў Супраціў, фронт за вызваленне Францыі. Наколькі маральна з нашага гледзішча, калі беларускія палітыкі заклікаюць да такіх катэгарычных дзеянняў, знаходзячыся ў бяспецы?

– Я выступаю супраць любога супрацьстаяння, трэба проста разумець, што кожны займаецца сваёй справай.

Выдатна разумею, як рызыкуюць людзі ў Беларусі, менавіта таму і заклікаю думаць пра сур'ёзны стратэгічны план вызвалення Беларусі ад дыктатуры і акупацыі.

Напісаць каментар 29

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках