24 красавiка 2024, Серада, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алег Белакалос: Полк Каліноўскага стаў палітычнай пагрозай для Лукашэнкі

19
Алег Белакалос: Полк Каліноўскага стаў палітычнай пагрозай для Лукашэнкі

Сёння ва Украіне вырашаецца лёс беларускага рэжыму.

Што стаіць за размовамі Пуціна і Лукашэнкі аб ядравай зброі? Як Украіне паспяхова адказваць на пагрозы з боку беларускага дыктатара?

Ці дапаможа Украіна Беларусі на шляху еўраінтэграцыі?

Пра гэта сайт Charter97.org пагаварыў з экспэртам у пытаннях замежнай палітыкі і палітыкі бяспекі фонду "Майдан замежных спраў", экс-дарадцам пасольства Украіны ў Канадзе і Кеніі Алегам Белаколасам.

- Як вы думаеце, ці могуць на тэрыторыі Беларусі з'явіцца ядравыя боегалоўкі?

- Гэта больш прапагандысцкая заява Лукашэнкі. З пункту гледжання разумнага, нармальнага свету - гэта будзе парушэннем міжнароднага права і рэжыму нераспаўсюджання ядравай зброі. Пасля таго, што нарабіла Расея, парушыць яшчэ адно правіла Крамлю нічога не варта. Усё, што можна было парушыць, яны ўжо парушылі. Не здзіўлюся, калі ў нейкі момант Лукашэнка папросіць хімічную ці бактэрыялагічную зброю. Гэта з разраду такіх заяў, якія нічога не мяняюць у рэальнай сітуацыі на сёння.

- У якім выглядзе ядравая зброя магла б з'явіцца ў Беларусі?

- Вядома, яна знаходзілася б пад кантролем Масквы. Няма ніякіх сумневаў. Гэта не той варыянт, калі камусьці могуць нешта дазволіць. Гэтую зброю кантралявалі б расейскія афіцэры, а кнопка была б у вар'ята ў Крамлі. Сумніўна, што ён гэта даверыў бы свайму сябру.

- Ці магчымы ядзерны ўдар з тэрыторыі Беларусі па краінах Захаду ці Украіне?

- І Пуцін, і Лукашэнка страцілі здольнасць адэкватнага ўспрымання навакольнага свету і сваіх краін. Таму яны гавораць рэчы, якія цяжка ацаніць з пункту гледжання разумнага сэнсу. Такія заявы звязаны з тым, што ў свеце, які рэальна ўспрымае сітуацыю, адбываюцца рэчы абсалютна негатыўныя для рэжымаў Расеі і Беларусі.

Перш за ўсё - гэта ўступленне Швецыі і Фінляндыі ў NATO. Змяняецца баланс сіл на паўночна-ўсходнім флангу Альянсу.

З боку дыктатараў - гэта спроба рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, чарговая бравада, выхвалянне. Як у цырку, калі два блазны спрабуюць рассмяшыць публіку, а з боку здаецца, што яны толькі палохаюць. Гэта проста дыялог двух шалёных людзей, невядома, што ім прыйдзе ў галаву. Але пакуль яны знаходзяцца ва ўладзе, на жаль, ёсць людзі, якія гатовы бяздумна выконваць іх указанні. Тут магчымы любыя варыянты.

- Уладзімір Зяленскі нядаўна звярнуўся да беларусаў, заявіўшы, што іх уцягваюць у вайну Расеі супраць Украіны. Гэта змена тактыкі камунікацыі? Бо прэзідэнт Украіны звяртаўся наўпрост да беларусаў.

- Афіцыйных дачыненняў з Менскам няма ўжо даўно. Ніхто тут не ўспрымае Лукашэнку як самастойнага гульца, усе выдатна разумеюць, што ён на падтанцоўцы ў гаспадара Крамля. Цяпер ідзе вайна рэальная і інфармацыйная. Думаю, гэта адзін з элементаў інфармацыйнага ўздзеяння, перш за ўсё - на беларускіх вайскоўцаў. Каб яны паглядзелі, як ва Украіне перамалацілі расейцаў, і не дастаўлялі гора сваім блізкім.

Беларускія вайскоўцы могуць страціць тут жыццё, руку, нагу. Таму ім трэба думаць, перш чым браць зброю ў рукі і ўрывацца на тэрыторыю Украіны. Вядома, гэты зварот трэба было зрабіць раней.

- Шмат у чым Украіна толькі рэагуе на заявы беларускага рэжыму, яго агрэсіўныя дзеянні, а цяпер і зусім рыхтуецца да адбіцця магчымага ўдару з тэрыторыі Беларусі. Ці бачыце вы магчымасць перахапіць ініцыятыву, каб у ролі «адстаючага» ужо быў Лукашэнка?

- Сёння наша краіна знаходзіцца ў няпростай сітуацыі, мы ўсімі сіламі спрабуем стрымаць агрэсію. Цяпер для нас большы прыярытэт складае сітуацыя на ўсходзе. Украіна дзейнічае ў цеснай каардынацыі з сябрамі. Калі раней санкцыі былі толькі ў дачыненні да Расеі, то зараз яны распаўсюдзіліся і на Беларусь. І многія кампаніі ў сваіх прэс-рэлізах указваюць, што яны пакідаюць не толькі Расею, але і Беларусь. Гэтыя дзве краіны зараз разглядаюцца як адзіны і цэласны арганізм.

- Рэжым Лукашэнкі вельмі нервова рэагуе на беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне. Як мага больш эфектыўна выкарыстоўваць полк Каліноўскага, каб нанесці максімальную шкоду беларускаму рэжыму?

- Само існаванне гэтага палка з'яўляецца ідэалагічнай і палітычнай пагрозай для рэжыму Лукашэнкі. Таму не выпадкова адчуваецца гэтая злосць у дачыненні да тых хлопцаў, якія дапамагаюць нам цаной сваёй крыві, сваіх жыццяў. Вялікі ім дзякуй, гонар і хвала. Яны дапамагаюць адстойваць нашу незалежнасць.

Відавочна, шмат хто з іх разумее, што змагаючыся за Украіну, яны змагаюцца за вызваленне Беларусі ад гэтага рэжыму. Калі мы тут сур'ёзна дамо па шапцы Крамлю, то не выключана, што пачне развальвацца беларускі рэжым, які і так ужо вельмі моцна енчыць пад санкцыямі.

- Украіна атрымала статус кандыдата ў ЕЗ. У вас ёсць выдатныя сябры, якія падтрымліваюць вас на гэтым шляху - Польшча, краіны Балтыі. Ці можа Украіна стаць у будучыні такой краінай для Беларусі, калі Менск устане на шлях еўраінтэграцыі?

- Я ўжо казаў, што гэты блок дэмакратычных краін - Украіна, Польшча, краіны Балтыі і Беларусь - у будучыні, у цеснай кааперацыі, у цесным узаемадзеянні з суседнімі краінамі, можа стаць найбольш магутным блокам не толькі ў Еўропе. Мы пакуль самі знаходзімся на гэтым няпростым шляху ў Еўропу. Ёсць яшчэ пэўныя рудыменты савецкіх часоў і некаторыя новыя элементы, якія перашкаджаюць нам развівацца на гэтым шляху. Але мы зробім усё магчымае, каб дапамагчы Беларусі.

Мы бачым Беларусь такой краінай, без якой нармальнае развіццё Усходняй Еўропы наўрад ці магчымае, нават з пункта гледжання звычайнай геаграфіі, не кажучы ўжо пра іншыя аспекты. А Расея – зусім іншая гісторыя. Гэта не Еўропа, і ўсім зразумела, што з ёй будзе іншая размова.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках