23 красавiка 2024, aўторак, 11:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як «ябацька» з Асіповічаў стаў вайсковым злачынцам ва Украіне

27
Як «ябацька» з Асіповічаў стаў вайсковым злачынцам ва Украіне

Акупанта ідэнтыфікавалі.

Пра ўдзел некалькіх соцень беларускіх добраахвотнікаў на баку Узброеных сіл Украіны, якія змагаюцца за незалежнасць Украіны супраць расейскай агрэсіі, ведаюць многія беларусы. Пра ўраджэнцаў Беларусі, якія ўдзельнічаюць на баку расейскага войска, яе хаўруснікаў са складу непрызнаных «рэспублік» і ПВК, інфармацыі амаль няма. «Флагшток» паспрабаваў такіх знайсці.

30 чэрвеня ў сацыяльных сетках актывістаў прарэжымнага аб'яднання РГА «Патрыёты Беларусі» з'явілася інфармацыя аб сустрэчы на плошчы Леніна ў Гомелі акупанта «з перадавой» з самаабвешчанай «ДНР». Дзякуючы адной з фатаграфій «Флагштоку» ўдалося высветліць яго асобу.

Ім выявіўся 46-гадовы ўраджэнец горада Асіповічы Сяргей Ланавенка. Гэты чалавек вядомы беларускім СМІ. Паводле інфармацыі «Еўрарадыё», у 2017 годзе ён у складзе 6 актывістаў маргінальнага расейскага руху НОД выйшаў на пікет з расейскай сімволікай у цэнтры Менска, а ў 2018 годзе, на паведамленні «Нашай Нівы», нібыта быў збіты і атрымаў сур'ёзныя калецтвы за майку з сімволікай «ДНР». Ланавенка занесены ў базу звестак «Міратворца» і «Карнікаў Беларусі».

Паводле інфармацыі сацсетак Ланавенкі зразумела, што ён з'яўляецца заўзятым прыхільнікам рэжыму Лукашэнкі і адраджэння Савецкага Саюза. У другой палове 2010-х гадоў часта бываў на акупаваных тэрыторыях усходу Украіны. Пасля рэвалюцыі 2020 года часта ўдзельнічаў у афіцыйных мерапрыемствах у Беларусі, быў заснавальнікам незарэгістраванай прарасейскай партыі «За Айчыну», займаўся стварэннем казацкага лагера ў Магілёўскай вобласці.

Пасля поўнамаштабнага вайсковага ўварвання Расеі ва Украіну (як мінімум з 4 сакавіка) апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. У некаторых сваіх публікацыях ён паведамляе, што займаецца зборам і размеркаваннем гуманітарнай дапамогі. На размешчаных у сацыяльных сетках фатаграфіях пазіруе з баявой зброяй на фоне расейскай вайсковай тэхнікі з лукашэнкаўскай сімволікай.

У адпаведнасці з дзейным заканадаўствам Беларусі, удзел на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў вайсковых дзеяннях асобы, якая не ўваходзіць у склад узброеных сіл бакоў, што ваююць, і дзейнічае ў мэтах атрымання матэрыяльнай узнагароды без дазволу дзяржавы, кваліфікуецца як наёмніцтва, і караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да сямі гадоў.

Напісаць каментар 27

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках