19 красавiка 2024, Пятніца, 6:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Заплаці за кватэру, тэлефон, інтэрнэт - вось і ўся мая пенсія»

1
«Заплаці за кватэру, тэлефон, інтэрнэт - вось і ўся мая пенсія»

Гісторыі нелегальных гандляроў, якія стаяць у раёне менскай Камароўкі.

За гандаль у неўстаноўленых месцах у Беларусі прадугледжаны штраф да 50 базавых адзінак. Нягледзячы на рызыкі, людзі ўсё адно нясуць у падземныя пераходы прадукты, кветкі і рэчы ў надзеі зарабіць капейку да пенсіі на іх продажы. Журналісты myfin.by паразмаўлялі з нелегальнымі прадаўцамі і даведаліся, якія жыццёвыя абставіны штурхаюць іх на вулічны гандаль.

«Учора ледзь прытомнасць не страціла ў полі, дзе кветкі для продажу збірала»

Ля падыходу да Камароўскага рынку стаіць жанчына ў капелюшы з шырокімі палямі. Знаёмімся. Ніна Іванаўна. Прадае яйкі, кроп, шчаўе.

– Жмут кропу – рубель. Мяшэчак шчаўя - паўтара рубля. Дзясятак яек - пяць рублёў. Так, даражэй, чым у краме, але я ж курак камбікормам не кармлю. Купляю для іх зерне, бульбу... На ўсё грошы патрэбны.

Ніна Іванаўна прыходзіць гандляваць на Камароўку раз на тыдзень. Стаіць ужо некалькі гадзін. Колькі ўжо зарабіла, пакуль не лічыла. Сёння ў асноўным купляюць шчаўе.

- Мой самы вялікі заробак тут - 50 рублёў, - успамінае жанчына. - Гэта для мяне як дадатковы даход да пенсіі. Самі разумееце, што яна ў нас невялікая.

Згаджаемся з Нінай Іванаўнай і купляем у яе жмут кропу. Вельмі духмяны. Свой, з агарода.

Ала прадае букеты з валошак. Як тлумачыць жанчына, у яе ёсць сталыя пакупнікі, якія оптам купляюць кветкі па 4 рублі за букет.

- Адной жанчыне прадала 20 букецікаў, другой - 10. Ну, а яны потым па Менску ўвечары будуць прадаваць. У розніцу іншыя кошты. Такі вялікі букецік хачу за 10 рублёў прадаць, гэты меншы - за 5. Ці купляюць? Так, паціху.

Жанчына прызнаецца, што такі від заробку ёй даецца няпроста.

- Учора ледзь прытомнасць не страціла ў полі, дзе кветкі збірала. Такая гарачыня была! Сабраныя валошкі з чатырох вечара да дзвюх ночы ачышчала. А што рабіць? Заплаці за кватэру, тэлефон, інтэрнэт, Zala - і ўся мая пенсія. Добра, калі 100 рублёў застанецца на харчаванне. А як на іх пражыць? - задаецца слушным пытаннем жанчына.

"А што пенсіянеру застаецца рабіць?"

У пераходзе на станцыі метро "Плошча Якуба Коласа" таксама ідзе актыўны гандаль. Сярод саджанцаў, васільковых букетаў заўважаем стракатыя круглыя кілімы.

- Я іх сама звязала шыдэлкам, - распавядае Алена, прадавачцы. - А што пенсіянеру застаецца рабіць? Бо шмат часу вольнага. Такі кілімчык за два дні звяжу, калі не адрывацца. Прадаю за 7 рублёў. Але вось колькі сяджу, ніхто нават не спытаў, - з сумнай усмешкай расказвае жанчына. - А гэта «бодзікі» ад маёй падрослай праўнучкі. Прыходжу сюды разы два на тыдзень, як настрой. Ці ўдавалася мне што-небудзь прадаць? Не, ну хаця б на людзей пагляджу.

Шмат у пераходзе і тых, хто прадае саджанцы хатніх раслін. Адна з такіх прадавачак - 65-гадовая Галіна.

- Гэта я свае кветачкі на зіму абрэзала, каб яны вясной зноў зацвілі. Парасткі выкідваць шкада. Пасадзіла іх. Вось выраслі, а мне ж столькі не трэба кветак. Прадаю ўсё па 3 рублі - герань, бягоніі, фікус…

На пытанне, ці ўдалося нешта прадаць, жанчына з усмешкай адмахваецца і кажа:

- За сёння прадала дзве герані. Хоць 6 рублёў зарабіла. Ну які тут даход? Я ўвогуле прыехала з Івацэвічаў забраць на лета да сябе ўнука. Узяла заадно сюды кветачкі. Бываю тут раз на месяц, можа нават радзей. Бяру з сабой што-небудзь прадаць тут. Хоць нейкая дапамога да пенсіі.

"Пенсія 600 рублёў, а на лячэнне мужа патрэбны грошы"

Самай гаваркой сярод усіх прадаўцоў у пераходзе была Валянціна. Жанчына прадае цацкі, адзенне, торбы і шмат іншых рэчаў, за якімі стаіць свая гісторыя. У кожнага тавару ёсць свой акуратна напісаны ад рукі цэннік.

- Тут мае рэчы, рэчы маіх унукаў, дзяцей і пляменнікаў. Паколькі рэчы прадаюцца вельмі рэдка і дрэнна, то яны неяк залежваюцца, - тлумачыць жанчына. – Вось гэтыя шапачкі звязала мая пляменніца. Яна жыве без мужа, і ёй цяжка адной. Вось прадаю, каб ім капейкай дапамагчы.

Шырокі асартымент тавару Валянціна тлумачыць сваім асаблівым стаўленнем да рэчаў.

- Не паднімаецца рука ў мяне выкінуць усё гэта. Я паваенны чалавек. Нарадзілася ў 1946 годзе. Была чацвёртым дзіцем у сям'і і цану рэчам ведаю.

Жанчына прызнаецца, што гандляваць у пераходзе яе прымусілі жыццёвыя абставіны.

- Пенсія ў мяне 600 рублёў, аднак на лячэнне мужа трэба шмат грошай. Вы думаеце, прыемна мне тут стаяць? Я працавала намесніцай начальніка аддзела тэхнічнага кантролю аднаго вельмі буйнага завода. Тут шмат людзей з вышэйшай адукацыяй. Вунь тая жанчына, напрыклад, настаўніца. Яшчэ адна - загадчыца лабараторыі.

Раней, гадоў 5 таму, я магла прыходзіць сюды хоць кожны дзень, і заўжды нешта куплялі. А цяпер вельмі моцныя канкурэнты сэканд-хэнды. А нам куды ісці?

Завалілі нас ужываным адзеннем з Еўропы, а мы, атрымліваецца, павінны ў пераходзе прадаваць рэчы. У нас толькі адна камісійная крама на ўвесь Менск! Ганяюць нас тут. Штрафы хочуць яшчэ падняць. А лепш бы зрабілі легальны рынак, дзе б мы маглі прадаваць ужываныя рэчы. Думаю, што і гандаль тады пайшоў бы лепей.

Што з камісійнымі крамамі, яна сапраўды адная на ўвесь Менск?

Пасля размоў з прадаўцамі стала зразумела, што людзі наважыаюцца гандляваць у пераходах не ад добрага жыцця. Калі не дазваляе здароўе працаваць на пенсіі, то прадаць кроп са свайго агарода ці непатрэбную рэч, лічы, адзіны спосаб зарабіць.

У той жа час на сталічных рынках выдзяляюцца месцы для гандлю садавіной-гароднінай, якія даступныя для пенсіянераў бясплатна. Але многія героі скардзіліся менавіта на адсутнасць магчымасці гандляваць рэчамі. Практычна адзіны спосаб - здаць іх у камісійныя крамы. Яны ў Менску ўсё яшчэ ёсць, праўда іх засталося зусім няшмат, але дакладна больш за адну.

Змаглі датэлефанавацца ў дзве "камісіёнкі" і даведаліся, якія рэчы яны прымаюць і колькі складае збор.

1. Камісійная крама на вуліцы Маякоўскага прымае рэчы адпаведна сезону ў добрым стане не старэйшыя за тры гады. Не прымаюць дзіцячыя рэчы, абутак на высокіх абцасах, класічныя жаночыя і мужчынскія гарнітуры. Камісійны збор - 45%.

2. Камісійная крама мэблі на вуліцы Ванеева. Прымаюць мэблю і бытавую тэхніку ў добрым стане. Камісійны збор - 39%.

«Камісіёнка» - не адзіная пляцоўка для продажу ўжываных рэчаў. Непатрэбнае адзенне разава (для гандлю на пастаяннай аснове трэба адчыняць ІП) можна прадаць і праз інтэрнэт. Але многія пенсіянеры ад такой прапановы толькі адмахваюцца - занадта складана разабрацца, як гэта працуе.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках