24 красавiка 2024, Серада, 11:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ААН заклікала да салідарнасці ў аднаўленні Украіны

2
ААН заклікала да салідарнасці ў аднаўленні Украіны

Для аднаўлення Украіны можа быць створаны спецыяльны фонд.

ААН заклікала сусветную супольнасць да салідарнасці для пераадолення разбуральных наступстваў вайны Расеі ва Украіне. Адпаведную заяву агучыў у панядзелак, 4 ліпеня, нямецкі дыпламат, дырэктар праектаў Праграмы развіцця ААН (ПРААН, UNDP) Ахім Штайнер (Achim Steiner). Ён выступіў у швэйцарскім Лугана перад пачаткам Канферэнцыі ў аднаўленні Украіны (URC2022). У канферэнцыі ўдзельнічае блізу 1000 прадстаўнікоў краінаў-донараў, міжнародных арганізацый і фінансавых інстытутаў, паведамляе DW.

"Нямеччына падчас сваёй гісторыі таксама адчувала салідарнасць", – адзначыў ён. Дапамога Кіеву не стане празмерным цяжарам для Захаду, мяркуе Штайнер. "У той самы час яна – у інтарэсах самой Еўропы і таксама дапаможа нам не апынуцца ў яшчэ больш катастрафічнай сітуацыі", – падкрэсліў палітык.

Ахім Штайнер перакананы, што і Расею неабходна змусіць да адказнасці. Паводле словаў дыпламата, з дапамогай рэзалюцыі ААН можа быць створаны спецыяльны фонд. У дэталях гаварыць пра гэта – "усё яшчэ крыху заўчасна", дадаў Штайнер, адзначыўшы, што ўся ўвага цяпер "засяроджаная на спыненні баявых дзеянняў". "Пасля гэтага мы падумаем пра фінансаванне рэканструкцыі, у тым ліку – і пра ўнёсак Расеі", – указаў ён. Пры гэтым Ахім Штайнер заклікаў і нямецкіх падаткаплацельнікаў да падтрымкі Кіева.

Шмыгаль: Для аднаўлення Украіны неабходныя не менш за 750 млрд даляраў

У сваю чаргу прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль паведаміў удзельнікам сустрэчы, што для аднаўлення ягонай краіны спатрэбіцца не менш як 750 млрд даляраў (блізу 720 млрд еўраў). Паводле словаў Шмыгаля, фінансаваць гэты працэс варта ў тым ліку са сродкаў расейскай дзяржавы і алігархаў, замарожаных па ўсім свеце ў рамках санкцый супраць Масквы, аб'ём гэтых сродкаў украінскі прэм'ер ацаніў у прамежку ад 300 да 500 млрд даляраў.

План аднаўлення, прапанаваны кіраўніком украінскага ўраду, налічвае некалькі сотняў старонак, паведамляе агенцтва dpa. Ён мяркуе таксама фінансавую падтрымку Украіны іншымі дзяржавамі, прыватным сектарам, а таксама выдачу ёй крэдытаў. Адначасова Дзяніс Шмыгаль заклікаў удзельнікаў сустрэчы ў Лугана як мага хутчэй дапамагчы ягонай краіне аднавіць, дзе гэта экстранна неабходна, водазабеспячэнне і пабудаваць новыя масты замест разбураных.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках