20 красавiка 2024, Субота, 6:49
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кіраўнік МЗС Латвіі аб удзеле Беларусі ў вайне ва Украіне: Лукашэнка ні на што не ўплывае

8
Кіраўнік МЗС Латвіі аб удзеле Беларусі ў вайне ва Украіне: Лукашэнка ні на што не ўплывае
ЭДГАРС РЫНКЕВІЧС
ФОТА: DELFI

Ён не кантралюе сітуацыю ў краіне.

30 чэрвеня ў Мадрыдзе працягваецца саміт NATO, на якім прысутнічаюць і ўлады краін Балтыі. Журналістка «Зеркала» паразмаўляла з Эдгарсам Рынкевічсам, міністрам замежных спраў Латвіі, каб даведацца, якую ролю Беларусь адыгрывае ў вайне ва Украіне, ці рыхтуецца Латвія да магчымай агрэсіі Пуціна і ці дастаткова ў яе рэсурсаў для супраціву.

- Як вы ацэньваеце імавернасць таго, што Беларусь уступіць у вайну?

- Уступіць? А ці ёсць нейкія навіны, што яна ўступае, за выключэннем таго, што Лукашэнка дазваляе выкарыстоўваць расейскім войскам беларускую тэрыторыю для аперацыі ва Украіне? Шчыра кажучы, мы думаем, што павінны разглядаць Беларусь як вайсковую акругу Расейскай Федэрацыі з пачатку ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны. Мы не думаем, што спадар Лукашэнка кантралюе сітуацыю і можа неяк на яе паўплываць. Калі прымаліся пастановы саміту NATO аб умацаванні Усходняга флангу, Беларусь і Расея з ваеннага пункту гледжання разглядаліся як адно цэлае. І таму мы павінны ўмацаваць і пашырыць прысутнасць нашых саюзнікаў на тэрыторыі і Польшчы, і Літвы, і Латвіі, і Эстоніі.

- Які цяпер статус у Беларусі? Вы разглядаеце яе як суагрэсара?

- Так.

- Улічваючы, якую напружанасць Расея стварае ля сваіх заходніх межаў, якая імавернасць, што Пуцін пачне агрэсію ў дачыненні да вашай краіны?

- Няхай паспрабуе, няхай сунуцца! Я думаю, тыя пастановы, якія тут (на саміце NATO. — заўвага рэд.) прымаліся, усё ж паказваюць, што Альянс і ўсе нашыя хаўруснікі гэта так не пакінуць. Наша першая задача - падтрымліваць Украіну, на саміце ўжо былі дыскусіі наконт таго, што яшчэ можна зрабіць, каб краіна выстаяла супраць расейскай агрэсіі. Да таго ж у нашых краінах з'явіцца больш амерыканскіх вайскоўцаў, будзе ўмацоўвацца супрацьпаветраная абарона. І калі хтосьці ў Маскве думае, што ў іх ёсць ядзерная зброя, няхай не забываюць, што яна ж ёсць і ў Альянсу, у краін з дастатковай моцай. А некаторыя прапагандысты на расейскай тэлевізіі, якія кажуць пра тое, як будуць бамбаваць Нью-Ёрк і Вашынгтон, няхай не забываюцца, што яны ж самі сядзяць у Маскве. З такімі гаспадарамі і спадарынямі трэба размаўляць на той мове, якую яны разумеюць.

- Гэта значыць, вы разглядаеце не проста магчымасць нападу Расеі, але і выкарыстанне ёю ядзернай зброі?

- Альянс зарэзерваваў за сабой права выкарыстоўваць гэтую зброю выключна ў абарончых мэтах. Мы, дарэчы, не пагражаем Расеі ні на тэлевізіі, ні на афіцыйным узроўні. А некаторыя партнёры ў Расеі робяць гэта ўвесь час. Я хацеў бы спадзявацца, што сцэнару, пра які вы кажаце, не будзе. Але мы працуем над тым, каб умацаваць і нашу нацыянальную, і супольную з NATO абарону, каб такія думкі ні ў каго ні ў Расеі, ні ў Беларусі не ўзніклі.

- Вы сказалі "няхай яны толькі паспрабуюць" здзейсніць агрэсію ў дачыненні да вашай краіны. Здаецца, пазіцыя Латвіі, Літвы і Эстоніі хаця б у рыторыцы, але адрозніваецца ад пазіцый некаторых іншых Еўрапейскіх краін. Чаму?

- Ну не, я думаю, ёсць проста некаторыя нюансы: хтосьці камусьці тэлефануе часам, хтосьці нешта яшчэ можа сказаць, але ў пытанні абароны краін NATO адрозненняў у нас няма.

- Ці гатова Латвія да магчымай вайны? Ці дастаткова ў яе рэсурсаў для абароны нават у выпадку ўмацавання вайсковых сіл?

- На гэтым этапе дастаткова, але мы яшчэ павінны правесці пэўную працу, каб усё рэалізаваць. Не выключаю, што нам трэба будзе карэктаваць пастановы і павялічваць колькасць вайскоўцаў. Вы самі бачыце, як хутка мяняецца сітуацыя…

- Ці ёсць імавернасць таго, што Рыга будзе блакаваць магчымае змякчэнне санкцый супраць Расеі, каб дазволіць транзіт санкцыйных тавараў у Калінінград?

- Тут мы ўсё ж павінны ўлічыць адну працэсуальную асаблівасць: санкцыі прымаюцца на некаторы час, затым яны працягваюцца. Гэтая пастанова прымаецца не большасцю галасоў, а аднагалосна. Я б сказаў, мы будзем выступаць за тое, каб санкцыі працягваліся, каб яны не аблягчаліся.

Мы ўжо казалі, што на гэтым этапе Беларусь - гэта агрэсар. Але справа не толькі ў гэтым: мы памятаем, чаму санкцыі ўводзіліся - праз выкраданне самалёт Ryanair, і праз сітуацыю з правамі чалавека і палітвязнямі, і праз тое, што здарылася ў жніўні 2020 года. Мы ўсё гэта памятаем. <…> Я не бачу, што мы можам зараз дайсці да такой кропкі, каб абмяркоўваць палягчэнне санкцый. <…> Такое пытанне не стаіць на палітычным парадку дня. Пакуль я не бачу асновы, каб гэта адбылося…

- І ў дачыненні да Расеі, і ў дачыненні да Беларусі?

- Я не думаю, што змякчаць санкцыі правільна.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках