29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Focus: Перамовы з Пуціным не прынясуць мір ва Украіну

3
Focus: Перамовы з Пуціным не прынясуць мір ва Украіну

Баявая рашучасць і мужнасць абароны могуць прымусіць агрэсара сысці з поля бітвы.

Ні Масква, ні Кіеў, ні Захад не зацікаўленыя ў перамовах цяпер, тым больш што войны не абавязкова павінны заканчвацца менавіта так.

Над Нямеччынай блукае здань пад назвай «заканчэнне вайны праз перамовы». Гэтая мантра абапіраецца на тое, што ўжо даўно страчана - на вяршэнства закону. Але Уладзімір Пуцін не жадае ўдзельнічаць у сур'ёзных перамовах. Ён дае загады весці вайну далей. І «сябры міру» нічога з гэтым не могуць зрабіць.

Пра гэта ў сваім артыкуле піша галоўны рэдактар онлайн-падраздзялення выдання Focus Ульрых Райтц, дадаючы, што федэральны прэзідэнт ФРГ Франк Вальтэр Штайнмаер быў апошнім у краіне, які гучна заявіў, што «кожная вайна заканчваецца за сталом перамоваў». Але можна дакладна сказаць, што гэта няпраўда. Гэта міф.

«Слова «перамовы» асацыюецца з дасягненнем балансу, справядлівасці і міру. Але гэта ілжывае ўражанне. Па-першае, войны звычайна заканчваюцца не перамовамі. А па-другое, перамовы не абавязкова прыносяць мір», - піша Райтц.

Напрыклад, ён прапануе разгледзець досвед Польшчы. Падчас Другой сусветнай вайны спачатку яна стала ахвярай пакта паміж Адольфам Гітлерам і Іосіфам Сталінам, якія знішчылі краіну. Пазней Польшча стала ахвярай Сталіна і заходніх хаўруснікаў. На перамовах у Ялце савецкі дыктатар намагаў на тым, каб польская дзяржава адышла пад уладу ягонай імперыі. Амерыканцы і брытанцы пагадзіліся з гэтым падчас перамоваў у Патсдаме ў 1945 годзе.

Польшча страціла амаль палову сваёй тэрыторыі. Як ахвяра вайны. Гэтыя страты былі кампенсаваныя за кошт Нямеччыны. У выніку «пашырэння на захад» сотні тысяч немцаў былі выселеныя. І не толькі таму, што Сталін хацеў, каб некаторыя краіны былі этнічна гамагеннымі. Заходнія хаўруснікі пагаджаліся з ім насуперак правам чалавека. Замест вяршэнства закону сваю ролю адыграла жорсткая сіла факту. Пераможцу ў вайне вызначае сутнасць перамогі, у тым ліку цану міру. Не бывае раўназначных кампенсацый з боку раўнасільных бакоў. Таму ні Расея, ні Украіна цяпер не зацікаўленыя ў перамовах.

Пуцін аддаў загад прадаўжаць вайну. Украіна ж пастанавіла, што будзе працягваць абараняцца супраць расейскай агрэсіі. Заходнія індустрыялізаваныя краіны паабяцалі, што будуць дапамагаць Украіне. Іншымі словамі, прасторы для перамоваў няма. Калі Пуцін пагодзіцца на перамовы, ён не можа быць упэўнены, што яму дазволяць захапіць Данбас падчас гэтага працэсу. Калі Уладзімір Зяленскі пагодзіцца на дыялог, ён таксама не можа быць упэўнены, што верне кантроль над акупаваным расейцамі рэгіёнам. Калі Захад пойдзе на перамовы, яму давядзецца быць гатовым да таго, што Пуцін паспрабуе выставіць цану за ўступленне Швэцыі і Фінляндыі ў NATO.

Мір не наступіць, калі гарматы змоўкнуць

Гэта будзе замірэнне, а не мір. І калі хтосьці і прадэманстраваў магчымасці гібрыднай вайны, то гэта Расея з яе «зялёнымі чалавечкамі» на Данбасе і кібератакамі супраць заходніх дзяржаўных органаў, зрэшты, нямецкага Бундэстага. Таму пакуль прадаўжаюцца баі, ні Расея, ні Украіна, ні Захад не будуць зацікаўленыя ў перамовах. Менавіта таму ўсе адкрытыя лісты ад «сяброўміру» бессэнсоўныя. Таму што яны патрабуюць мір усякім коштам, які магчымы толькі пры ўмове, калі Захад перастане пастаўляць зброю Украіне. Такім чынам, усё зводзіцца да капітуляцыі.

У адкрытых лістах з заклікамі да такога міру сваю пазіцыю апраўдваюць пагрозай «эскалацыі», якая выходзіць за межы пытання аб свабодзе Украіны. Усё чалавецтва можа загінуць праз пачатак ядзернай вайны паміж Масквой і Захадам. Аднак галоўны рэдактар Focus зазначае, што сам падыход такога мыслення памылковы.

«Калі страх перад ядзернай вайной мае такое вызначальнае значэнне, тады NATO трэба неадкладна самараспусціцца, а таксама параіць Польшчы, Румыніі, Вугоршчыне і Усходняй Нямеччыне і краінам Балтыі мірна вярнуцца пад уладу імперыі Пуціна», - піша Райтц, дадаючы, што нават так ніякага міру не будзе. Удасца толькі пазбегнуць выкарыстання ваеннай сілы.

Такі стан рэчаў дырэктар Нямецкага таварыства ў замежнай палітыцы Крысціян Мелінг назваў «беспарадкам без вайны». Гэта прыводзіць да яшчэ адной непрыемнай высновы: свет не можа быць цывільным, ён патрабуе моцнага войска. У часы, калі існуе рэвізіяніст і імперыяліст Пуцін, імкненне дасягнуць міру без зброі наіўнае ці ўвогуле небяспечнае.

Так званыя «сябры міру» любяць рабіць спасылку на нямецкую гісторыю. Але яны забываюцца на дзве важныя рэчы. Нямеччына стала свабоднай ад Гітлера і мірнай дзякуючы тысячам жаўнераў войска хаўруснікаў, якія памерлі ў баях Другой сусветнай вайны. Мелінг адзначае, што сёння людзі больш сканцэнтраваныя на тым, каб не дазволіць уласным краінам стаць парушальнікамі міру, чым на барацьбе з Пуціным, які ўжо стаў рэальным парушальнікам.

Войны могуць заканчвацца і без перамоваў

Гвалт не абавязкова шкодны, ён можа быць нават неабходным. Як ні дзіўна, але міжнародны закон таксама так мяркуе. Войны могуць заканчвацца без мірных перамоваў або капітуляцыі. Баявая рашучасць і мужнасць абароны могуць прымусіць агрэсара сысці з поля бітвы. Бок, які атакуе, можа панесці занадта вялікія страты, каб прадаўжаць вайну. Расейцы, роўна як і амерыканцы, брытанцы, французы, і, вядома ж, немцы мелі такі досвед у мінулым.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках