8 жнiўня 2022, панядзелак, 7:10
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Балгарыя і Расея падышлі да разрыву

10
Балгарыя і Расея падышлі да разрыву

Высылка расейскіх дыпламатаў можа надоўга замарозіць двустароннія стасункі.

70 расейскіх дыпламатаў, высланых на мінулым тыдні ўладамі Балгарыі, 3 ліпеня пакінулі краіну. Напярэдадні іхняга ад'езду амбасадарка РФ у Сафіі Элеанора Мітрафанава абвясціла, што прапануе Маскве наогул закрыць пасольства ў Балгарыі. Гэта прывяло б да разрыву пасольскіх і консульскіх стасункаў паміж Расеяй і Балгарыяй, дзе, паводле балгарскіх звестак, нерухомасць маюць блізу 300 тысяч расейцаў, піша kommersant.ru.

Расейскія дыпламаты разам з сем'ямі, агулам колькасцю 160 чалавек, вылецелі ў нядзелю двума спецыяльнымі рэйсамі з Сафіі ў Маскву. Аб высыланні 70 супрацоўнікаў пасольства РФ, абвінавачаных у шпіянажы, абвясціў у мінулы аўторак балгарскі прэм'ер Кірыл Петкаў, даўшы дыпламатам пяць дзён на зборы.

Высыланне такой колькасці дыпламатаў стала беспрэцэдэнтнай у гісторыі расейска-балгарскіх дачыненняў. Сафія і ў папярэднія тры гады не раз абвяшчала дыпламатаў РФ персонамі нон грата, а ў сакавіку сёлета выслала дзесяць супрацоўнікаў расейскага пасольства, на што Масква нязменна адказвала ўзаемнасцю.

Беспрэцэдэнтнасці цяперашняй сітуацыі дадае і тое, што ўраду Кірыла Петкава, які 28 чэрвеня абвясціў аб высыланні 70 расейскіх дыпламатаў, 22 чэрвеня быў вынесены вотум недаверу ў парламенце. Галасаванне аб недаверы кабінету міністраў ініцыявала найбуйнейшая апазіцыйная партыя GERB экс-прэм'ера Бойка Барысава, якая абвінавачвае ўрад у няўдалай эканамічнай палітыцы.

У дачыненні да РФ Кірыл Петкаў, які ўзначаліў балгарскі ўрад паўгода таму, першапачаткова займаў жорсткую пазіцыю. У лютым ён змяніў міністра абароны краіны за тое, што той адмовіўся называць "вайной" баявыя дзеянні расейскіх войскаў ва Украіне. Прэм'ер цалкам падтрымаў санкцыі ЕЗ супраць РФ, адхіліў магчымасць аплаты расейскага газу ў рублях, даў згоду на рамонт у Балгарыі ўкраінскай баявой тэхнікі. А колькасць супрацоўнікаў пасольства РФ у Сафіі спадар Петкаў не раз называў "празмернай".

Пасля вынясення вотуму недаверу ўраду Кірыла Петкава ў Балгарыі мае быць або сфармаваны новы кабінет, або краіну чакаюць датэрміновыя парламенцкія выбары. У пятніцу прэзідэнт Балгарыі Румен Радзеў даручыў сфармаваць новы ўрад цяперашняму міністру фінансаў Асену Васілеву - на гэта ён мае сем дзён. У выпадку ўхвалення прэзідэнтам новага кабінета трэба будзе яго зацвярджэнне ў парламенце. Пры гэтым спрыяльны для новага ўрада вынік галасавання зусім не гарантаваны.

У пятніцу раніцай Кірыл Петкаў адпрэчыў ультыматум амбасадара, прапанаваўшы Маскве пакінуць дыпламатычныя каналы адкрытымі, нягледзячы на высыланне дыпламатаў. Паводле ягоных слоў, "Расея б і надалей мела ў Сафіі 43 супрацоўнікі пасольства супраць 12 у балгарскім прадстаўніцтве ў Маскве". За "неапраўданы" прынялі ультыматум расейскага пасла і ў ЕЗ.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».