25 красавiка 2024, Чацвер, 6:59
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Калі курс быў 3,5 рублі за даляр, гаспадыня запатрабавала, каб я плаціла ў далярах»

4
«Калі курс быў 3,5 рублі за даляр, гаспадыня запатрабавала, каб я плаціла ў далярах»

Рэальныя гісторыі ад арандатараў і ўласнікаў жылля ў Беларусі.

Колькасць прапаноў па арэндзе кватэр апошнія месяцы павялічваецца, а лічба ахвочых зняць жыллё наадварот становіцца меншай. «Наша Ніва» пацікавілася, як змяніліся стаўкі ў рэальных лічбах.

Сям'я, якая здымае двухпакаёвую кватэру ў сталічным Уруччы, расказвае, што знайшла прыдатную кватэру і падпісала дамову за два дні да пачатку вайны. Да гэтага яны даволі доўгі час шукалі жыллё ў бюджэце да 250 даляраў, але беспаспяхова.

«Падчас пошуку мы і самі тэлефанавалі гаспадарам, і аб'яву на Onliner размясцілі, што сям'я шукае кватэру, але да лютага нам амаль ніхто нічога не прапанаваў, а тут самі гаспадары патэлефанавалі і запрасілі паглядзець», – успамінаюць суразмоўцы.

Пасля засялення ў кватэру навасельцы не паспелі зняць аб'яву з Onliner - і іх завалілі званкамі з прапановамі.

«Пасля 24 лютага нам пачалі тэлефанаваць амаль штодня, пакуль мы не выдалілі гэтую аб'яву, бо кватэра, у якую мы засяліліся, нам падабаецца і мы не сталі шукаць больш выгадных варыянтаў.

Што тычыцца стаўкі арэнды, то яна ніяк не змянілася, але калі даляр быў пад 4 рублі, то мы дамовіліся, што будзем плаціць суму, эквівалентную 700 рублям. А калі курс стаў ніжэйшым, то сталі зноў плаціць 250 даляраў».

Іншы мужчына здае кватэру ў Менску грамадзянам Украіны, якія ўжо не першы год жывуць у Беларусі. Пасля пачатку вайны, калі рубель пачаў прасядаць, мужчына на 20% зменшыў стаўку арэнды.

«Пасля рубель умацаваўся, але суму арэнднай платы я ўжо не вяртаў на даваенны ўзровень, а пакінуў яго зніжаным», – кажа суразмоўца.

Чытач з Гародні здае вялікую аднапакаёўку з добрым рамонтам. У лепшыя часы ён здаваў яе за 200 даляраў.

«Мой цяперашні арандатар заязджаў у кватэру па стаўцы 170 даляраў, але за апошні год давялося крыху знізіць кошт да 150. З чэрвеня дамовіліся, што ён падоўжыць дамову, але ўжо па 130 даляраў», - кажа суразмоўца.

Мужчына прызнаецца, што вымушаны ісці на саступкі па кошце, бо ў Гародні стаўкі пакрысе падаюць, а колькасць кватэр, выстаўленых для арэнды, расце.

«Калі бачыш, што табе трапіўся адэкватны кватарант, які заўсёды своечасова аплачвае арэнду, падтрымлівае жыллё ў добрым стане і самастойна развязвае дробныя праблемы, то лепш зрабіць зніжку, чым невядома колькі чакаць кагосьці іншага», – падсумаваў суразмоўца.

Другі чытач з Гародні здымае двухпакаёвую кватэру за 150 даляраў. Калі рубель пачаў таннець, то гаспадары самі патэлефанавалі яму з выгаднай прапановай.

«Калі даляр быў пад 4 рублі, уласнік кватэры сам сказаў, што і далей будзе лічыць даляр па 2,5 рублі», — успамінае мужчына.

Многія чытачы звяртаюць увагу, што на перыяд курсавых ваганняў часцей за ўсё абодвум бакам удавалася дамовіцца аб тым, каб, прынамсі, на нейкі час замацаваць стаўку на даваенным курсе.

«Здаём аднапакаёўку за 150 даляраў. Калі курс пачаў расці, то самі патэлефанавалі кватарантам і паведамілі, што не возьмем з іх ні на грош больш, чым раней. І калі што, то на вуліцу таксама не выкінем. Таму нашы арандатары так і разлічваюцца за кватэру леташнім курсам», - дзеляцца людзі.

Яшчэ адзін гаспадар аднапакаёвай кватэры ў Менску ў межах другога кальца кажа, што здае яе за 450 рублёў і не змяняе кошт арэнды з 2020 года.

Амаль усе суразмоўцы з ліку арэндадаўцаў сыходзяцца ў меркаванні, што калі ў кватэры ўжо працяглы час жыве чалавек, які цалкам цябе задавальняе, то лепш пайсці на саступкі ці проста зафіксаваць кошт у рублях. Ніколі загадзя не ведаеш, ці не будзе праблемным наступны кватарант.

Але бываюць і іншыя сітуацыі, як з нашай чытачкай, якая да курсавога скачка здымала аднапакаёўку ў менскім мікрараёне Сухараве за 250 даляраў.

«Калі курс быў 3,5 рублі за даляр, гаспадыня запатрабавала, каб я плаціла ў далярах, яна была не гатовая абмяркоўваць зніжку, абгрунтоўваючы гэта цяжкімі абставінамі. У выніку я з'ехала. Цяпер таксама здымаю вялікую аднапакаёўку (45 м2) у тым жа раёне з добрым рамонтам за 650 рублёў на месяц без прывязкі да валюты».

Паводле статыстыкі Realt.by, за травень колькасць прапаноў па арэндзе кватэр у Менску ў базе партала павялічылася на 5% у параўнанні з красавіком, тым часам як колькасць пошукавых запытаў «зняць кватэру ў Менску» знізілася на 5%.

Агенцтва «Твая сталіца» дае наступныя лічбы: у студзені сярэдні кошт за здымную аднапакаёўку быў 220 даляраў, а ў чэрвені — 194. Двухпакаёўка ў студзені прыблізна каштавала 270 даляраў за месяц, цяпер жа — 247.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках