8 жнiўня 2022, панядзелак, 7:41
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Барыслаў Бяроза: Лукашэнка павінен тэрмінова прайсці псіхіятрычную экспертызу

34
Барыслаў Бяроза: Лукашэнка павінен тэрмінова прайсці псіхіятрычную экспертызу
БАРЫСЛАЎ БЯРОЗА

Падзенне беларускага рэжыму – жыццёва важнае для Украіны.

Толькі вольная Беларусь не будзе ствараць небяспекі і для цывілізаванага свету, і для Украіны.

Такое меркаванне ў інтэрв'ю сайту Charter97.org выказаў сузаснавальнік і былы кіраўнік інфармацыйнага аддзялення партыі "Правы сектар", экс-дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны і сябра ўкраінскай дэлегацыі ў ПАРЕ, палітычны актывіст і баец УСУ Барыслаў Бяроза.

– Украінскія ваяры ўжо 134 дні стрымліваюць наступ расейскіх акупантаў, увесь свет гаворыць пра гераізм украінскага народа. З якой гістарычнай падзеяй вы маглі б параўнаць подзвіг украінскага народа?

– Подзвіг украінскага народа унікальны сам сабой. Мы добра разумеем, што калі возьмуць Украіну – возьмуць і Еўропу. І свет убачыць Трэцюю сусветную вайну ў новым варыянце, толькі не нацызм ужо, а рашызм. Таму подзвіг унікальны сам сабой. І гэта подзвіг не толькі кожнага чалавека, але і ўсяго народа разам узятага. Сёння спыняюць рашыстаў і воіны УСУ, і валанцёры, і добраахвотнікі, і патрыёты з іншых краінаў, і ўсе ўкраінцы разам узятыя.

– У апошні час узмацнілася антыўкраінская істэрыя з боку Лукашэнкі. Нядаўна ён заявіў пра "перахоп украінскіх ракетаў над ваеннымі аб'ектамі Беларусі". Дыктатар шукае падставы для ўступлення ў вайну?

– Лукашэнку неабходна тэрмінова прайсці псіхіятрычную экспертызу і пачаць прымаць таблеткі, якія яму выпішуць. Тады ён зможа пазбавіцца ад галасоў, якія ён чуе, ад ракетаў, якія ён бачыць, а таксама ад трызнення, якое ён нясе. Апроч яго гэта ніхто не бачыць і не чуе. А калі сур'ёзна – яму не патрэбная прычына. У пэўны момант, калі Лукашэнка зламаецца, не вытрымае ціску з боку Пуціна, ён проста будзе выконваць усе загады для таго, каб застацца ва ўладзе. Гэта самае галоўнае для яго на сёння. Утрымацца ва ўладзе Лукашэнка можа толькі на штыках расейскага войска і сваіх спецслужбаў. Гэта два складнікі ягонага знаходжання ва ўладзе.

Таму цяпер ён стрымліваецца, разумеючы, што ўвайшоўшы ў вайну ён паскорыць сваё падзенне. І не толькі таму, што гэта будзе катастрофай для Беларусі. Для беларусаў, я ўжо шмат разоў казаў, галоўная парадыгма жыцця – гэта "абы не было вайны". Лукашэнка парушыць гэты складнік і пяройдзе ў складнік, які блізкі да расейцаў – "можам паўтарыць". Як толькі беларусы атрымаюць першыя сотні і тысячы трупаў сваіх сыноў, братоў, бацькоў, мужоў, – гэта можа прывесці да такіх хваляванняў, якія не толькі змятуць рэжым Лукашэнкі, але і кардынальна зменяць сітуацыю ў Беларусі.

Сам Лукашэнка гэта разумее, таму адтэрміноўвае свой удзел у вайне да максімуму. Ён баязлівец, але ён прагматычны баязлівец. Лукашэнка разумее, што пачатак вайны – гэта канец ягонай кар'еры.

– Пераважыць баязлівасць перад уласным народам ці боязь Пуціна?

– Пагроза ўступлення Беларусі ў вайну больш чым рэальная. Але тыя складнікі, якія ёсць у Беларусі сёння, не могуць фактычна ўвайсці паўнавартасна на тэрыторыю Украіны. Яны будуць ствараць напругу, яны будуць канфліктаваць на нейкіх пунктах, вызначаных месцах. Асноўная задача войскаў Беларусі – звязаць рэзерв, які знаходзіцца на мяжы з Беларуссю, не даць перакінуць яго на Данбас і выкарыстоўваць для контрнаступу на расейцаў. Гэта адзіная рэч.

Беларусаў будуць выкарыстоўваць у якасці гарматнага мяса. Яны будуць падыходзіць, іх будуць расстрэльваць з гарматаў, з артылерыі, чаго дастаткова ў вялікіх колькасці там знаходзіцца. І далей яны будуць адыходзіць, зноў наступаць і зноў адыходзіць. Беларусы будуць для Пуціна выдаткоўным матэрыялам – ні больш ні менш. Ці ёсць такая магчымасць? Так, ёсць, пагроза існуе. Наколькі яна верагодная? 50 на 50.

– Ці варта Украіне цалкам разарваць дыпламатычныя і эканамічныя стасункі з рэжымам Лукашэнкі?

– Мы павінны былі даўно ўжо правесці люстраныя дзеянні як у дачыненні да Расеі, так і ў дачыненні да лукашысцкай Беларусі. Аднавіць стасункі мы зможам з вольнай і незалежнай дзяржавай. Тое, што цяпер адбываецца, гэта толькі нейкія незразумелыя дзеянні.

Таксама павінна быць увядзенне візаў, візавага рэжыму, бо з беларускімі пашпартамі могуць заходзіць і прадстаўнікі расейскіх спецслужбаў.

– Калі цалкам разарваць стасункі з рэжымам Лукашэнкі, то якой павінна быць новая палітыка Кіева ў дачыненні да Беларусі?

– Гэта не стасункі з Беларуссю, гэта стасункі з рэжымам, як і стасункі з рэжымам Пуціна і Крамля. Беларусь нам цяпер не брацкая дзяржава, не сяброўка, не партнёрка і не хаўрусніца. Суседка? Так, але цяпер – варожая суседка. І гэта трэба ацэньваць з гледзішча інтарэсаў дзяржавы. Мы дакладна разумеем, што на сёння рэжым, які кіруе суседняй дзяржавай, абсалютна варожы Украіне, таму і ставіцца да яго трэба як да варожага рэжыму. Дапамога ў падзенні гэтага рэжыму жыццёва важная для Украіны, як і жыццёва важная для самой Беларусі. Толькі вольная Беларусь можа спакойна развівацца і не ствараць небяспекі і для цывілізаванага свету, і для Украіны.

– Наколькі рэалістычны сцэнар стварэння войска вольнай Беларусі на тэрыторыі Украіны?

– Гэта павінны рабіць самі беларусы, яны могуць гэта зрабіць. Без жадання саміх беларусаў ніхто нічога рабіць не будзе. Беларусы самастойна могуць узняцца, арганізавацца і дамагчыся вынікаў. Гуляе ролю толькі жаданне беларускага народа. Менавіта яно з'яўляецца асноватворным ва ўсіх дзеяннях.

Калі беларускі народ захоча, у яго ўсё атрымаецца. Калі беларускі народ застанецца пасіўным і гатовым цярпець рабскую рэальнасць, якую цяпер фактычна прапануе Лукашэнка і Пуцін для беларусаў, – тады гэта іх выбар.

– У апошні час паміж беларусамі і ўкраінцамі ўзнікае шмат узаемных папрокаў і непаразуменняў. Ці атрымаецца ў нашых народаў усё пераадолець і разам рухацца ў бок Еўропы?

– Я не абагульняю ўсіх беларусаў, памятаю тых беларусаў, якія пускалі цягнікі пад адхон, беларусаў, якія публічна выступалі супраць вайны, беларусаў, якія ваююць на баку Украіны, памятаю ўсіх беларусаў, якія дапамагалі ў інфармацыйнай прасторы ці на полі бою, тых, якія не засталіся абыякавымі да вайны і ўварвання Расеі ва Украіну. Таму не трэба ўсіх абагульняць.

Аднак даволі вялікая колькасць беларусаў маўкліва падтрымлівае рэжым Лукашэнкі, нехта са слабасці, нехта з баязлівасці, нехта з абыякавасці. У кожнага свая рацыя. Яны павінны ўсвядоміць, што яны суўдзельнікі гэтага злачынства. На жаль, гэта так. Так, мы ведаем, што ў Беларусі народ запалоханы, закатаваны, усё трымаецца пад кантролем спецслужбаў. Фактычна там дыктатура, але жаданне быць вольнымі павінна перамагчы ў беларусаў. І гэта будзе першы крок да ачышчэння, першы крок да наладжвання стасункаў з Украінай.

Спампоўвайце і ўсталёўвайце мэсэнджар Telegram на свой смартфон або кампутар, падпісвайцеся (кнопка «Далучыцца») на канал «Хартыя-97».